Паслухайце нацыяналіста
- Автор: Астапенка Анатоль
- Год: 2000
- Язык: белорусский
- Год: Raštijos Draugija
- ISBN: 9986-437-04-2
- Жанр: История
Электронная книга - «Паслухайце нацыяналіста». Краткое содержание книги:
Наогул мне хацелася паглядзець на нашу гісторыю не праз прызму ўжо склаўшыхся стэрэатыпаў, не кіруючыся модай, ці нейкай прывабнай канцэпцыяй, а, так бы мовіць, сваім розумам, давяраючы сваім нацыянальным і рэлігійным перакананням.
"Міфы гісторыі" – так называецца першы раздзел другой часткі кнігі. Акрамя міфа аб талерантнасці беларусаў, другім значным міфам гісторыі з'явіўся міф аб уніі, як нацыянальнай рэлігіі беларусаў. Маё даследаванне гэтай праблемы сустракала часам непаразуменне з боку адраджэнскіх беларускіх колаў. Лічылася, што, калі чалавек стаіць за нацыянальнае адраджэнне, за беларускую мову, за сапраўдную беларускую гісторыю, то ён у рэлігійных пытаннях звычайна схіляецца да грэка-каталіцызму.
Мая пазіцыя па гэтаму пытанню зусім іншая.
Я паважаю і ганаруся нашай гісторыяй. І таму вось ў рэлігійных пытаннях пазіцыя мая таксама паслядоўная – я не маю права адкінуць веру нашых продкаў, праваслаўе, на карысць суседняй дзяржавы Расіі. Каля 600 гадоў, пачынаючы з 988 г., году свайго прыхода на Полацкія землі, і да 1596 г., у нас панавала праваслаўе, якое зрабіла вялікае ўздзеянне на фармаванне беларускай нацыі, яе мянтальнасці. Нельга аддаваць наша Святое праваслаўе ні Маскве, ні іншай краіне і зусім не абавязкова нам, беларусам, славіць Рымскага папу. Беларусы павінны і могуць існаваць без Рыма, як першага, так і другога, і трэцяга. Нам нельга ісці па слядах ілжывых міфаў, праводзячым палітыку заваёвы Беларусі суседнімі краінамі. Унія – гэта як раз той "сакральны" шлях паўзучага акаталічвання беларусаў, распрацаваны ў Ватыканскіх і Варшаўскіх кабінетах.
Яшчэ адна важная тэма кнігі, блізкая і непасрэдна звязаная з папярэднімі праблемамі, гэта праблема нацыяналізму.
Слова "нацыяналізм" часта, асабліва ў нас на Беларусі, рэспублікі найбольш пацярпелай ад фашызму, блытаюць з словам "нацызм". А "з лёгкай рукі" бальшавікоў, а потым і ўсёй савецкай сістэмы, у нас трывала засела ўяўленне аб заганнасці нацыяналізму. А на самай справе гэта ж зусім не так, ува ўсім свеце нацыяналізм разумеецца, як станоўчая і цывілізаваная з'ява, аб чым казалася і ў першай частцы кнігі.
Маё гледжанне на нацыяналізм, як выдатную чалавечую рысу – і, больш таго, набытак цэлага народа, знайшло падтрымку і абгрунтаванне ў хрысціянстве. І гэтай тэме прысвечана заключная частка кнігі. Прэцэдэнтаў у існуючай беларускай літаратуры ў гэтай вобласці яшчэ не было. Я добра разумею, што не кожны мой чытач і не кожны постсавецкі грамадзянін здольны зразумець і прыняць гэтыя ідэі. Але цверда ведаю адно: жыцця без Бога і без свайго народа няма. І гэта хутка будзе зразумела ўсім. І таму хрысціянская і нацыянальная ідэі – самыя галоўныя для любога народа. Толькі разуменне іх важнасці і адзінства робіць народ моцным. І для Беларусі, як і для любой іншай краіны, такі шлях павінен знайсці сабе месца.
Quo vadis, беларус?
Раздзел 1. Міфы гісторыі
а). РАЗВIТАННЕ З МIФАМ АБ ТАЛЕРАНТНАСЦI БЕЛАРУСАЎ
Апошнiм часам стала вельмi модным разважаць аб так званай талерантнасцi беларусаў. На мой погляд, талерантнасць, або проста цярпiмасць, многім уяўляецца як нейкая адметная нацыянальная рыса беларусаў, як адна з лепшых рысаў беларускага характару. Гэта, напрыклад, неаднаразова падкрэслiваў ў сваiх артыкулах прафесар Юрый Хадыка. А 25–26 чэрвеня 1993 г. у канферэнцзале Мiнскага гатэля "Юбiлейны" нават прайшла мiжнародная канферэнцыя "Талерантнасць i грамадскiя адносiны".
На канферэнцыi, якая сабрала навукоўцаў з Чэхii, Польшчы, Украiны, Прыбалтыкi, Беларусi Венгрыi i iншых краiн, высвятлялiся розныя аспекты талерантнасцi. Памятаецца, да чаго толькi не чаплялi гэтую праславутую талерантнасць вучоныя мужы! Сярод тэм: "Талерантнасць у працэсе захавання стабiльнасцi ў дэмакратычных грамадствах", "Роля адукацыйных i культурных iнстытутаў у забяспячэннi талерантнасцi", "Параўнанне ўнутранага i мiжнароднага заканадаўства ў сферы талерантнасцi" і гэтак далей.
Вядома , што не абышла талерантнасць i беларускую тэму. На канферэнцыі з адпаведнымі дакладамі выступілі вядомыя беларускiя вучоныя С.А.Падокшын, У.М.Конан, А.І.Мальдзiс i iншыя. Вось назвы некаторых дакладаў: "Традыцыi беларускай талерантнасцi", "Сiла цi слабасць? Талерантнасць i фармаванне беларускай нацыянальнай свядомасцi" i г.д.
Праслухаўшы названыя і іншыя даклады, прааналiзаваўшы як iх змест, так i наогул усю гiсторыю пытання, асабіста я нечакана прыйшоў да высновы, што ўвесь спектр гэтай тэматыкi, па сутнасцi, не што iншае, як псеўданавуковасць, што шэраг сцверджанняў аб спрадвечнай талерантнасцi беларусаў не мае пад сабой анiякай падставы. Наогул, я б сказаў, што ўзнiкненне погляду аб талерантнасцi беларусаў, як нейкай асабістай нацыянальнай рысе – ёсць стварэнне чарговага мiфа аб беларусах, якiх было шмат у нашай гiсторыi.