Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Анатас прачыніў акно. І ў майстэрню ўварвалася жыватворнае паветра зямлі… Толькі што прайшоў дождж; лісце на дрэвах блішчэла пад сонцам. Ці ўбачу я калі-небудзь гэта насамрэч, ці мне наканавана да сходу дзён толькі назіраць гэта праз краты турэмнай камеры, у якую змесціў мяне заказчык?
Нічога не казаў Анатасу, хаця ён чакаў ад мяне, пэўна, падзякі. Абыйдзешся, ператопчашся, як казаў некалі мой дзед Ян.
“Божа, ці ўдасца мне здзейсніць задуманае?”
“Удасца… Удасца, Антон. Галоўнае – не губляй веры”.
– Прыцягваюць позірк родныя мясціны? – не вытрымаў, пацікавіўся Спакуснік, нячутна падышоўшы да мяне, паклаў руку на плячо. – Мой родны кут, як ты мне мілы?
Ад нечаканасці ўздрыгнуў. Хацелася нават і сплюнуць тры разы, як вучыла ў дзяцінстве бабуля Анастасія-Настазя, ды яшчэ і крыж на сябе накласці. І я асяніў сябе крыжам. Анатас схамянуўся, ледзь прыкметна аддаліўшыся ад мяне, але нічога не сказаў, толькі кісла ўхмыльнуўся:
– Прыроды ў нас хапае. Родны кут кожнаму. Проста тваё вока яшчэ не навучылася так глядзець на яе, як звыкнешся цяпер… Набудзеш сапраўдны зрок, каб кіраваць караблём – замест мяне, – валадару цемры і пекла трэба быць звышчалавекам…
Паглядзеў на яго: што за ахінею ён вярзе? Хіба ён аддасць мне лейцы кіравання? Які дыктатар ці Люцыфер пойдзе на гэта?
– Калі шчыра, то не разумею цябе, мой Фюрэр. Кіраваць замест цябе? А ты? З чалавечынкі пяройдзеш на ялавічынку?
– Якая чалавечынка, пабойся Бога, як кажуць. Чалавек ужо даўно непрыдатны як харч – тое ў далёкім мінулым. Ён сёння напічканы і нашпігаваны пестыцыдамі і гербіцыдамі. Жывая атрута. Ужо даўно смярдзіць чалавек ад сексу і блуду. Праваняў. Але справа не ў тым, зусім не ў тым…
– А ў чым жа тады, Люцыфер?
– Ты не верыш маім словам, Антон?
– Немагчыма паверыць… Ты прапаноўваеш мне быць тваім уладаром? Хіба ж і над табой патрэбен камандзір?
Д’ябал адвярнуўся ад акна, зацікаўлена глядзеў на мяне, абапершыся азадкам да падваконня. У вачах – сатанінскія іскрынкі, у голасе – “само очарованье”, спроба запаўзці ў маю падсвядомасць. Мне на імгненне падалося, што дзесьці побач зашыпелі змеі, падняўшы галаву…
Ён правёў языком па лілова-сініх губах, кашлянуў, прыставіўшы да рота кулак:
– Я калі-нікалі ўпадаю ў транс: магу спаць, не прачынаючыся. Хто мяне на гэты час можа падмяніць-замяніць? Ніхто. Таму я і выбраў цябе. Апошнім часам усё часцей і часцей правальваюся ў спячку, гэты стан – наркапсія. Чуў пра такое?
Прыйшлося паціснуць плячыма: “А ці не сам знаходжуся ў стане наркапсіі?!”
– Баюся – засну, а тым часам людзі наробяць такога, што ні Д’ябал, ні Бог не расхлябаюць.
– А што яны такога неператраўнага могуць нарабіць, не разумею?
– Ды ўсё, што заўгодна! Ад дурня абароны няма. Прасвятліў іх на сваю галаву. А яны ўжо і мяне пераплюнулі. Узяць хаця б той жа космас: зорныя войны плануюць. Чалавек – гэта адзіны суцэльны парадокс і абсурд. Я толькі з Нютанам на гэтую тэму паспрачаўся, які прарока Данііла ўзяў за аснову, разам з ім прачыталі зашыфраванае пасланне… А ён вазьмі ды і прадкажы канец свету… Ну, закончыцца свет, згіне, а разам з ім і чалавек.
– Баішся за чалавека?
– Баюся, бо чалавек – гэта і ёсць я!
У чым не адмовіш д’яблу – гэта ў шчырасці. Самотны, адзінокі быў цяпер Д’ябал, па д’ябальску самотны і адзінокі.
Мне падалося, што мы нават зблізіліся з ім, недзе і паядналіся.
Выглядаў Анатас так, як і самы першы раз, калі пазіраваў мне. Вочы – зялёныя, твар – зямліста-шэры, капялюш чорна-шэры, з пералівам арнаментаў.
Выходзіла, партрэт крыху не супадаў з тым, які я намаляваў. Намаляваны неяк хітра ўсміхаўся, а жывы – задумлівы і паніклы.
– Ну, што, мой дарагі капітан, прыступім?
– Калі табе не церпіцца, то і прыступім. Падабаюся я табе такім?
– А я не жанчына, каб ты мне падабаўся, – тым жа тонам адказаў яму. – Партрэт хіба робіцца ў залежнасці ад таго, падабаецца чалавек ці не падабаецца?
– Выбачай, не пра тое хацеў папытацца.
– Нічога... Думаю, што ўсё-ткі гэта самы апошні сеанс. Ну-тка, Анатасік, мой дарагі заказчык, Фюрэрчык і Тыранчык, зіркані ў мой бок, ізабразі сваю, анатаса-бясоўскую ўхмылачку! Не круці вочкамі, не шавялі бровамі, каб я памылачкі не дапусціў…Так, так, о-ооо! Правільна, файна!