Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Лявону зрабілася ніякавата. Хоць агульным парадкам нябытнасьць жанчын і аўто яго ніяк ня тычылася – машынамі ён ніколі не цікавіўся, а хутаранка, адзіная дзяўчына, якая яго цікавіла, жыла толькі ў ягонай галаве – ён нарэшце прасякнуўся адкрыцьцём Рыгора, і яно ўзрушыла яго сваім маштабам.
– Мусіць, мы б гэтак жа моцна зьдзівіліся, калі б выявілася, што зямля пляскатая і стаіць на трох кітох, – паспрабаваў ён пажартаваць.
– Што ты гоніш, – адмахнуўся Рыгор. – Як? Як? Як гэтага можна было не заўважаць?! Вось давай, раскажы мне, як гэта ў цябе выходзіла: ты лічыў, што жывеш зь цёткай, але насамрэч цёткі не было? Ты дадому прыходзіў – і не дзівіўся, што яе нямашака ніколі, увесь час недзе швэндаецца?
Лявон паціснуў плячыма. Ён выпрастаў ногі, і промень сьвятла перакрэсьліў іх ярка-жоўтай лініяй.
– А калі не дзівіўся і ня думаў пра яе ніколі, дык навошта ў размове згадваў? Ты ж казаў, памятаеш, у лазьні, што зь цётачкай жывеш?
– Дык мне і запраўды так здавалася. Я не магу растлумачыць.
– А машыны? Ні не напружыўся, што ні машын, ні аўтобусаў няма?
– Рыгору, я ж зусім далёкі ад машын. Нават аніколі пра іх не задумваўся. Мне здаецца, гэтае пытаньне хутчэй да цябе, ты ж у нас аўтасьлесар.
– Блін! І цябе не зьдзівіла, калі я сказаў, што працую аўтасьлесарам у гаражох?!
Лявон паматаў галавой. Ён пачуваўся ўсё горай. Чэрап наліваўся цяжарам, у вушох зьлёгку зьвінела, хацелася прылегчы. Ён адчуў, што зьмерз, дый зноў спытаў Рыгора, куды ён схаваў ягоную кашулю. Рыгор падаў яму кашулю, якая вісела на сьпінцы фатэля, і сваю працоўную куртку. Лявон захутаўся і абхапіў сябе рукамі. Ён адчуў набліжэньне вялікага чыху, і моцна пацёр пераносьсе пальцамі. Чхнуць перахацелася.
– Дзіўна, – сказаў ён, – я ня памятаю ні тога чалавека, хто параіў мне піць апэльсінавы сок, ні тога, хто параіў церці пераносьсе, каб ня чхаць. А мо гэта быў адзін і той жа чалавек?
– Што за глупства, – прабурчаў Рыгор. Ён сядзеў, сьціснуўшы галаву рукамі, утаропіўшыся ў падлогу. – Успамінаю зараз, ці бачыў я ў сваім жыцьці хоць раз жывую бабу, ці ня бачыў. І не магу ўспомніць. У галаве ня тоўпіцца! І бач, усе звыкліся і на’т не заўважаюць. Вось што сама дзіўнае! Быццам так яно і трэба.
– Давай разважаць пасьлядоўна, – прапанаваў Лявон. Ягоныя скроні горача пульсавалі, і думалася нібы праз паперу. – Мы існуем, і значыць у нас былі бацькі. Бацькі – гэта бацька з маці. Маці – гэта жанчына.
Рыгор падняў вочы і глядзеў на Лявона зь некаторай надзеяй.
– Далей. Бо маці-жанчыны калісь існавалі, а цяперака іх няма, дык яны мусілі кудысьці зьнікнуць у перыяд паміж нашым нараджэньнем і цяперашнім момантам. Спачатку можна паспрабаваць узгадаць, калі мы бачылі жанчын апошняга разу. Можаш?
– Ні халеры я не магу! Ужо ўсю раніцу ўзгадваю.
– Я таксама не магу... Тады зойдзем зь іншага боку. Час, калі жанчыны яшчэ існавалі, можна ўдакладніць, вызначыўшы век сама маладзейшага чалавека. Табе колькі гадоў?
– Трыццаць два.
– А мне дваццаць два. Гэта ўжо вынік! Ты каго маладзейшага за мяне ведаеш?
Рыгор памаўчаў і раптам штомоцы ўдарыў кулаком па сваім плеценым сядзеньні, усклікнуўшы:
– Вось чорт! Дзяцей жа таксама няма! Няма нідзе дзяцей! О-о... Што за халера, га?!
Ён пачаў лаяцца і зноў закашляўся. Лявона раздражняла гістэрыка і лаянка Рыгора, і ён, скарыстаўшыся кашлем, адзначана спакойна працягнуў:
– Добра, дапусьцім, што я – наймаладзейшы. У такім выпадку, калі жанчыны – маю на ўвазе маю маці – яшчэ існавалі, дык табе было ня менш за дзесяць гадоў. Няўжо ты нічога зь дзяцінства ня памятаеш?
Рыгор, не перастаючы кашляць, груба выялаяў Лявона. Сутнасьць ягонай лаянкі зводзілася да таго, што не, ён анічога ня памятае пра жанчын. Лявон з абрыдай змоўк, Рыгор зрабіўся яму даканцова агідны. Яны сядзелі ў прыцемку, гледзячы ў розныя бакі: Лявон – на сонечную шчыліну ў браме, Рыгор – на цьмяны водбліск на клюбах. Праз колькі хвіляў Рыгор пахіснуўся ў фатэле наперад і ўстаў.
– Прабач, браценік, не хацеў пакрыўдзіць. Я ў такім шоку, што зусім ня цямлю нічога.
Ён крануў Лявона за плячо. Падыйшоў да выйсьця, ляснуў замком і расчыніў браму. Яркае ранішняе сьвятло запоўніла гараж, і абодва з палёгкай уздыхнулі. Рыгор узяў на варштаце цыгарэты, выйшаў на вуліцу і закурыў, разглядаючы сьляды цяжкіх ботаў у пыле.
– Гэта ж трэба было так застудзіцца... Мазгі трэскаюцца. Памыліся, бычыш, халоднай вадзіцай. Табе добра, ты хоць ня перхаеш.
Лявон таксама ўстаў і выйшаў. Кружылася галава, і яго мякка заносіла, быццам ён плыў у нябачных водных бруях. Ён з асалодай падставіў твар сонцу і заплюшчыў вочы. Яму пацяплела. Ён слухаў, як цьвіркаюць вераб'і недзе за гаражамі, як Рыгор выпускае з рота тытунёвы дым. Хацелася дадому.
– Але як нас усёткі высачыў спэцназ? Гэта таксама значна. Яны ўжо ведаюць нашы адрасы і імёны? Можна вяртацца дахаты, ці там чакае засада?
– Дзядзька Геня ня мог нас здаць, – Рыгор патрос галавой. – Не такі ён чалавек. Тым больш калі б гэта дзядзька Геня здрадзіў, дык прыйшлі б менавіта ў мой гараж, а не ламіліся ў кожныя дзьверы. Згодны?
– На’т ня ведаю... – працягнуў Лявон, абціраючы нос. – Можа, ён дзеля кансьпірацыі грукаў ува ўсе брамы, а зараз прытаіўся і чакае?
– Мог бы тады адразу прытаіцца ды чакаць! Які сэнс хадзіць і грымець? Не, навёў нехта іншы, хто мяне ня ведае і ня ведае мой гараж, але бачыў, як мы йшлі ў гэты бок.
– Можа, з вокнаў дома? – Лявон кіўнуў у бок пяціпавярховак.
– Так! Дакладна! – ажывіўся Рыгор. – Тут у адным з бліжэйшых дамоў бабка жыве, і ўвесь час у вакно глядзіць. Яна і здала! Вось транда старая! – Рыгор пагразіў кулаком у бок ейнае хаты. – Я на’т памятаю прыкладна ейнае вакно. Пайшлі! Наладзім ёй шчасьлівую старасьць!
– Бабка? – асьцярожна ўдакладніў Лявон пасьля паўзы.
Яны ўважліва паглядзелі адзін на аднаго.
– Ты ўпэўнены, што гэта менавіта бабка?
– Упэўнены! Ейныя валасы даўгія і сівыя, сабраныя ў хвост. І твар такі – круглы ды тоўсты, – Рыгор паказаў рукамі, які ў бабкі твар. – Дый што меркаваць, пайшлі спраўдзім, хто яна ёсьць, бабка ці дзед! Можа, чуеш, гэта апошняя бабулька на сьвеце. Стой, аўтамат табе навошта? Няўжо рука на бабулю падымецца?
Лявона зьдзівіла непасьлядоўнасьць Рыгора. «То забіць яе хоча, то бабуляй называе. Пэўна, гэткія крайнасьці ў думках вынікаюць праз хваробу. Таму дрэнна, што ён у кожны момант можа наладзіцца і супраць мяне. Трэба нарэшце сыходзіць ад яго, але толькі тактоўна і асьцярожна», – прыкладна так разважыў ён, а ўголас сказаў:
– Маеш рацыю! Але ўва ўсякім выпадку тут небясьпечна, і нам пара адсюль уцікаць. Давай паглядзім на бабулю дый разыдземся па хатах. І калі ты не супраць, дык я возьму сабе грошай на ровар.
З насьпелю Лявон гундосіў. Рыгор махнуў яму рукой – рабі, што хочаш – і адвярнуўся. «Хай валіць», – падумаў Рыгор. Пасьля таго, што сёньня адбылося ў ягоных мазгох, цікавасьць да знаёмства зь Лявонам загасла. Пра тату ён наогул успамінаў з агідай. Галава балела, у горле пяршыла. Рыгор ізноў закурыў, спрабуючы кіраваць струмень дыму ў роце на ўчасткі горла, якія сьвярбелі. Лявон зьнік на хвіліну ў гаражы, а потым няцьвёрда зьявіўся адтуль, ужо са сваім заплечнікам. Ён цёр пачырванелыя вочы, ягоны нос зусім распух. Куртку ён зьдзець забыўся, але Рыгор ня стаў яму пра гэта казаць. «Хай бярэ сабе на памяць. Нахалеру мне гэтая куртка цяпер».
Яны падыйшлі да пяціпавярхоўкі і спыніліся на адваротным баку вуліцы, там, дзе шыбаваў ураніцу Рыгор. Рыгор узіраўся ў пустыя вокны, спрабуючы вызначыць, у якім зь іх ён бачыў бледны круглы твар. Гэта быў другі паверх, бліжэй да рогу дома, але ў пэўным вакне ён сумняваўся. Здаецца, шыба мусіць быць падвойная, а не трайная. Мабыць, кухня. Ён прайшоўся туды-сюды, кідаючы бакавыя, быццам незнарочныя погляды на фасад і ловячы адчуваньне шляху на працу. Найверагоднейшымі яму здаліся два суседнія падвойныя вокны ў прасьвеце паміж клёнамі. Рыгор паказаў на іх пальцам: