Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Культурология » Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум

Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:

Кніга арыгінальная і па змесце, і па форме. Яна складаецца з 12 нарысаў, аб’яднаных тэмай усходняга, так званага «жывёльнага», календара. Але цікавіць аўтара не столькі кітайскі менталітэт, колькі сувязь культур, стаўленне славян да адпаведных жывёл-сімвалаў, праз ацэнку якіх лепш пазнаюцца еўрапейскія этнасы. Кожны артыкул кнігі ўяўляе сабою культуралагічнае эсэ, насычанае выключна багатай і малавядомай шырокай публіцы інфармацыяй. Пры тым, што ўсе артыкулы чытаюцца надзвычай лёгка, стылёва яны выглядаюць па-рознаму: у адных больш навуковасці, у другіх — філасафічнасці, трэція прасякнуты лёгкім гумарам. Каштоўнасць працы — у выказаных аўтарам шматлікіх гіпотэзах, цікавых дапушчэннях, што тычацца міфалагічнай спадчыны еўрапейскіх і азіяцкіх народаў, у праведзеным тыпалагічным аналізе, у шырокім прыцягненні фактаў з гісторыі літаратуры і мастацтва. Кніга разлічана на школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў, на ўсіх, хто цікавіцца міфалогіяй, старажытнай і сучаснай культурай народаў свету.
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 62
Перейти на страницу:

А вось у суседзяў грэкаў — этрускаў — быў не адзін крылаты конь, а два. Магчыма, з імі і звязаны блізняты Ашвіны або Дыяскуры. Спачатку міфалагічныя коні — самыя гордыя істоты на свеце — былі абсалютна свабодныя: яны насіліся ад небакрая да небакрая, а часам узмывалі і ўвысь. Ды і самі багі — як Сур’я ці Усіньш — часта ператвараліся ў коней. Толькі пазней небажыхары пачалі запрагаць непакорлівых жывёл, прычым не толькі язычніцкія багі, але і хрысціянскія святыя, напрыклад, Георгі Пераможца, які відавочна звязаны з сонечным культам. Святыя і героі заўсёды ездзілі на белых конях, якія сімвалізавалі перамогу ў ярасным баі, можа быць, перамогу і над сабою, сваёй цялеснай прыродай.

Белы конь належыў і славянскаму богу Светавіту, чый храм знаходзіўся ў святым горадзе Арконе на востраве Руген у Балтыйскім моры. Чатырохтвары бог з высокай гары назіраў за чатырма бакамі свету і кожную ноч выязджаў на кані для барацьбы з ворагам — відаць, богам ночы Чарнабогам. З дапамогай боскага каня і гадалі, і прадказвалі будучае.

Архетып касмічнага каня выступае апірышчам народнага светаадчування і невычэрпным вытокам духоўных сіл. Нездарма гэты вобраз так шырока ўвайшоў у фальклор і прыгожае пісьменства.

Міфалагічныя сонцавобразы не толькі аснова народнага светаадчування — яны сталі неад’емнай часткай народнага мастацтва і паўсядзённага побыту. Конскія галовы, умацаваныя на краю страхі, як бы неслі дом у касмічную далячынь: уся кампазіцыя сімвалізавала сонечную калясніцу. Сонца прысутнічала тут жа, на франтоне, у выглядзе, напрыклад, разеткі, а конскімі галовамі ўпрыгожвалі, акрамя верху хаты, і посуд, лыжкі, іншыя прадметы; падкову вешалі на дзверы; часта коні ў стылізаваным выглядзе пазнаюцца ў арнаменце.

Але асабліва багата коні адлюстраваны ў казках. І хоць лічыцца, што казкі ствараліся на аснове міфаў, далёка не проста расшыфраваць іх складаны код. Безумоўна, могуць быць прамыя касмічныя рэмінісцэнцыі, напрыклад, у адной з польскіх казак Сонца едзе ў алмазнай калясцы, запрэжанай дванаццаццю залатагрывамі конямі (сіўкамі), што адпавядалі дванаццаці месяцам года. Такім чынам, казка заканамерна дапоўніла шматлікую нумералагічную сімволіку, характэрную для міфалагемы каня: коні ўвасаблялі трыкалор (белы, чорны, чырвоны колеры), чатыры пары года і чатыры натурфіласофскія стыхіі, сем напрамкаў свету (чатыры асноўныя плюс зеніт, надзір, цэнтр) і дзевяць нябесных сфер (у балтаў).

Аднак у большасці выпадкаў конь выступае як важнейшы персанаж казкі і часам дзейнічае нават больш актыўна і прадуктыўна, чым асноўны герой, што і робіць казку ў многім таямнічым відам слоўнай мастацкай творчасці. Але перш чым гаварыць пра ролю каня ў казках, адзначым найперш функцыю казкі як такой. Казка — звязка. Распавядаць казку — значыць ў першую чаргу звязваць, складваць словы і прадметы. Казка ўстанаўлівае шматлікія кантакты, гэта сфера камунікацый: вось чаму такое вялікае значэнне тут мае дарога, бо дарога — сувязь, сустрэчы. А дзе дарога — там конь. Праўда, у даволі значнай частцы беларускіх казак (паводле разлікаў С. Шамякінай, да чвэрці) герой падарожнічае пешшу. Значыць: або гэтыя казкі такія старажытныя, што складаліся яшчэ да прыручэння каня, або на персанажаў не ўскладваюцца тыя задачы, якія вырашаюцца з дапамогай каня. А важнейшыя з гэтых задач: змаганне героя з супраціўнікам — хтанічнай істотай (Цмокам, Змеем) і падарожжа ў іншасвет для таго, каб вярнуць з дапамогай каня найвялікшую каштоўнасць — часцей за ўсё любімую жанчыну [120, 24–30].

Конь сам, як мяркуе ізраільскі даследчык А. Галан, з хтанічнага свету, яго параджэнне: «Конь не толькі „пераносіў“ памерлага на той свет. Ён, як і яго папярэднік алень, уяўляўся прадстаўніком іншасвету» [24, 49]. Вучоны звяртае ўвагу на дэманічны характар каня ў рытуалах. Сапраўды, на Купалле палешукі спальваюць у вогнішчы чэрап каня як увасабленне «відмы», смерці. У Літве захаваліся старажытныя надмагільныя пабудовы ў выглядзе галавы каня. Літаральна ва ўсіх індаеўрапейскіх народаў конскі чэрап выступаў у якасці будаўнічай ахвяры. Але ён жа — і абярэг. У старажытнай украінскай казцы «Кобіляча голова» ў хацінку да дзяўчыны пастукалася конская галава. Паслядоўна выконваючы ўсе просьбы галавы — аж да праходжання праз яе вушы — дзяўчына ператвараецца ў прыгажуню і набывае багацце [75, І, 119–120].

Улазіць і вылазіць праз вушы каня (радзей — каровы), у выніку чаго змяняецца выгляд і статус героя, — адзін з самых распаўсюджаных казачных матываў. Ён, магчыма, звязаны з ініцыяцыяй, якая азначала смерць і новае нараджэнне, прычым сімвалічна гэта выяўлялася ў праходжанне праз цела хтанічнай жывёлы, якою мог быць і конь: ёсць сведчанні, што на месцах ініцыяцый ў лесе будаваліся хацінкі ў форме каня. Але адкуль увогуле з’явілася міфалагема памірання як праходжання праз чыё-небудзь цела — часцей змея? На нашу думку, тут іграў ролю зноў-такі салярны культ, вынік назіранняў за сонцам, якое, апусціўшыся на захадзе, павінна было ноччу прасоўвацца праз варожае для сябе асяроддзе, як праз нечае цела — доўгае, значыць, змеепадобнае (у старажытных егіпцян — праз цела змея Апопа). Нельга не здзівіцца з сувязі каня і змея, напрыклад, у казках Змей Гарынавіч ездзіць на чароўным кані, які папярэджвае пачвару пра небяспеку з боку героя-волата, а ў Харватыі цара змеяў называюць Kacji Konj («змяіны конь») [100, ІІ, 591].

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 62
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)