Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
- Автор: Дефо Даниэль
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0764-Х
- Переводчик: Алена Васілевіч
- Жанр: Путешествия и география
Электронная книга - «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза». Краткое содержание книги:
3 траўня. Я прыхапіў з сабою пілу і паспрабаваў распілаваць ацалелыя часткі кармы, але давялося спыніць працу, бо пачаўся прыліў.
4 траўня. Лавіў рыбу, але няўдала: усё траплялася такая, якую нельга есці. Гэта мне надакучыла, і я сабраўся ўжо ісці, але яшчэ раз закінуў вуду і выцягнуў невялікага дэльфіна. Вуда ў мяне самаробная: лёску я змайстраваў з пянькі ад старой вяроўкі, а кручкі зрабіў з дроту, таму што сапраўдных рыбалоўных кручкоў у мяне няма. І ўсё роўна я часам лавіў сваёй вудай столькі рыбы, што з мяне было дастаткова. Еў я рыбу сушаную, добра правэндзіўшы яе на сонцы.
5 траўня. Працаваў на караблі. Падпілаваў бімс[13], ададраў ад палубы тры вялікія сасновыя дошкі, звязаў іх разам і, дачакаўшыся прыліву, паплыў на плыце да берага.
24 траўня. Усё яшчэ працую на караблі. Многа рэчаў у труме было састаўлена вельмі цесна, цяпер я рассунуў іх ломам, і з першым жа прылівам яны ўсплылі наверх: некалькі бочачак і два матроскія куфэркі. На жаль, іх знесла ў мора — вецер дзьмуў з берага. Але сёння вецер змяніўся і хвалі выкінулі на бераг бочку з рэшткай бразільскай свініны, якая, дарэчы, была не прыгодная для ежы, таму што ў бочку трапіла многа салёнай вады і пяску.
16 чэрвеня. Знайшоў на беразе вялізную чарапаху. Раней я ніколі не бачыў тут чарапах.
17 чэрвеня. Спёк чарапаху на вуголлі. Знайшоў у ёй каля шасцідзесяці яек. Ніколі ў жыцці я, здаецца, не еў такога смачнага мяса! Не дзіва: да гэтага дня мая мясная ежа на выспе складалася толькі з казлінага і птушынага мяса.
18 чэрвеня. З раніцы да вечара лье дождж, я не выходжу з дому. Увесь дзень мяне б'е ліхаманка, хоць, наколькі мне вядома, у гэтых мясцінах не бывае халоднага дажджу.
19 чэрвеня. Мне ўсё яшчэ нядужыцца: дрыжу ад холаду, нібыта зімой.
20 чэрвеня. Усю ноч не заплюшчыў вачэй: баліць галава і трасе ліхаманка.
21 чэрвеня. Мне вельмі кепска! Баюся расхварэцца і страціць сілу. Што тады са мною будзе?
22 чэрвеня. Сёння мне як быццам лепш, але не ведаю, ці надоўга.
24 чэрвеня. Куды лепш.
25 чэрвеня. Страшэнная ліхаманка. Сем гадзін запар мяне кідала то ў гарачку, то ў холад. Скончылася потам і амаль непрытомнасцю.
26 чэрвеня. Мне лягчэй. У мяне скончыўся ўвесь запас мяса, і я павінен быў пайсці на паляванне, хоць і адчуваў страшэнную слабасць. Забіў казу, ледзь прыцягнуў яе дадому, спёк кавалачак мяса на вуголлі і з'еў. Вельмі хацелася зварыць супу, але ў мяне няма ні каструлі, ні гаршка.
27 чэрвеня. Зноў ліхаманка, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды і вады. Я паміраў ад смагі, але не меў сілы ўстаць і пайсці па ваду.
28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагі, але ні ў палатцы, ні ў пячоры не было ні кроплі вады, і мне давялося пакутаваць да раніцы. Толькі пад раніцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекі: тытунёвую настойку і ром. Выпіў яго, і мяне пачало ванітаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.
30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Ліхаманкі не было. Пахадзіў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзіць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкі. Вечарам паўтарыў тыя ж лекі, якія памаглі мне ўчора.
І ўсё роўна на другі дзень, 1 ліпеня, мне зноў зрабілася кепска: мяне зноў калаціла ліхаманка, хоць гэты раз і менш, чым раней.
З 3 ліпеня мая ліхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькі тыдні праз два-тры…
Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма ніякай магчымасці. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут ніколі не ступала нага чалавека.
Цяпер, калі маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, ці няма на ёй якіх-небудзь іншых жывёл і раслін, якія здолелі б прынесці мне карысць.
З 15 ліпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накіраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мілі дзве ўверх па цячэнні, я ўпэўніўся, што прыліў туды не даходзіць, таму што на гэтым месцы і вышэй вада ў ручаі аказалася прэснай, празрыстай і чыстай. Мясцінамі ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не ідуць дажджы.
Берагі ручая былі нізкія; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелі густыя, высокія травы, а далей, на схіле пагорка, у вялікай колькасці рос тытунь. Разліў не даходзіў да гэтых мясцін, і таму тытунь тут аж буяў. Там былі і іншыя расліны, якіх раней я ніколі не бачыў; магчыма, калі б я ведаў іх асаблівасці, я мог бы выкарыстаць іх з вялікай карысцю для сябе.
13
Бімс — папярэчная бэлька, якая падтрымлівае палубу.