Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
“Ну і як твой заказчык, Антон? Прыняў тваю працу?”
“І сам не ведаю… Моўчкі пайшоў, толькі сказаў, каб я цябе чакаў”.
“Я зайду за табой…”
“Яніна растлумач мне… Жана і Павел… Я ж напісаў толькі пра іх, прыдумаў. Як такое магло адбыцца, што яны ажылі і аб’ядналіся, амаль пабраліся?”
“Бо ты ж вельмі праўдзіва напісаў. А капітан Нэма ўдыхнуў у іх жыццё. Жана і Павел ужыўлены ў тваю памяць і свядомасць – пагэтаму яны цяпер неаддзельныя ад цябе…”
“Як і ты?..”
“А мяне ты хіба выдумаў? Я, прызнацца, гэтага і не заўважыла…”
“Я ў дзесятым класе ўпершыню закахаўся – у аднакласніцу Яніну. Напісаў толькі пісьмо, прызнанне ў каханні… Але нехта ўкраў яго… Але ж я не апавяданне пісаў, – няўжо і ты стала зямной?..”
“Усё можа быць, усё можа быць…”
“Мы з табой, мусіць, дзеці падзямелля... А мо і не падзямелля, але ўсё роўна нявольнікі – адным словам, вязьні...”
“І няпраўда твая, любы... Вязьні, гэта калі цябе прымусова саджаюць за краты. А ты здаўся Анатасу добраахвотна, прадаў яму душу... Ці не так?”
“Твая праўда, Яніна, мая шаноўная спадарыня...”
Я глыбока-глыбока ўздыхнуў і доўга не выпускаў з сябе паветра. Аж у грудзях забалела.
“Табе няма чым дыхаць, Антон... Як і мне, дарэчы. А ты ведаеш, што існуе самая цесная і непасрэдная сувязь паміж дыханнем і разумовай дзейнасцю чалавека, яго настроем, жаданнямі і дзеяннямі, учынкамі і ацэнкамі?”
“Не, не ведаю...”
“Чым павярхоўней і часцей дыханне, тым больш неспакою, няўпэўненасці і няпэўнасці, пагаршаецца памяць. Яшчэ Плутарх сцвярджаў, што разумная здольнасць да мыслення атупляецца ад мяса. А слова па латыні “wegetus” азначае жыццерадасны...
Яшчэ магу вось што сказаць – мясаеды стамляюцца хутчэй за вегатарыянцаў. Нездарма Бог стварыў напачатку Адама і Еву, якія ўвогуле не ўжывалі мяса – толькі яблыкі і зеляніну. То пасля патопу і адправіўся чалавек на паляванне – забіваць звера… Сэрца вегатарыянцаў б’ецца павольней, яно даўгавечней служыць чалавеку. Яшчэ б – адпачынак сэрца паміж ударамі, які дасягае адной шостай секунды, за пяцьдзесят гадоў складваецца аж у восем – задумайся! – у восем гадоў... А восем год для чалавека – гэта ж неацэннае багацце...”
“Згодзен, мая добрая жанчына. Асабліва тады, калі тыя гады Бог падорыць пад старасць, калі чалавек набраўся мудрасці і ўмення, таленту і дабрыні...”
“Ага, тады чалавек сапраўды мудры, дужы і нястомны. А калі гаварыць увогуле пра яго разумовую дзейнасць, то тут неабмежаваны свет яго аддачы, накопленага ў душы, сваім нашчадкам... Ты чуў пра японскага вучонага Асаву?”
“Не толькі чуў, а і вывучаў яго працы – мудрыя парады”.
“Тады скажы мне хаця б толькі пра сёмую параду?”
“Сёмая парада гучыць так – святая справа чалавека служыць справядлівасці. Справядлівасць у мікрабіётыцы азначае выкананне Закона Космасу. Той, хто думае і дзейнічае ў суадноснасці з гэтым законам, валодае самай чалавечай і людскай характарыстыкай здароўя”. Ад сябе яшчэ дадам, што гэтая парада поўнасцю адпавядае парадам Святога Пісання з Бібліі...”
Яніна адказала ці пацвердзіла не адразу.
“Усё ты прывёў даслоўна. Пагэтаму я і ўпэўнена, што выбраў правільную дарогу. Дарогу заўтра – на заўтра... У шафе я падрыхтавала для цябе шалік. Накінь яго на шыю, каб пад яго схаваць крыжык”.
……………………………………………………………
Купаюся ў неабсяжным і бясконцым небе…
Я – ў бязважкасці, ныраю між зорак, як між бліскучых рыбаў у маёй Прыпяці; раблюся тым неапазнаным абектам і імчу шпарчэй за хуткасць святла, перасякаючы іншыя галактыкі і сусветы, невядомыя мне цывілізацыі і планеты; блукаю па Шляху Валацужнікаў, абдымаюся і цалуюся з Малой Мядзьведзіцай – да Вялікай падыходзіць і баюся...
Я – нішто і ніхто, і таму не належу сабе.
Не заўважаў, і не ведаў – ці то толькі ў мроях сваіх вырваўся ў зорнае неба, ці насамрэч апынуўся там, у загадкава-неабсяжнай і бясконцай прасторы, ператварыўся ў зорку-адзінотніцу і імчуся немаведама куды і для чаго... На душы спакой, цела бязважкае і лёгкае...
Мне прыемна, мне добра, толькі ледзь-ледзь паколвае ў скроні, ды замірае на крутых віражах стомленае сэрца і душа, – засумавалі па родным доме... І я міжволі звяртаюся да Творцы:
“Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсамі!.. Вызвалі мяне з гэтага палону, вярні мяне на Зямлю, створаную Табой!..”
У адказ – ледзь чутны перакат грому, сполах маланкі раскройвае неба, але не кранае мяне. Сцеліць перада мною свае кілімы Зорны Шлях, быццам паказвае мне той адзіны кірунак да вызвалення. Усміхаюцца зоркі; хачу ім нешта сказаць – і не магу: сціснула грудзі і акамянела горла; хачу нешта ўспомніць – таксама не магу. Хачу пашавяліць губамі – не адчуваю іх.