Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
- Автор: Шамякина Татьяна Ивановна
- Год: 2007
- Язык: белорусский
- Год: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы
- ISBN: 978-985-500-101-1
- Жанр: Культурология
Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:
Хтанічную прыроду каня адзначаюць шматлікія даследчыкі. У казках яна пацвярджаецца праз шматлікія элементы апавядальнай структуры, напрыклад, тое месца, дзе знаходзіць герой багатырскага каня: у гары, у склепе ці пячоры, прыкаванага на дванаццаці ланцугах; часам герою дорыць каня яго памерлы бацька з магілы (успомнім, што скіфаў хавалі разам з коньмі). Вядомы расійскі даследчык фальклору У. Проп звярнуў увагу на тое, што ў некаторых дэталях казка захоўвае больш архаічныя рысы, чым грэчаская рэлігія. У казцы каня дае мярцвяк, у антычнай міфалогіі даруюць коней заўсёды ўжо багі [86, 173]. У. Проп мае на ўвазе, што культ продкаў больш старажытны, чым пантэон. Гэта сапраўды так. Тым і каштоўныя казкі: яны данеслі да нашага часу тыя вераванні, якія яшчэ не склаліся ў застылыя персаніфікацыі, але тым не менш выявіліся ў складанай сістэме сімвалаў. Галоўная наша думка: конь адыгрывае важнейшую ролю ў цыкле смерць — адраджэнне — несмяротнасць. Звычайна даследчыкі прыводзяць некалькі іншую формулу: нараджэнне — смерць — новае нараджэнне. Мы ж акцэнтуем увагу на несмяротнасці — вечнасці. Прычым у прасторы казкі ні адзін з трох названых элементаў не можа быць экстрапаліраваны і разгледжаны ў адрыве ад астатніх — інакш перавернецца сістэма каштоўнасцей. Толькі маючы на ўвазе гэту ўмову, функцыя каня ў якасці салярнай і хтанічнай, трыумфальнай і пахавальнай, божаскай і бясоўскай жывёлы не будзе супярэчыць сама сабе.
Такім чынам, герой атрымоўвае каня з магілы. Вельмі часта конь белы — гэта азначае, што ён страціў цялеснасць (на такім кані ездзіць у Апакаліпсісу сама смерць). І А. Галан, і У. Проп лічаць белага каня душой нябожчыка. Значыць, конь даруецца бацькам, і конь, як можна меркаваць, — сам бацька (яго душа): герой падароджнічае на ўласным бацьку, таму і атрымоўвае ад каня дапамогу (у егіпецкай рэлігіі ад ужо мёртвага Асірыса нараджаецца бог ранішняга сонца Гор) [120, 34–36]. Але прынцып міфалагічнага мыслення абавязкова патрабуе супрацьлеглай якасці-функцыі: конь звязаны не толькі з мінулым, але і з будучым, часта або сам прарочыць, або ўдзельнічае ў прадказаннях. У сербскім эпасе вешчы конь прадказвае смерць свайму гаспадару Марку Кралевічу. У «Аповесці мінулых гадоў» (пад 912 годам) жрэц-вяшчун прадказвае смерць князю Алегу ад каня, і князь вымушаны адмовіцца ад жывёлы-сябра; праз шмат гадоў Алег смяецца над прароцтвам, наступаючы на чэрап свайго каня, але з таго выпаўзае змяя і кусае Алега, ад чаго той памірае (зноў сувязь змяі і каня). З пазнейшай гісторыі вядома, што ў Пскове загінуў конь Івана Грознага, і жорсткі цар, убачыўшы ў гэтым знак-пагрозу ўласнаму жыццю, нават адмовіўся ад пакарання псковічаў. У казках конь заўсёды папярэджвае героя пра небяспеку і дае парады, як дасягнуць жаданага.
Такім чынам, з канём нездарма звязаны круг, калясніца: ён замыкае сабою кола часу. Адсюль натуральная сувязь з вечнасцю, несмяротнасцю. Акрамя таго, неабходна памятаць, што міфалагізаваны конь мае дачыненне і да сонца, і да апраметнай. Сонца і пекла самі звязаны паміж сабою непарыўна. Конь — атрыбут сонца (ці само сонца): ён з’яўляецца сувязным паміж нашым светам і іншасветам па той прычыне, што так падарожнічае сонца — і па небе, і пад зямлёю. Трыдзесятае царства ў казках — вобласць выпрабаванняў і трансмутацый, смерці і ўваскрэсення. У многіх казках герой — аналаг сонцу, у іншасвеце ён павінен набыць новае цела і новую душу, веданне імёнаў і таемнай мовы, здольнасць перамяшчацца ў паветры і валодаць агнём, знаходзіць тых, хто апынуўся ў іншасвеце (маці, жонку, сястру) і вяртаць іх у свет жывых. Вось гэта, бадай, самая таямнічая функцыя жанру! Казкі — рэшткі нейкіх далёкіх-далёкіх цудаў, у якія сам апавядальнік ужо не верыць, але па якіх моцна, пакутліва сумуе — інакш казкі не дажылі б да нашага часу. Сапраўды, калі герой ці яго конь (гэта можа быць адно і тое ж — успомнім Сур’ю), — Сонца, то зразумела, чаму ён вяртаецца з апраметнай: сонца кожную раніцу нязменна ўстае над даляглядам (англійскае «horse» — «конь» адпавядае славянскаму богу ранішняга сонца Хорсу). Але што сімвалізуе тая жанчына, з якою разам вяртаецца герой? Уласную яго душу, якую можна набыць, узбагаціць, ачысціць, зрабіць несмяротнай толькі падчас цяжкіх выпрабаванняў? Ці гэты вобраз мае адносіны да нейкага касмічнага аб’екту? (Поўні?) Але часам герой вяртаецца з трыдзесятага царства са здабытым там канём (ён — вышэйшая каштоўнасць), якога якраз і можна разглядаць як душу героя — тут выбудоўваецца па-міфалагічнаму стромкі ланцуг: герой — душа — конь — сонца. Магчыма, вобраз каханай (ці маці) героя у казках — гэта сімвал нейкага вышэйшага стану чалавечага існавання, які, згодна платонікам, не смерць, але адрозніваецца і ад жыцця ў нашым звыклым разуменні — таму дзеянне і адбываецца ў іншасвеце? (Гэты стан — каханне ці нешта іншае?) А можа быць, бег каня ў казках — гэта палёт думкі, якая вяртаецца з найвялікшай каштоўнасцю — новым вобразам, новым разуменнем свету, спасціжэннем сутнасці, прыхаванай прыроды рэчаў? Нездарма ў Кітаі крылаты конь носіць на спіне Кнігу Закона. Вось чаму ён і быў узяты з Задыяк. Такім чынам, з казачным канём звязана мноства пытанняў.