Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
У сувязі з гэтым мушу нагадаць некаторыя гiстарычныя факты, аналiзуючы якiя, можна ўбачыць, як у гiсторыю нашага народа з даўнiх часоў украплялiся мiфы. Часам гэтыя мiфы разрасталiся да такiх маштабаў, што за iмi ўжо не было вiдаць праўды. Вiдавочна, адказнасць за скажэнне гiстарычнай праўды кладзецца на вучоных-гiсторыкаў.
Трэба шчыра прызнаць: канцэпцыя гiсторыi беларускага народа, якую мы атрымалi ў спадчыну ад расiйскiх i бальшавiцкiх гiсторыкаў, адметная тым, што яна наскрозь прасякнутая лжывасцю i суб'ектывiсцкай iнтэрпрэтацыяй гiстарычных фактаў. Як вядома, найбольш спрыяльнай глебай для нараджэння мiфаў гiсторыi была эпоха панавання камунiстычнай iдэалогii. Тут варта хаця б нагадаць зараз сумна вядомую "абэцэдаршчыну" – калі гiсторыя Беларусi пiсалася фактычна па заказу ЦК КПСС.
Трэба прызнаць, выкрыццё мiфаў беларускай гiсторыi толькi пачынаецца. Нагадаю, што нядаўна, дзякуючы грунтоўным працам Мiколы Ермаловiча, быў перагледжаны даўнi мiф пра тое, як лiтоўцы нібы заваёўвалі старажытную Беларусь і потым шмат гадоў панавалi на нашых землях.
Другi мiф, якога да сённяшняга часу прытрымліваецца пэўнае кола людзей – гэта мiф аб тым, што унiя – нацыянальная рэлiгiя беларусаў.
Агульнавядома, што яшчэ ў Х/I стагоддзi ў вынiку дзеянняў пэўных палiтычных колаў у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм большая частка насельнiцтва праваслаўнага веравызнання была прымусова пераведзена ў разнавiднасць каталiцызму, меўшую назву "грэка-каталiцкай веры" цi проста – унii.
Зараз многія гэты факт спрабуюць падаць, як спраўджанне векавой мары беларусаў стварыць сваю нацыянальную рэлiгiю, што, на мой погляд, не зусім так. Ніжэй, у раздзеле кнігі ІІ-1, мы падрабязна спынімся на уніяцкім міфе.
Трэцi мiф, аб якiм мы i павядзем гаворку – гэта мiф аб талерантнасцi беларусаў. Узнiкненне яго шчыльна звязана з агульнай мiфiзацыяй нашай гiсторыi, а як яно рабiлася, давайце паразважаем.
Як вядома, існуюць тры галоўныя крынiцы стварэння мiфаў беларускай гiсторыi. Першая – гэта шавiнiстычная гiсторыя Беларусi, за якую цалкам адказныя расiйскiя гiсторыкi ХIХ – ХХ стагоддзяў, пачынаючы ад Н.Карамзiна, Г.Салаўёва i канчаючы вядомым творцам лiтоўскага мiфа В.Пашутам. Гэтыя гiсторыкi "стварылi" канцэпцыю так званых вызваленчых войнаў Iвана Жахлiвага, прадставiлi вялiкiм героем А.Суворава – (можа, за тое, што ён задушыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкi, сапраўднага беларускага патрыёта!).
Факт анексii Расiяй беларускiх зямель у канцы Х/III стагоддзя гэтыя гiсторыкi назвалi здзяйсненнем векавых iмкненняў беларускага народа "воссоединиться с братским русским народом". На самай жа справе Беларусь трапiла ў каланiяльнае ярмо Расii.
Такiм чынам, была створана цэльная лжэгiсторыя, якую нам са школьных гадоў убiвалi ў галовы. Атрымалася, што Расiя нас выратавала ад панавання палякаў, а бальшавiцкая рэвалюцыя 1917 г. "выцягнула" цёмных беларусаў з жабрацтва i невуц-тва.
У мяне захавалася кнiга "Фармiраванне i развiццё беларускай сацыялiстычнай нацыi", выдадзеная ў 1958 годзе. Калі зыходзіць з яе зместу, то аказваецца, вось якой нацыяй сталi беларусы дзякуючы камунiстам! I ўсю гэтую, з дазволу сказаць, бязглуздзiцу мы сапраўды цярпелi. Сапраўды, у такім сэнсе беларусы – "талерантная" нацыя.
Але, несумненна, не беларусы, не нацыя вiнаватыя ў тым, што адбылося. Мы проста былi, ды i зараз з'яўляемся заняволенай нацыяй як i шэраг iншых нацый савецкай камунiстычнай iмперыi. Такiмi ж па волi лёсу "талерантнымi" былi i лiтоўцы, i грузiны, i мардва...
Другая крынiца здзеку з беларускай гiсторыі – польская гiсторыяграфiя, якая адлюстроўвае пэўную палiтычную тактыку Польшчы адносна Беларусi. Яна таксама ўнесла пэўны "ўклад" ў стварэнне свайго, польскага, варыянту мiфа аб беларусах. Асаблiва вынiковым быў час пасля 20-х гадоў ХХ стагоддзя, калi частка беларускiх зямляў апынулася пад Польшчай, а самi беларусы пасля шматгадовага суiснавання з "вялiкай" Расiяй нібы забылiся аб каранях сваёй старажытнай нацыi, нібы згубiлi нацыянальную свядомасць, як кажуць, сталi нейкiмi "тутэйшымi". За невялiкi гiстарычны перыяд на спрадвечных беларускiх землях раптам з'явiлася ледзь не мiльён палякаў! А мiж тым лёгка бачыць – i зараз аб гэтым многiя пiшуць – што большасць гэтых палякаў ёсць беларусы-каталiкi. Мы зноў сутыкаемся з дзiўнай абыякавасцю да сваёй нацыянальнасцi шырокiх мас беларусаў, з лёгкасцю да здрады свайму народу ў iмя лепшага "кавалка кiлбасы", якi кiдаў заможны польскi "брат". Гэтыя флюгерныя паводзiны беларусаў пэўны шэраг людзей выдаваў за нешта асаблiвае, за нейкую адметную нацыянальную рысу, схаваную потым за навуковападобным словам – "талерантнасць". Вынiкам з'явiлася тое, што некаторыя пазнейшыя даследчыкi, нават і не без падстаў, пiсалi: "беларусы з лёгкасцю паддавалiся ўплывам рускiх, палякаў i ўкраiнцаў" (W.Mondalski. Polesie, Warszawa, 1927).