Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
— Ты не хочаш даць мне кавы ці чаго-небудзь?
— Магу, але я, праўда, спяшаюся… Вось, куры, калі хочаш, — ён пасунуў да яе цыгарэты і попелку.
— Можаш не спяшацца, — Жана ўзяла запальнічку, курыць не стала, пакуль гаварыла, проста гулялася з ёю. — Паслухай, Жэня… Я не буду цягнуць ката за хвост. Я прыйшла сказаць, што… Карацей, у мяне з’явіліся грошы. Шмат! — не вытрымала такога тону, засмяялася, прыўзнялася і пацалавала Вінярскага ў лоб. — Давай пажэнімся?
— Пачакай… — Вінярскі адвёў яе руку, пацёр лоб. — Што за грошы?
— Якая розніца? Жэня, гэта шанс! Дакладзеш свае, хочаш — паедзем за мяжу, не — застанемся ў Мінску, купім кватэру, машыну, дом за горадам — усе ахнуць!.. Мы маладыя, здаровыя, ты — таленавіты доктар, нідзе не прападзём! Я буду табе добрай жонкаю, нараджу табе дзіця…
Вінярскі ўсё паціраў лоб.
— Жана, пачакай, дай мне падумаць, разабрацца, — сказаў ён урэшце.
— Што думаць?! Што тут разбірацца?
— Многае змянілася за гэты час… Мне трэба супакоіцца… Я не ведаю пакуль, на якім я свеце…
Жана ўважліва глянула на яго, зняла з пляча руку. Гэтая яго ламаніна была для яе поўнай нечаканасцю. Не, так проста нельга выпускаць яго з рук! Толькі з-за нейкіх дурных яго капрызаў яна павінна развітвацца з усімі сваімі надзеямі, з морам, дэльтапланам у белым небе, з лёгкім, бесклапотным жыццём багатай замужняй дамы?
— Я табе не падыходжу? — спытала яна. — Калі б мне было не дваццаць сем, а сямнаццаць?
— Глупства… Не кажы так, не люблю.
— Ах, не любіш? Такую? А хто мяне зрабіў такой? Успомні сёмы клас, вось гэты пакой, гэты ложак!.. Успомніў?
Жана сама не ведала, што гаварыла. Вінярскі не быў у яе першы, проста ёй заўсёды хацелася, каб так было, і яна выдумала для сябе гэтую легенду, што ён — галоўны віноўнік яе падзення, выдумала і сама ў гэта верыла.
Зрэшты, Вінярскі не запярэчыў, сядзеў, прыгорбіўшыся. Жана прыпадняла яму за падбародак галаву, угледзелася ў вочы, папрасіла:
— Жэня, кінь дурыць… Ты ж яшчэ не ведаеш, якой я буду! Можа, я буду лепшая за якую-небудзь чыстую!..
— Гэта зусім не галоўнае.
— Тады што? Давай проста паспрабуем. I ўсё ў нас атрымаецца… Вось, толькі глянь!..
Жана выхапіла з пакета і кінула на столік перад Вінярскім цэлафанавы мяшэчак з далярамі.
— Што з табою?
Вінярскі ўвесь збялеў, адхіснуўся:
— Адкуль… гэта ў цябе?!
— Якая розніца? Зарабіла…
— Адкуль? Адкуль? — паўтараў Вінярскі, не зводзячы з мяшэчка вачэй.
— Добра — надумаешся, звані, — сказала Жана, забіраючы грошы назад. — З табою сёння сапраўды, я бачу, гаварыць без толку…
Адышла да дзвярэй, у парозе павярнулася — Вінярскі нават не падняўся, каб правесці, так і сядзеў, утаропіўшыся ў тое месца, дзе нядаўна ляжалі грошы. Жана не стрымалася:
— Давай, едзь на сваё дзяжурства… Хутчэй!
Толькі на вуліцы спахапілася, што забыла парасон, — падняла галаву, працягнула перад сабой далонь. Дождж перастаў. Ну і прыдурак! Нічога, падумаеш, апамятаешся — і сам прыбяжыш… Толькі цяпер мяне ўжо давядзецца ўпрошваць.
Жана ішла паўцёмнай вуліцай, абмінаючы калюжыны, і недзе паміж сваім домам і домам журналіста, каля аднаго з пад’ездаў, убачыла знаёмую чырвоную «мазду». Страх варухнуўся ў ёй, яна мацней прыціснула да грудзей пакет і спынілася, не даходзячы да машыны некалькі крокаў. Але яе ўжо заўважылі, адчыніліся пярэднія дзверцы, і яе пазвалі.
Яна падышла і нават у цёмным салоне пазнала аднаго з траіх, што былі ў машыне, — маладога, які сядзеў на заднім сядзенні. Ён вылез і ўзяў яе за руку:
— Ты што ж, на хаце прымаеш?
— Пусці!..
— Што за журналіст?
— Ды пайшоў ты… — агрызнулася, вырвалася.
Не паспела павярнуцца, як малады даў ёй аплявуху, і, здалося, пошчак адбіўся аж недзе ў пад’ездзе. У машыне засмяяліся. Яна задыхнулася, не так ад болю, колькі ад крыўды, — за што?! Хлопец вырваў у яе з рук пакет, кінуў у машыну, там адразу ж засвяцілася лямпачка.
— Дай, сволач! — ірванулася Жанна і атрымала другую аплявуху, яшчэ мацнейшую, ад якой ледзь не ўпала. Правяла далонню па твары і перш адчула, а потым і ўбачыла на пальцах кроў.
— О, дык нармальна! — пачулася з машыны. — Усё, квіты…
Малады сеў у машыну, вылаяўся чамусьці, «мазда» кранулася і хутка знікла з вачэй.
Глытаючы слёзы, размазваючы па твары кроў, Жана званіла з таго ж таксафона каля Васілёвага пад’езда, крычала на ўвесь двор. Яна бачыла, як рэдкія прахожыя бокам абыходзяць яе, а прамінуўшы, азіраюцца. Яна дабівалася нейкага Юру, крычала, што ў яе забралі шмат даляраў, што таго, хто яе біў, яна ведае. На тым канцы яе супакойвалі, перапытвалі, абяцалі разабрацца… Але яна раптам кінула трубку і пайшла дамоў, хістаючыся, як п’яная.