Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Вось што расказаў Клоп, калі вярнуўся дадому з вайны: нашу мясцовасць Чырвоная Армія вызваліла ў першыя дні ліпеня 1944 года. Партызаны свае функцыі вычарпалі, засталіся без працы. Яны спадзяваліся, што іх распусцяць па дамах, асабліва мясцовыя, сярод якіх было шмат 16–17-гадовых падлеткаў і людзей сталага ўзросту. Многія не ведалі, што з іх сем’ямі.
Але спадзяванні былі марнымі. Прыбылі прадстаўнікі СМЕРШа, і ўсё стала на свае месцы. Паводзілі яны сябе вельмі нахабна. Уражанне было такое, быццам бы ўчарашнія партызаны, якія мелі неабмежаваную ўладу над насельніцтвам, раптам папалі у палон к ворагу. Партызан пастроілі і абяззброілі. Вакол стаялі байцы СМЕРШа, аўтаматы трымалі напагатове. Партызанскія начальнікі і камісары кудысьці зніклі. Шараговых партызан падзялілі на дзве часткі. Адна частка — тутэйшыя, другая — усе астатнія. На тутэйшых склалі спісы і пад канвоем накіравалі на фронт. Нашых землякоў на перадавой лініі нават не перапранулі ў ваенную форму, не кожнаму выдалі зброю. З іх сфарміравалі батальён і правялі разведку боем. Для гэтай мэты, як правіла, выкарыстоўваліся штрафныя батальёны. Разведка боем праводзіцца для таго, каб выявіць агнявыя пункты праціўніка. З такога бою жывымі не вяртаюцца. Клоп закончыў свой расказ, яго чакалі гаспадарчыя справы.
Такім чынам, савецкая камандаванне пераўтварыла нашых землякоў у гарматнае мяса аднаразовага карыстання. Мусіць, таму дзень перамогі (я наўмысна пішу з малой літары) для многіх жыхароў нашай вёскі хутчэй за ўсё стаўся днём смутку. Дый на дзяржаўным узроўні гэты дзень не ўпамінаецца як свята. Упершыню пра яго гучна напомнілі толькі 9 мая 1965 года. Гэта было зроблена пад асобу Л. І. Брэжнева, якога 14 кастрычніка 1964 года абралі Першым сакратаром ЦК КПСС. Трэба было тэрмінова паказаць яго вядучую роль у Вялікай Айчыннай вайне.
Што тычыцца нашай сям’і, то мы шчыра радаваліся перамозе. Мы лічылі дні, калі вернецца з вайны наш бацька. Але не дачакаліся.
35. Я трапляю ў лагер
Не палохайцеся, у піянерскі. У канцы мая 1945 года я закончыў першы клас з Пахвальнай граматай. Загад аб гэтым зачытаў дырэктар школы Шылоў. Але тую грамату мне не ўручылі. Шылоў сказаў, што ён адвязе ведамасць паспяховасці ў раённы аддзел народнай адукацыі, а пасля я атрымаю Пахвальную грамату на рукі. Але дырэктара забілі, было не да граматы, пра яе забылі.
На пачатку летніх школьных канікул у нашу вёску на некалькі дзён завітала жанчына праведаць сваіх сваякоў. Гэта была малодшая сястра Марылі Кузьміч, жонкі старшыні калгаса. Яна дзесьці працавала настаўніцай, а на час летніх канікул яе прызначылі на пасаду начальніка піянерскага лагера. Яна сустрэлася з маёй мамай і сказала, што забярэ мяне ў лагер на першую змену. Зірнуўшы на мяне, яна параіла, каб я змяніў гэтыя «фрыцаўскія» штаны на іншыя. Але іншых штаноў у мяне не было. Я адразу пабег да сваёй хроснай мамы і расказаў ёй пра праблему. Яна хутка адшукала прыдатны кавалак тканіны, з якога атрымаліся кароткія штанішкі на лямках. Калі падышоў да заканчэння тэрмін пабыўкі ў нашай вёсцы начальніка піянерскага лагера, раніцай мы пакінулі Нябышына. Да лагера было 30 км. Першыя 15 км да Бягомля мы пераадолелі лёгка і хутка. Дарэчы, наш раённы цэнтр да вайны людзі называлі па-рознаму: хто — Бягамля, хто — Бягомля. Пасля вайны гэта ўжо быў Бягомль. Далей я буду карыстацца новай назвай.
Пасля Бягомля мы павярнулі па шашы на Лепель. Другая частка дарогі далася цяжэй. Прыпякала сонца. Аўтобусы ў той час не хадзілі. Папутныя машыны нас не падабралі. Адлегласць у 30 км мы прайшлі за 7–8 гадзін. Трэба адзначыць, што я быў босы, падэшва ног смылела. Летняга абутку ў мяне ўвогуле не было. У той час мы ўсе як толькі сыходзіў снег і да восеньскіх маразоў хадзілі басанож.
Лагер мне не надта спадабаўся. Размясцілі нас у актавай зале школы. Там ужо былі расстаўлены жалезныя салдацкія ложкі. Пасцельны камплект быў такі: сяннік, напханы саломай, такая ж падушка, старая байкавая коўдра, вафельны ручнік. Прасцін і навалачак не было. Спалі мы ў верхняй вопратцы, паколькі на нас не было сподняй бялізны — ні маек, ні трусоў. Усе мы былі босыя, ногі нашы былі каравыя. За тры тыдні нас ні разу не вадзілі ў лазню, ні разу не вадзілі на рэчку. У нас не было ні мыла, ні зубных шчотак, ні зубнога парашку. На плоце вісела некалькі рукамыйнікаў. Вось і ўся гігіена. У адным і тым жа памяшканні спалі і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Паколькі мы спалі ў верхнім адзенні, то не бачылі палавых адрозненняў і не праяўлялі цікаўнасці да іншага полу. Пра іншыя забавы і казаць няма чаго: ні кіно, ні радыё, ні кніг, ні гульняў, ні спаборніцтваў. Праўда, адзін раз нас звадзілі на экскурсію на мясцовы піваварны завод.