Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Хачу адзначыць, што і мы, тая частка насельніцтва, якая апынулася пад нямецкай акупацыяй — героі. Героі таму, што ў неверагодна складаных умовах змаглі выжыць. Кожны пражыты дзень, асабліва пачынаючы з 1943 года, калі пачалося партызанскае бязмежжа — подзвіг. Але савецкая ўлада гэтага не ацаніла — мы сталі нядобранадзейнай часткай насельніцтва.
2. Міты пра партызанскі рух у Беларусі
Пра партызан, пра партызанскі рух складзена, прыдумана шмат мітаў. Тыя міты прыдумалі самі ж партызанскія начальнікі і камісары. Потым гэтыя міты падхапілі, выказваючыся сённяшнім жаргонам, «чэсныя» журналісты і прыдворныя пісьменнікі.
Міт першы, быццам бы партызаны нанеслі немцам велізарны ўрон. Насамрэч, калі страты і былі нанесены, дык хутчэй за ўсё не немцам, а мірнаму насельніцтву. Я ўжо прыпамінаў мост цераз раку Поню. А такіх жа мастоў і масткоў у Беларусі была не адна тысяча. Разбуры кладкі цераз ручай і адсылай наверх данясенне, што знішчаны яшчэ адзін стратэгічны аб’ект. Прачытаў неяк мемуары камбрыга Ціткова «Брыгада „Жалязняк“». З іх я даведаўся, што партызаны ў маёй роднай вёсцы двойчы разграмілі нямецкі гарнізон. Але ж у вёсцы Нябышына за ўсю вайну ніколі не было нямецкага гарнізона. Немцы ў нас не прыпыняліся нават на некалькі гадзін. Як можна двойчы разграміць тое, чаго ўвогуле не існавала. Часова ў нас размяшчаліся «радзіёнаўцы», але супраць іх партызаны нават пікнуць баяліся.
Міт другі, быццам бы партызаны абаранялі насельніцтва ад немцаў. На маю думку, гэта хлусня. Калі немцы і паліцаі забівалі людзей у вёсках ІІІуняўка, Вітушцы, Нябышына, партызаны спакойна назіралі са сваіх сховішчаў, як праходзіць працэс. Яны пальцам аб палец не ўдарылі, каб абараніць людзей. Ніхто з іх не праявіў геройства і самаахвярнасці, не выступіў са зброяй у абарону вёсак і іх насельніцтва. А ведалі ж, што вось-вось адбудзецца трагедыя, інфармаваныя былі раней за немцаў. Ды і задачы такой — абараняць насельніцтва — перад імі ніхто не ставіў. На маю думку, самай надзейнай абаронай мясцовага насельніцтва ад акупантаў было б тое, каб партызан увогуле не было. Яны сваёй прысутнасцю стваралі небяспечныя ўмовы для існавання акупаваных вёсак і жыцця іх жыхароў і, магчыма, стваралі іх свядома і наўмысна. Калі гэта так, то партызан можна лічыць саўдзельнікамі ў злачынствах. Але самі яны спраўна складалі акты і пратаколы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў і адпраўлялі іх у Маскву. Аб гэтым больш падрабязна я скажу ніжэй.
Міт трэці, быццам бы партызанскі рух у Беларусі быў масавым, усенародным. І тут, мякка кажучы, да праўды вельмі далёка. Раблю такую выснову з прыкладу сваёй вёскі. Як гэтыя масавасць і ўсенароднасць забяспечваліся, аб гэтым таксама скажу.
На мой погляд, ён ахоплівае перыяд з чэрвеня 1941 года па снежань 1942 года. За гэты час з нашай вёскі ніводзін чалавек не пайшоў у партызаны. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя паступіла прадбачліва, дазволіла сялянам трымаць паўнавартасную гаспадарку. Вёска добра памятала здзекі савецкай улады, калі людзей сілком заганялі ў калгасы, раскулачвалі, арыштоўвалі, высылалі на поўнач, у Сібір і Казахстан. Наша вёска звычайная, такая ж, як і большасць вёсак Усходняй Беларусі. Першым партызанам з нашай вёскі стаў паліцай, адзіны паліцай — наш аднавясковец. Я не ведаю, што падштурхнула гэтага 18-гадовага хлопца стаць паліцаем. Можа, права мець у сваіх руках зброю? Але ж тую зброю ён ні разу не прымяніў. Ён блытаўся па вуліцы з вінтоўкай на плячы, як непрыкаяны, ніхто на яго не звяртаў увагі. Часам ён заходзіў да каго-небудзь у хату, у тым ліку і да нас. Ён не пытаўся ў гаспадароў дазволу, каб увайсці, не вітаўся, садзіўся на лаву, прысланяў да сцяны вінтоўку і сядзеў моўчкі. Гэта магло працягвацца 1–2 гадзіны. Аб чым ён думаў, што ў яго было на душы, сказаць цяжка. Як толькі здарылася магчымасць, ён са зброяй, якую яму ўручылі немцы, падаўся да партызан. Але партызаны не ацанілі яго «патрыятычны» ўчынак, хутка яго знайшлі забітым у патыліцу. Першыя так званыя партызаны былі чужынцамі на нашай тэрыторыі. Яны маглі існаваць толькі за кошт рабаўніцтва мясцовага насельніцтва. А мясцовы жыхар, якім быў наш аднавясковец-паліцай, мог замінаць ім рабаваць, мог быць сведкай іх злачынстваў, таму яго і забілі.