Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Путешествия и география » Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:

Сусветную вядомасць Даніэлю Дэфо прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў.
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 79
Перейти на страницу:

Да гэтага часу я канчаткова ўпэўніўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летні і зімовы перыяды, а на сухі і дажджлівы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблізна так:

Палова лютага. Сакавік. Палова красавіка.

Дажджы.

Сонца стаіць у зеніце.

Палова красавіка. Май. Чэрвень. Ліпень. Палова жніўня.

Суха.

Сонца рухаецца да поўначы.

Палова жніўня. Верасень. Палова кастрычніка.

Дажджы.

Сонца ў зеніце.

Палова кастрычніка. Лістапад. Снежань. Студзень. Палова лютага.

Суха.

Сонца рухаецца на поўдзені.

Дажджавы сезон можа быць даўжэйшы і карацейшы — гэта залежыць ад ветру, — а ўвогуле я вызначыў іх правільна. Паступова, з практыкі, я ўпэўніўся, што мне вельмі небяспечна ў перыяд дажджоў знаходзіцца пад адкрытым небам: гэта шкодзіць здароўю. Таму перад пачаткам дажджоў я кожны раз рабіў запас правізіі, каб як мага радзей выходзіць за парог, і ўсе дажджлівыя месяцы стараўся сядзець дома.

Раздзел адзінаццаты

Рабінзон працягвае даследаваць выспу

Не раз спрабаваў я сплесці сабе кош, але дубцы, якія мне трапляліся, былі такія крохкія, што ў мяне нічога не атрымлівалася.

Дзіцем яшчэ любіў я хадзіць да карзіншчыка, які жыў у нашым горадзе. Я ўважліва назіраў, як ён робіць кашы. І цяпер гэта мне вельмі прыдалося. Усе дзеці назіральныя і любяць дапамагаць дарослым. Прыгледзеўшыся да работы карзіншчыка, я неўзабаве скеміў, як ён пляце свае кашы і карзіны, і, як умеў, хутка пачаў і сам памагаць яму. Паступова я навучыўся плесці не горш за свайго прыяцеля… І вось цяпер у мяне не было толькі адпаведнага матэрыялу. Нарэшце мне прыйшла ў галаву думка: а ці не паспрабаваць мне дубцы тых дрэў, з якіх я гарадзіў свой частакол? У іх жа галіны павінны быць гэтакія ж гнуткія, як у нашае лазы ці вярбы. І я вырашыў паспрабаваць.

На другі ж дзень я пайшоў на лецішча, выбраў і зрэзаў некалькі самых тонкіх дубцоў і ўпэўніўся, што яны як лепш не трэба прыгодныя для пляцення кашоў. У наступны раз я прыйшоў з сякераю, каб адразу насекчы дубцоў як найбольш. Мне не прыйшлося доўга шукаць іх, таму што дрэвы гэтай пароды раслі тут скрозь. Насечаныя дубцы я перанёс за агароджу майго будана і схаваў там.

Як толькі пачаліся дажджы, я сеў за працу і пачаў плесці кашы. Яны служылі мне на розныя патрэбы: я насіў імі зямлю, складаў у іх розныя рэчы і г. д. Праўда, кашы ў мяне атрымліваліся не вельмі каб зграбныя, але яны былі трывалыя і добра апраўдвалі сваё прызначэнне. А мне гэта толькі і трэба было.

З таго часу мне нярэдка даводзілася плесці кашы: старыя ламаліся і зношваліся і патрэбны былі новыя. Я плёў розныя кашы — і вялікія і маленькія, але галоўным чынам назапашваў глыбокія і шчыльныя кашы, каб хаваць збожжа: я хацеў, каб яны служылі мне замест мяхоў. Праўда, цяпер у мяне збожжа было яшчэ мала, але ж я меў намер назапашваць яго на працягу некалькіх год.

Я казаў ужо, што мне вельмі хацелася абысці ўсю выспу і што я некалькі разоў даходзіў да ручая і яшчэ вышэй — да таго месца, дзе я збудаваў будан.

Адтуль лёгка можна было прайсці да супрацьлеглага берага, якога я яшчэ ні разу не бачыў. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, добры запас пораху, шроту і куляў, прыхапіў на ўсякі выпадак два сухары і вялікую гронку разынак і падаўся ў дарогу. За мною, як заўсёды, пабег сабака.

Калі я дайшоў да свайго будана, я не спыніўся і рушыў далей на захад. І раптам, прайшоўшы з паўгадзіны, я ўбачыў перад сабою мора, а ў моры, на маё вялікае здзіўленне, паласу зямлі.

Быў яркі сонечны дзень, я добра бачыў зямлю, але не мог пэўна вызначыць, мацярык гэта ці выспа. Высокае пласкагор'е цягнулася з захаду на поўдзень і знаходзілася ад маёй выспы вельмі далёка — па майму разліку, міляў за сорак, калі не больш.

Я не меў аніякага ўяўлення, што гэта была за зямля. Адно я ведаў пэўна: гэта, безумоўна, частка Паўднёвай Амерыкі, што ляжала, як відаць, непадалёку ад гішпанскіх уладанняў. Зусім магчыма, што там жывуць дзікуны-людаеды і што, калі б я трапіў туды, становішча маё было б куды горшае, чым зараз.

Гэта думка міжволі ўзрадавала мяне.

Значыць, зусім дарэмна праклінаў я свой горкі лёс. Жыццё маё магло б скласціся куды горш. Значыць, я зусім дарэмна мучыў сябе марным шкадаваннем, навошта бура выкінула мяне менавіта сюды, а не ў нейкае іншае месца. Значыць, я павінен радавацца, што жыву тут, на бязлюднай выспе.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 79
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)