Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Калі ёсць талент верыць, прага да ісціны, гэтыя веру і ісціну можна адшукаць не тое што ў Евангеллі, а ў маіх апавяданнях пра калгасы і пра паліцаяў. Ёсць, хто не ўмее іграць на скрыпцы, не ўмее араць, касіць, танцаваць балет, пісаць апавяданні, — а я не ўмею верыць; дык у чым мой грэх?
«И приводили к Нему всех немощных, одержимых различными болезнями и припадками, и бесноватых, и лунатиков, и расслабленых, и Он исцелял их»; «воскрешает дочь Иаира, дарует зрение двум слепым, исцеляет немого бесноватого, дает апостолам власть творить чудеса, исцеляет сухорукого, исцеляет одержимого слепого и немого, исцеляет дочь Хананеяки и множество других, семью хлебами и пятью рыбками насыщает 4 тысячи человек, идет по воде к своим ученикам, воскресший, является ученикам на горе»…
І што ж?
«И, увидевши Его, поклонились Ему; а иные усумнились».
Езус Свенты! Пасля ўсяго — усумніліся?! А мне, чалавеку канца XX — пачатку ХХІ стагоддзя, які нават уявіць сабе не можа ніводнага з гэтых дзівосаў, трэба верыць на слова!
Калі б Бог сапраўды быў Дабро, калі б ён хоць трохі любіў людзей, яму трэба было б рабіць пагулянкі па вадзе перад кожным новым пакаленнем. Здавалася б — чаго прасцей: спусціцца летнім днём у вобразе анёла на Камсамольскае возера, на Фінскі заліў, Гудзон, даць сябе сфатаграфаваць і знікнуць, растварыцца — больш нічога. I чалавецтва выратавана навечна. Шчаслівыя, як дзеці, людзі радасна жывуць, радасна паміраюць, радасна хварэюць, адчуваюць сябе зброяю ў нечых добрых руках, нічога і нікога не баяцца, мозг не забіты, каго б абдурыць, абакрасці, абрабаваць, хутчэй усім насалодзіцца, войнаў няма, гора няма, фізічная праца робіцца неабходная, як ежа, культура, літаратура, мастацтва ствараюцца ў часы найвышэйшага экстазу захаплення перад веліччу Вечнасці…
Як сонца, што толькі што свяціла ў акно, і вось знікла, і следу няма.
III
Жнівень быў добры — ціхі, сонечны.
Ён пачаў жыць у сцёбцы. Рана клаўся спаць, рана ўставаў — ішоў у блізкі лес, нарываў бярозавага лісця, пакуль вяртаўся, Ліда прыносіла ўжо ў сцёбку чыгун кіпетню, слоік сцюдзёнай вады з калодзежа, заварвала лісце ў тазе, ён парыў ногі, трымаючы на сэрцы слоік з холадам, і здавалася, што лягчэла. Схадзіў на могілкі, на магілы бацькі, маці, прапалоў, высек акацыі, пасадзіў па бярозцы. Асабліва добра было вечарамі, калі Ліда, падаіўшы карову, звала яго вячэраць і глядзець тэлевізар. Яны перагаварылі пра многае. Сама яна зусім не баялася смерці, не верыла ні ў Бога, ні ў чорта, адно, чаго баялася — памерці зімою, у марозы, і грубавата смяялася з яго: «Не бойся, сканаеш, як-небудзь пахаваем!»
Ён усё хацеў расплаціцца за тое, што Ліда яго корміць. Яна перш не брала грошы, а тады стала браць, і зусім пачала глядзець яго, як дзіця.
Удзень ці ўвечары, прыходзячы ад Ліды, ён перачытваў свае дзённікі, якія вёў да 32 гадоў, перагортваў «Выбранае» — і патроху пісаў: адзін-два абзац у дзень, пра што папала.
Вось лета за акном: раніцамі — белая ад расы атава, бярэзнік, жоўты скурчаны лісток вісіць на павуціне, абабак у траве пад бярозаю, удзень — сіняе неба і людзі гарбацяцца на агародах, увечары — туман, каровы рыкаюць, камары звіняць, пахне бульбоўнікам і мокрай травою…
Божа, як я баюся і ненавіджу ўсё гэта!
Гэта тое ж самае, як перачытваць мае дзённікі-запісы амаль трыццацігадовай даўнасці — страшныя запісы, — не сэнсам, бо ў іх якраз самыя звычайныя словы, а цэлым сваім страшныя — тым, што пісаліся рукой здаровага шчаслівага чалавека. Нібы малады заснуў летаргічным сном на дзесяцігоддзі, спаў і старэў, прачнуўся дзедам і нікога і нічога вакол не пазнаеш, і сябе таксама, а бачыш і разумееш толькі, што вось быў малады, лёг спаць, прачнуўся — а адной нагою ў магіле.
Вось запіс у 25 гадоў: «Калі станеш стары, успомні гэты дзень!
Марозны, снежны; у заінелым кіёску часопіс з жаданым нумарам на вокладцы, і соладка і страшна сціскаецца сэрца, і б’е па вачах тваё імя і прозвішча над першым у жыцці апавяданнем. Амаль да ночы блукаў па мілым Мінску, расцягваючы гэты дзень, не жадаючы з ім развітвацца, здагадваючыся, што мала такіх будзе наперадзе. Да таго ж, падаў коса снег, дробны і зіхоткі каля ліхтароў, і іскрыўся пад нагамі…»
Што значыць гэты запіс? Значыць, калі ўдумацца, самую простую, жудасную сваім непазбежным поступам, смерць — і больш нічога. Калі б я тады запісаў: «Выйшла маё першае апавяданне, і снег іскрыцца, — пайду нап’юся, ці зарэжу каго-небудзь», — я мог бы цяпер выць і біцца галавою аб сцяну турэмнай камеры. Але я пражыў той дзень, выпіў яго да дна — як і я цяперашні, калі б вярнуўся ў тыя свае 25, пражыў бы таксама.