Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Дык ты даўно жанчын ня бачыў? А як жа твая жонка і дачкі? Ці ня ты казаў, што ў цябе ё жонка і дачкі, і што ў кватэры цесна? І што вы з жонкай марыце купіць кватэру і жыць асобна?
Рыгор са злосным тварам павярнуўся да Лявона і замахнуўся на яго кулаком:
– Чортаў тормаз! А хіба ня ты казаў мне пра сваю цётку? Дык успомні зараз, бачыў ты яе хоць калі, ці не!
Цётка? Цётачка? Звычайна Лявон аніколі пра яе ня думаў. Цяпер, асьцярожна пачаўшы абмацваць яе атожылкамі свае падобнае да цеста думкі, ён выявіў суцэльную пустэчу. Было толькі само слова «цётачка», полая абалонка, яечная шкарлупіна, але пазбаўленая ўсіх уласьцівасьцяў шкарлупіны – вагі, крохкасьці, гладкасьці, беласьці. Лявон трохнуў галавой –такія думкі таксама вельмі нагадвалі высокатэмпэратуравае трызьненьне. З носу зноў выцякла кропля. Трэба вярнуць думаньне ў практычнае рэчышча. Калі ён бачыў цётачку апошняга разу?.. І раптам Лявон зьбянтэжана зразумеў – аніколі. Ні твару, ні фігуры, ні голасу, ні вязанай кофты. Акрамя дзьвярэй у ейны пакой, заўсёды зачынены, ніякіх візуальных вобразаў выявіць не ўдалося, ня кажучы ўжо пра падзеі зь ейным удзелам. Лявон паўтарыў колькі разоў: «цётачка, цётка, цёця» але дамогся толькі тога, што слова страціла ўсякі сэнс і ператварылася ў пусты гук, без азначэньня. Гук жа сам сабою быў нейкі бязглузды і малапрыемны.
Ад разважаньняў Лявона адцягнуў Рыгор, з надзеяй крануўшы яго за плячо.
– Ну дык што? Ё цётачка ці няма?
– Падобна што няма, – разгублена адказаў Лявон.
– Зразумела... Чакай! У дзядзі Гені яшчэ жонка была, раптам ён нешта ведае! – Рыгор падхапіўся і пабег да вартоўні дзядзі Гені, забыўшыся, што той зьяўляецца не раней абеду.
Гэта выглядала сьмешна – Рыгор бег паўз гаражоў, у чырвоных майткох, з выпнутым жыватом – і Лявон нават заўсьміхаўся праз сусьлі. Падымалася сонца, ягоныя промні ўжо асьвятлілі бляшаныя дахі, і паветра ўгары пазалацела, папразрысьцела. Лявон выцягнуў руку, але не дастаў да промня, той быў яшчэ занадта высока. Значыць, цётачкі няма? Гэта вельмі дзіўна, вядома, але навошта так хвалявацца? Няма дык няма. Аднак Рыгору складаней: адна справа цётачка, а зусім іншая – жонка з дачкамі...
Тым часам Рыгор дабег да будкі дзядзі Гені, заскочыў у яе і ляснуў за сабою дзьвярыма. З моцнага ўдару дзьверы спружынілі і з рыпам адчыніліся зноў. Рыгор са злосьцю зачыніў яшчэ раз. Каб супакоіць узрушэньне, яму трэба было заняць сябе нейкімі актыўнымі дзеямі. Ён схапіў газэтку з напалову разгаданымі крыжаванкамі і паглыбіўся ў першае наўзгад пытаньне. Морская рыба сямейства трасковых, шэсьць літараў. Зграя сабакаў, пяць літараў. У горле заказытала, быццам бы туды занурылася вясёлая казурка з намерам давесьці яго да сьмеху сваімі тонкімі лапкамі. Рыгор адкінуў газэтку і колькі хвіляў суха кашляў, трымаючыся рукою за грудзі.
Крыху адкашляўшыся, ён адчуў палёгку. Перавёў запалёны погляд воддаль, на вуліцу, і сядзеў, асьцярожна дыхаючы, баючыся зноў разварушыць казурку. Бярозавыя верхавіны ўжо блішчэлі кожным лісьцікам на сонцы, камялі ж яшчэ заставаліся ў цені. Удалечыні, у прыцемку ходніку, бачылася фігурка, якая спачатку нагадвала яшчэ адзін камель на павароце дарогі, але неўзабаве, праз рэзкія рухі і хуткае набліжэньне, склалася ў чалавека. Прыгледзеўшыся, Рыгор пазнаў чорны строй спэцназаўца. Ён адрэагаваў імгненна: сьлез са стольца і прысеў на кукішкі. Потым асьцярожна выбраўся з будкі, стараючыся не расчыняць дзьверы шырока, і, прыгнуўшыся, пабег да Лявона.
– Хаваемся! Гэтая пачвара высачыла нас!
Лявон устаў зь зямлі і масьціўся нешта сказаць, але Рыгор, не слухаючы, пацягнуў яго за руку ў гараж. Зачыніўшы браму, ён навесіў на яе знутры тоўсты жоўты замок і павярнуў ключ.
– Якая яшчэ пачвара? Хто нас высачыў?
– Той спэцназавец! Ідзе сюды. Так: сядзім ціха, напагатове, але першымі не страляем, – Рыгор выцягнуў аўтаматы з-за халадзільніка і падаў адзін Лявону.
Яны затаіліся: Рыгор сеў у фатэль і накіраваў рулю на браму, а Лявон апусьціўся на падлогу, прыхінуўшыся сьпіной да варштата. Лявон усьміхаўся, ён у чарговы раз пацешыўся сваім успрыманьнем Рыгоравай мовы: на слове «пачвара» ён уявіў сабе гэтую пачвару, нейкага гарбуна з гнілымі зубамі і пакрытым лішаём тварам. «І калі я навучуся разумець ягоныя мэтафары?» Жалезная ножка варштата непрыемна халадзіла скуру, і Лявон спытаў, ці ня бачыў Рыгор ягоную кашулю. Рыгор не адказаў.
– Чаму нам проста не забіць яго? – зь цішыні і цемры Лявон перайшоў на шэпт.
– Зараз убачыць, што нас няма, дый сыдзе. Лепш абысьціся бяз трупаў.
– Цікава, як яму ўдалося нас высачыць?
– Халера яго ведае! Хтосьці здаў мяне.
– Можа, гэта твой дзядзя Геня? Мы ўчора па шляху больш анікога ня бачылі, – Лявон з бульканьнем уцягнуў у сябе сусьлі.
– Я заб'ю яго, калі гэта ён. Усё! Ціха.
Яны змоўклі. Стала чуваць, як гудзе пад стольлю муха. Створкі брамы ўверсе прымыкалі адно да адной ня шчыльна, і адтуль пахільна ўніз падаў пляскаты і паслаблены промень сонца. Праз промень павольна праляталі і ўспыхвалі пылінкі, і раз-пораз чорным мэтэорам праносіліся муха. Ціха адчыніўся халадзільнік, асьвятліўшы гараж сваёй жоўтай лямпачкай. Рыгор нешта нячутна перасоўваў унутры, адкідаючы на сьцяну вялізны цень. «Быццам ля вогнішча сядзім», – падумаў Лявон. Зь лёгкім кароткім скрыгатам Рыгор адкаркаваў бляшанку з аліўкамі і падаў яе Лявону. Ягоныя вочы загадкава бліснулі ў сьвятле халадзільніка. Лявон сунуў пальцы ў бляшанку і ўхапіў мокрую аліўку. Пакуль ён спрабаваў яе разгледзець, колькі ледзяных кропель расолу ўпалі яму на грудзі. Лявон пасьпяшаўся адправіць аліўку ў рот, але не глытаў, перакочваў яе і грэў. Рыгор адпусьціў дзьверцы халадзільніка, і яны зачыніліся, глуха цмокнуўшы.
Неўзабаве звонку пачуліся стукі. Мабыць, спэцназавец грукаў у дзьверы гаражоў нагой або прыкладам. «Шукае незачынены гараж. Вось дэбіл», – усьміхнуўся Рыгор, ловячы ў бяляшанцы сьлізкую аліўку. І адразу ж яму стрэльнула: на ўсіх гаражох звонку вісяць замкі, а на ягоным – не вісіць! Так зглупіць! Зрэшты што ён мог? Як, знаходзячыся ўнутры, навесіць замок звонку? З прыкрасьці яму закарцела разнасьцежыць браму і разьвязаць праблему доўгай аўтаматнай чаргой. Але памяркоўнасьць перамагла: пакуль ён стане расхінаць браму і выскокваць, у спэцназаўца будзе выдатная мажлівасьць прыцэліцца. Лепш сядзець на месцы.
Стукі набліжаліся. Цяпер было слыхаць нават крокі цяжкіх ботаў па зямлі. Вось пачуўся ўдар у дзьверы Рыгорова аўдыё-гаража. Крокі. Рыгор і Лявон напружыліся. Спэцназавец грукнуў ботам у браму (па глухому гуку зразумелася, што гэта не прыклад, а менавіта бот), замок ляснуў, промень сонца са шчыліны тузануўся і захістаўся. Крокі аддаліліся. Здаецца, спэцназавец быў ня надта кемлівы і не зьвярнуў аніякае ўвагі на немень замка. Ён пайшоў назад, стукаючы ў дзьверы гаражоў ужо па другім баку двара.
– Сапраўдны паўдурак, – прашаптаў Рыгор. – У школе дрэнна вучыўся. Сэнсу вось так ботам стукаць? Чаго ён хоча дамагчыся?
У горле зноў пачала скрыжавацца казурка. Нахінуўшыся так, што грудзі ляглі на калені, і заціскаючы рот далоньню, ён змагаўся з прыступам, але вытрымаў нядоўга і пачаў ціха кірхаць. На ўдачу спэцназавец адыйшоў ужо далёка і не пачуў.
Пасьля таго, як звонку сьціхлі і крокі, і стукі, яны дзеля надзейнасьці яшчэ хвілін дзесяць нерухомелі ў цемры. Рыгор дапіваў апошнюю бутэльку піва, пакрысе спакайнеючы. Упэўніўшыся ў бясьпецы, ён узгадаў сваё адкрыцьцё, і ў параўнаньні зь ім пагроза спэцназа здалася яму сьмешнай і шчасьлівай.
– У галаве ня ўкладваецца, – сказаў ён гучна. – Як я раней мог гэтага не заўважаць?! Аўтамэханік! Ха-ха! Аўтамэханік без машын! Трызьненьне. Можа, я сапраўды звар’яцеў? – ён неяк нядобра паглядзеў на Лявона, і той увесь падабраўся, чакаючы якога злоснага выбрыку. – А жонка? А дачкі? А цешча з бабкай? І я яшчэ скардзіўся, што цесна! О-о... Мы ж удваіх з татам жывем, уяві?