Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Культурология » Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум

Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:

Кніга арыгінальная і па змесце, і па форме. Яна складаецца з 12 нарысаў, аб’яднаных тэмай усходняга, так званага «жывёльнага», календара. Але цікавіць аўтара не столькі кітайскі менталітэт, колькі сувязь культур, стаўленне славян да адпаведных жывёл-сімвалаў, праз ацэнку якіх лепш пазнаюцца еўрапейскія этнасы. Кожны артыкул кнігі ўяўляе сабою культуралагічнае эсэ, насычанае выключна багатай і малавядомай шырокай публіцы інфармацыяй. Пры тым, што ўсе артыкулы чытаюцца надзвычай лёгка, стылёва яны выглядаюць па-рознаму: у адных больш навуковасці, у другіх — філасафічнасці, трэція прасякнуты лёгкім гумарам. Каштоўнасць працы — у выказаных аўтарам шматлікіх гіпотэзах, цікавых дапушчэннях, што тычацца міфалагічнай спадчыны еўрапейскіх і азіяцкіх народаў, у праведзеным тыпалагічным аналізе, у шырокім прыцягненні фактаў з гісторыі літаратуры і мастацтва. Кніга разлічана на школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў, на ўсіх, хто цікавіцца міфалогіяй, старажытнай і сучаснай культурай народаў свету.
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 62
Перейти на страницу:

Зусім блізкія да беларусаў — балты. Іх бог грымотнік Пяркунас імчыць па небе ў вогненай калясніцы, запрэжанай белым, чорным і нават чырвоным коньмі. Але ў балтаў быў спецыяльны бог коней Усіньш. Ён едзе на дзевяці конях, або яго конь бяжыць адначасова па дзевяці дарогах. Усіньш вырошчвае і выхоўвае коней, ён сам — конь. Бачачы добрага каня, латышы ці літоўцы ўскрыкваюць: «О, Усіньш!» Дзень ушанавання балцкага бога супадае з нашым днём Святога Юр’я, калі першы раз вясною выганяюць свойскую жывёлу ў поле. У конскага бога ёсць два сыны з чырвонымі галовамі: адзін — пастух, другі — араты. Нездарма Усіньшу ахвяруюць два кавалкі хлеба і невыпадкова стрэхі дамоў упрыгожваюць з двух бакоў конскімі галовамі [28, 67]. Дзеці Усіньша нагадваюць арыйскіх Ашвінаў і грэчаскіх Дыяскураў, што гаворыць пра старажытнасць усіх гэтых вобразаў.

У літоўскіх міфах гаворыцца, што конь створаны з сонца. Сапраўды, Усіньш блізкі да сонца і шануецца як ахоўнік агню. Ён лічыцца сынам нябеснага бога Дыяваса (ад імя якога паходзіць і Зеўс). Усіньша звязваюць з залатой расой, мёдам і півам. Ён адраджаецца кожную вясну і кожны дзень. Відаць, у старажытнасці ён выступаў як бог рання, адпавядаючы егіпецкаму Гору ці славянскаму Хорсу. Ускосна пра гэта нагадвае яго імя, блізкае да латышскага aust, літоўскага austi — «днець», лацінскага austra — «усход». Найбагацей распрацавана міфалогія каня ў антычных грэкаў. Яшчэ даалімпійскі бог Сонца Геліяс імчаў па небе на чацвёрцы вогненых крылатых коней, якія ўвасаблялі чатыры бакі свету ці чатыры пары года. Толькі аднойчы Геліяс даверыў калясніцу свайму сыну Фаэтону, і той не справіўся з упраўленнем, ледзь не пагубіўшы зямлю, калі залішне блізка наблізіўся да яе. Сучасныя вучоныя звязваюць міф з нейкай касмічнай катастрофай, што выпаліла паверхню Зямлі: магчыма, з узрывам планеты Фаэтон, якая размешчалася паміж Марсам і Юпітэрам. Трагедыя сына Сонца прыцягвала многіх мастакоў: Леанарда да Вінчы, Мікельанджала, Цінтарэта, Рубенса, Пусена, у ХХ ст. — Пікасо. А рака Эрыдан, у якую, паводле міфа, упаў забіты маланкай Зеўса Фаэтон, гэта наша беларуская Дзвіна [3, 18].

Паэтычна-трагічны міф аб Фаэтоне нагадвае, што коні — не толькі носьбіты святла, сябры, паплечнікі людзей, — у іх шмат і іншых функцый, у тым ліку сувязь са светам памерлых. У Грэцыі кентаўры (напалову людзі, напалову коні) ігралі ролю настаўнікаў у ініцыяльных саюзах юнакоў, уводзячы апошніх у свет мужнасці і мудрасці. Міф пра кентаўра Хірона, настаўніка Ахіла, парадыгматычны. Але нагадаем, што падчас ініцыяцыі, як правіла, пакутлівай, страшнай, юнак нібы паміраў і, апрытомнеўшы, адчуваў сябе народжаным нанова. Таму конь і быў звязаны з іншасветам: ён — атрыбут падземных багоў або часам нават вобраз, які прынімала душа нябожчыка.

Хтанічныя персанажы нярэдка таксама звязаны з канём. Мядуза, якую перамог герой Персей, на некаторых малюнках прадстаўлялася з конскай галавой і крылатым целам. Ад яе і марскога бога Пасейдона нарадзіўся конь Пегас. Паходжанне Пегаса ад бога Пасейдона даказвае, што ў грэчаскай міфалогіі конь звязаны са стыхіяй вады. Само імя крылатага каня паходзіць ад слова «pegai» — марская вада. А вядома, што марскія божышчы тыпалагічна блізкія да хтанічных.

На Пегасе герой Белерафонт перамог пачварную Хімеру, затым жанчын-ваярак амазонак і паімкнуўся нават падняцца на Алімп. Багі за гэта пакаралі яго вар’яцтвам, а Пегас пачаў вазіць самога Зеўса, прычым конь прыносіў вярхоўніку перуны ды маланкі. У некаторых старажытных пісьменнікаў Пегас лічыўся канём багіні ранішняй зоркі Эас. Вазіў ён на сваёй спіне і дзевяць Муз: багіні мастацтваў любілі Пегаса за тое, што пад ударам яго капыта адкрылася цудоўная крыніца — Гіпакрэна, ад якой атрымалі натхненне многія паэты старажытнай Грэцыі. Вось чаму Пегас пачаў увасабляць творчы парыў і ўвогуле звязаны з паэзіяй.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 62
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)