Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Кармілі нас кожны дзень аднолькава: раніцай і вечарам манная каша, прыгатаваная на вадзе, гарбата, кавалачак чорнага і кавалачак белага хлеба, два кавалачкі цукру. На полуднік бацвінне, каша ячная, кампот ці кісель, два кавалачкі хлеба. Мы з’ядалі ўсё, на талерках нічога не заставалася. Харчаваліся мы ў звычайнай вясковай хаце ў тры змены. Вёска даваенная, вайна яе не закранула. Магчыма, гэта была зона, свабодная ад партызан. Абслугоўвала нас гаспадыня хаты. Сам гаспадар быў хворы, ён не размаўляў, а мычаў. Калі нас прыводзілі на прыём ежы, ён заўсёды стаяў у двары, трымаючыся за тын, сустракаў нас. Ён быў апрануты ў сподняе адзенне. З яго рота на кашулю цякла сліна. Гэта нам вельмі моцна «падымала» апетыт. З цягам часу мы да яго прызвычаіліся.
Арганізацыйна мы былі раздзелены на тры атрады. Атрад складаўся з трох звён. На чале звяна стаяў звеннявы, на чале атрада — камандзір і начальнік штаба. Мая зямлячка (начальнік лагера) надзяліла пасадай начальніка штаба і мяне. Але я гэтаму не абрадаваўся. У мае абавязкі ўваходзіла строіць атрад, раніцай далажыць піянерважатай або начальніку лагера, што ўсе дзеці на месцы, у страі, здарэнняў не адбылося. Акрамя гэтага мы штодзённа па чарзе падымалі сцяг на флагшток.
Складанасць была ў тым, што ў нас, дзяцей з аслабленымі вайной арганізмамі, амаль ва ўсіх назіралася начное нетрыманне мачы. Так як мы спалі не распранаючыся, то раніцай на нашых штанах красаваліся мокрыя плямы. Я і мой камандзір атрада спалі побач, і мы дамовіліся, што свае няхітрыя абавязкі, такія, як пастраенне атрада, даклад, пад’ём сцяга будзе выконваць той з нас, каму пашчасціць прачнуцца раніцай сухім. Але часцей выбару не было, мы абодва прачыналіся мокрымі. Было сорамна, але што зробіш. У такім жа становішчы былі і дзяўчынкі.
Трэба адзначыць, што за ўвесь час лагернага жыцця паміж намі, дзецьмі, ніводнага разу не ўзнікалі канфлікты. Мы мірна суіснавалі. Не было насмешак над тымі, хто па начах мачыўся пад сябе.
Нарэшце лагерны тэрмін закончыўся. Успаміны ад лагера засталіся адмоўнымі. Трэба было неяк дабірацца дадому.
36. Нам будуюць хату
Да Бягомля набралася цэлая група дзяцей. Нас падабрала папутная грузавая машына маркі «ЗИС-21». Яна прыпынілася, каб дазаправіцца. Дазапраўка — гэта шафёр проста закідваў бярозавыя цуркі ў газагенератар. Пасля вайны на Бягомльшчыне было шмат аўтамашын з рухавікамі, якія працавалі не на бензіне, а на драўнінных цурках. Знешне такія грузавікі выглядалі як і «ЗИС-5». Ад Бягомля да Нябышына я дабіраўся пешшу. Дома мяне чакала прыемная навіна — нам пачалі будаваць хату. А справа пачалася наступным чынам. Яшчэ ў кастрычніку 1944 года ў нашу вёску прыбыў з Мінска ўпаўнаважаны, каб пракантраляваць, як ідуць справы ў калгасе. Тут нічога дзіўнага няма. Такія ўпаўнаважаныя наязджалі і да вайны кантраляваць сяўбу, жніво, малацьбу і асабліва нарыхтоўку збожжа для дзяржавы. Збожжа адразу паля арфавання насыпалі ў мяхі і на падводах вязлі ў Бягомль у «закрома Родины». Але так здарылася, што на гэты раз упаўнаважаным быў мой стрыечны брат Аляксандр Венядзіктавіч Капылоў. Яго бацька і мой — родныя браты. Аляксандр быў старэйшы за мяне на 25 гадоў. Ён быў на фронце з першага дня вайны, атрымаў званне маёра, быў паранены і ў 1944 годзе звольнены з арміі. Аляксандр зазірнуў у зямлянку, дзе мы жылі. Нас там было, як селядцоў у бочцы. Ён паразмаўляў з маёй мамай, паабяцаў дапамагчы і адбыў у Бягомль. Што адбылося ў Бягомлі, Аляксандр мне расказаў амаль праз 40 гадоў, пры нашай сустрэчы ў 1983 годзе пасля майго выхада на пенсію. Я вярнуўся ў Мінск на пастаяннае месцапражыванне, і пасля ўладкавання наведаў брата.
Пабываўшы ў нас у зямлянцы і ўбачыўшы наша жабрацкае становішча, ён сустрэўся з 1-м сакратаром райкама партыі Манковічам — з тым самым, які адправіў майго бацьку на фронт. А потым, будучы камісарам брыгады «Жалязняк», натхняў партызан на тэрор супраць мірнага насельніцтва і сам удзельнічаў у такіх аперацыях. Пасля вызвалення раёна Чырвонай Арміяй ён зноў заняў пасаду 1-га сакратара райкама Бягомльскага раёна. Але мой стрыечны брат Аляксандр такіх падрабязнасцяў не ведаў. Пры сустрэчы з Манковічам ён сказаў: «Як вам не сорамна, сям’я франтавіка, нязменнага даваеннага старшыні калгаса жыве ў нязносных умовах. Трэба ім дапамагчы. Кіраўніцтва вобласці будзе трымаць гэта пытанне на кантролі».