Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Жарты? Якія могуць быць жарты? Антон, ты за каго мяне прымаеш? Ніхто з нас яшчэ ў псіхушцы… О, Божа, як я стамілася, як гэта мне ўсё абрыдла! Калі ты кінуў мяне, дык так і скажы. Буду ведаць, што я пакіданка, а не ўдава…
– Анатас, памажы ёй выйсці, у яе істэрыка…
Д’ябал правёў Ліку, памог спусціцца па лесвіцы ўніз.
Пацалаваў нават ёй руку, нешта шапнуў на вуха. І тады яна, нечакана для мяне, заўсміхалася. Памахала мне нават рукой…
Што ён мог сказаць ёй? Змеем прыкінуўся. Спакусіў салодкім словам і жонку маю?
Праз хвіліну Алкепаў сеў побач са мною:
– Задаволены сустрэчай, маэстра?
– Ды пайшоў ты!.. – агрызнуўся я.
– Ладна, прамашка выйшла… Што яшчэ ты хочаш пабачыць? Куды адправімся далей?
– Ды хоць у Парыж… – зло яшчэ не пакідала мяне, – у Парыж, на сена і на Сену.
І ў тое ж імгненне мы апынуліся на зялёнай лужайцы паміж Сенай і Эйфелевай вежай.
Мяне закаподзіла ад алкепаўскага новага фокуса.
– І можна прагуляцца з парыжанкамі?
– Можна, але ты не ў форме. Загадвай наступнае жаданне…
“Хачу на Марс! Пусціце мяне на Марс, – усё яшчэ злосна, не ўголас, каб не пачуў Люцыфер, сказаў самому сабе: На Марс хачу, і ўсё тут…”
Перад намі раскінулася чырвоная пустыня, адкрыўся безжыццёвы ландшафт. Са здзіўленнем паглядзеў на свайго “патрона”.
– Так, гэта Марс, як ты і пажадаў…
– І на ім няма жыцця, так? На думку вучоных і астраномаў…
– Вучоныя твае… Разбіраюцца ў Марсах твае вучоныя. Пачакай мяне, хлопча, тут. Я прывяду да цябе марсіян, як і тваю Ліку. Прыгажэй за парыжанак…
Спусціўся па лесвіцы, прайшоў колькі крокаў па планеце. Прама перад намі – з нічога, з пустэчы, пачало нешта ўздымацца. Вырас высокі гмах, нагадваючы нашыя сучасныя збудаванні З ніжняга паверха выйшла некалькі – чалавек? – марсіянаў? Убачыўшы госця, падышлі да яго, абняліся. Памахалі мне рукамі. Паказаў ім растапыраную даланю, адказваючы ім на вітанне.
Тым часам яны з трума нашага лайнера пачалі выгружаць скрынкі, каробкі, мяхі. Ці не з нашай паляшуцкай петрыкоўскай бульбай? Няўжо і марсіяне не могуць абысціся без нашага асноўнага наедку? Потым усё тое, што яны выклалі, як некуды правалілася. Павольна пачаў апускацца ўніз – апраметную? – і само збудаванне.
Марсіяне зноў памахалі мне рукой, як падзякавалі ўсё роўна. Чакалі, калі Нэма зойдзе ў касмалёт, – і адразу ж зніклі.
– І гэта – Марс? – папытаўся я.
– Дакладна, Марс. Хіба ты не пазнаеш яго? Я ім растлумачыў, што ты пралётам тут... Такія ж, як і мы, людзі, толькі жывуць пад зямлёй. А цяпер куда изволите? На Сатурн, на Бухту Кахання, на Сірыус, на Месяц? А, можа, у іншыя Галактыкі?
А мне болей нічога і нікуды не хацелася. Працягваў гучэць у вушах разгневаны голас Лікі: “Калі ты пакінуў мяне, дык так і скажы…”
Але Д’ябла ужо не спыніць. Мы прызямліліся на нейкай гары. Ішло шмат людзей у адзенні, як я разумеў, мінулага тысячагоддзя. Істэрычны натоўп сунуўся за Чалавекам, улюлюкаў, здзекваўся… Яго жорстка збілі, акрываўлены, у цярновым вянку з калючымі шыпамі. Шыпы ўпіваліся ў цела і з ранаў цякла кроў, залівала вочы. Ён не бачыў дарогі, па якой ішоў… Масіўны, не падняць, крыж прыціскаў Яго да зямлі. Ён спатыкаўся і падаў, зноў уставаў… Стражнікі падганялі Яго важкімі, набрынялымі, Яго ж крывёю, скуранымі і драцянымі паплецінамі…
Не вытрымаўшы, я заплюшчыў вочы, адвярнуўся.
Тыран, мусіць, разумеючы мой стан і мае пачуцці, маўчаў.
Чаго ён дамагаўся, паказаўшы гэты эпізод, крывавую Галгофу? Атрымліваў асалоду і задаволенасць, назіраючы за пакутамі БогаЧалавека? Ці мяне хацеў папярэдзіць. Але ў чым?
– Паляцелі назад! – амаль крыкнуў я, але ўсяго толькі прашаптаў свае словы. – Зараз жа!
– Добра, але для разнастайнасці нашага падарожжа і тваёй дасведчанасці праведаем піраміду Хеопса.
Мы пакружлялі над пірамідай, я паспеў заўважыць, што каля яе тоўпяцца археолагі, раскапваючы пясок, нырнулі ў самы вільчык. Ні за што не зачапіліся. Я, як і ўсё чалавецтва, думаў, што піраміда стаіць на зямлі. Але аказалася, што яна пранікла ў глыбіню на сотні метраў. Мы спаніліся ці, дакладней, селі на апошнім паверсе. Выйшлі з касмалёта. Вакол было светла і ціха. Вентыляцыя была ідэальнай, свежае паветра нячутна гуляла па падземнай прасторы.
– Для чаго мы прыляцелі сюды?
– Толькі для таго, каб ты прачытаў буквар Жыцця Чалавецтва. Паглядзі на гэтую сцяну. На ёй іерогліфы і выявы людзей, розныя сімвалы, чарцяжы, малюнкі... Гэта тэкст. Да яго яшчэ не дабралася чалавецтва, і ніколі не дабярэцца. Бо гэтае памяшканне аховаецца пасланцамі іншых сусветаў. Калі ты хочаш прачытаць і даведацца, што адбудзецца праз сто, тысячу, мільярд гадоў, то павінен надзець вось гэтыя акуляры. Усе значкі і літары ператворацца ў літары і лічбы, ды яшчэ на той мове, якую ты добра ведаеш... Тэкст належыць той цывілізацыі, якая існавала самай першай на Зямлі, яна і даслала папярэджванне вам, зямлянам. Але толькі не мне.