Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Путешествия и география » Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза

Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:

Сусветную вядомасць Даніэлю Дэфо прынёс раман «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Тэма «рабінзанады» як спроба стварэння асноў матэрыяльнай і духоўнай культуры ў адрыве ад цывілізацыі стала вельмі папулярная і выклікала ў далейшым шмат наследаванняў.
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 79
Перейти на страницу:

За гэты час, на маё вялікае задавальненне, у мяне павялічылася сям'я. Адна мая кошка даўно ўжо сышла з дому і дзесьці прападала, я думаў, што яна загінула, і мне было шкада яе, як раптам у канцы жніўня яна вярнулася і прывяла траіх кацянят.

З 14 па 26 жніўня дажджы не спыняліся, і я амаль не выходзіў з дому, таму што пасля хваробы асцерагаўся трапляць пад дождж, баючыся прастуды. Але пакуль я сядзеў у пячоры і чакаў добрага надвор'я, мае харчовыя прыпасы пачалі падыходзіць к канцу, і таму я разы два нават рызыкнуў схадзіць на паляванне. Першы раз я падстрэліў казу, а другі, 26-га, злавіў вялізную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Наогул у той час маё харчаванне размяркоўвалася так: на снеданне гронка разынак, на абед кавалак казляціны або чарапашынага мяса (спечанага на вуголлі, таму што, на жаль, у мяне не было ў чым варыць ці смажыць), на вячэру два ці тры чарапашыныя яйкі.

Усе гэтыя дванаццаць дзён, пакуль я хаваўся ў пячоры ад дажджу, я штодня па дзве ці па тры гадзіны займаўся землянымі работамі, бо даўно ўжо надумаўся павялічыць свой склеп. Я капаў і капаў яго ўсё ў адзін бок і, нарэшце, вывеў за агароджу.

Цяпер у мяне быў скразны ход, і я зрабіў тут патайныя дзверы, праз якія мог заходзіць і выходзіць, не карыстаючыся прыстаўнымі лескамі. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усіх бакоў, і я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькі, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе ніводнае жывёліны, большай за казу.

30 верасня. Сёння сумная гадавіна майго жыцця на выспе. Я падлічыў зарубкі на слупе, і выявілася, што жыву я тут роўна трыста шэсцьдзесят пяць дзён!

Пашанцуе мне ці не калі-небудзь вырвацца з гэтай турмы на волю?

Нядаўна я выявіў, што ў мяне засталося вельмі мала чарніла. Трэба будзе абыходзіцца з ім больш ашчадна. Да гэтага часу я вёў свае запісы штодня і запісваў розныя дробязі, цяпер буду запісваць толькі выдатныя падзеі майго жыцця.

Да гэтага часу я паспеў заўважыць, што перыяды дажджоў чаргуюцца тут вельмі дакладна з сухім сезонам, і, такім чынам, я меў магчымасць загадзя падрыхтавацца і да засухі і да дажджоў.

Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмі дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калі сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мізэрныя запасы рысу і ячменю, пра якія гаварылася вышэй. Я пасеяў іх і з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлі сухія месяцы, у зямлі не засталося ні кроплі вільгаці, і ні адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу і ячменю. Я так і сказаў сабе: «Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клімат, і я не ведаю напэўна, калі сеяць і калі збіраць ураджай». Я вельмі хваліў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загінуў ад засухі. Але ж як я быў здзіўлены, калі праз некалькі месяцаў, як толькі пачаліся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькі што яго пасеяў!

Пакуль рос і паспяваў мой хлеб, я зрабіў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.

Як толькі спыніліся дажджы і надвор'е ўсталявалася, недзе прыблізна ў лістападзе, я сабраўся на сваё лясное лецішча. Я не быў там некалькі месяцаў і з радасцю ўпэўніўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было і пры мне. Змянілася толькі агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькі частаколіны, на якія я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслі паблізу, частаколіны мае пайшлі ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калі зрэзаць верхавінку. Я вельмі здзівіўся, убачыўшы гэтыя свежыя галіны, і мне было вельмі прыемна, што агароджа мая ўся ў зеляніне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасці надаць ім усім аднолькавы выгляд, і яны дзівосна разрасліся.

Хоць круглая плошча майго лецішча мела каля дваццаці пяці ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколіны) хутка засланілі яе сваімі галінамі і давалі такі густы цень, што ў ім можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькі дзесяткаў гэтакіх жа калоў і ўбіць іх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я і зрабіў. Я ўбіў іх у зямлю ў два рады, адступіўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прыняліся, і неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку бараніла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне і зусім іншую, больш важную службу.

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 79
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)