Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Толькi не гавары маёй маме...
Толькi не гавары маёй маме... - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Толькi не гавары маёй маме...

Электронная книга - «Толькi не гавары маёй маме...». Краткое содержание книги:

Сама назва зборніка гаворыць, што крыецца ў ім нешта - не тое, каб сарамлівае, але такое, пра што з сябрамі-аднагодкамі пагутарыш без засцярогаў, незнаёмаму душу выльеш, а вось, каб мама дазналася – нейкі сорам, нейкая няёмкасьць. Кожны з нас у дзяцінстве і ў маладосьці ( а часам і ў сталым узросьце – тыя, каму пашчасьціла мець маці–даўгажыцельку) прыхоўваў нешта ад пільнага вока матулі. І няхай загадзя было вядома, што за тое, што стараемся схаваць, яна і не пакрычыць, і не накажа, аднак падсьвядомасьць крычала – прыкра ёй будзе, сорамна, няёмка. Дык пашто ж казаць, калі можна прыхаваць тое самае не надта ўзорнае, чым можна пахваліцца перад сябрукамі, але пра што лепш каб мама не даведалася. Фраза з дзяцінства «Толькі не гавары маёй маме...», якая стала назваю зборніка, гаворыць сама за сябе. А ці ёсьць пра што «не гаварыць маме» - глядзіце самі. (Н.Г.)
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 77
Перейти на страницу:

Быка забiлi несумленна. Я лiчу, што несумленна. Абступiлi з усiх бакоў, занавесiлi яму ўвесь свет чырванню, а самую чырвоную анучу паклалi на пясок, каб бык нахiлiў сваю прыгожую цяжкую галаву. Ён i нахiлiў, а матадор ударыў яму ў тое запаветнае месца, дзе чэрап сутыкаецца з хрыбетнiкам. О, як жахлiва тузанулiся i падскочылi да жывата заднiя ногi. Бык грымнуў на арэну. А адзiн з тарэадораў засунуў пальцы ў рану i канчаткова перарваў нервовы слуп быка. Той выпруцiўся. І яго пацягнулi пад незадаволеныя крыкi.

Толькi я не крычаў на матадора, як усе, як маленькая круглашчокая iтальянка са сваёй неабдымнай мамай i курыльшчыкам бацькам. Дым мяне раздражняў, як чырвань — быка, i я перасеў на новае месца, блiжэй да калоны.

Пакуль я перабiраўся, уладкоўваўся, думаў, пакуль рабiў чарговы глыток вады, на арэну вылецеў вялiкi бык цёмна-пясочнага, палавога колеру. Тэатр ёсць тэатр, сцэна ёсць сцэна, арэна iм не саступае. Трэцi матадор — апошнi, а гэта значыць, ён першы, ён фаварыт, яму — найпрыгажэйшы бык. І тут я не падмануўся. Матадор нават браў быка за рог, нават станавiўся перад iм на каленi i рабiў выгляд, што збiраецца бадацца, паварочваўся да жывёлiны спiнаю i забiў быка з другога ўдару. Майстар! Мастак! Яго вiталi ўзмахамi хустачак, яму кiдалi букецiкi ружаў, шчыльна ўкручаныя ў цэлафан, яму нават веер кiнулi, але ён шпурнуў яго назад на трыбуны. Выгляд акрыленага перамогай матадора навёў мяне на такiя думкi...

Якiм жа трэба быць мужным чалавекам, каб збiраць пад сваё iмя, слова, абяцанне цэлыя стадыёны. І любы рок-музыка, спявак, палiтык рызыкуе ў нейкай ступенi жыццём, але толькi матадор не хавае сваёй сутнасцi забойцы i мяснiка. Усе астатнiя закрываюць свой драпежны выскал за маскаю дабрадзейнасцi. А кумiры дваццатага стагоддзя наогул абвяшчалi сябе вегетарыянцамi. Да прыкладу, Адольф Гiтлер. Ну, чым не вегетарыянец? Воляю лёсу такiя вегетарыянцы сталi тарэадорамi, а народ стаў для iх статкам быкоў. Яны дражнiлiся i забаўлялiся з гэтай вялiзнай мясной масаю, але не разлiчвалi даўжыню рагоў, не ўхiлялiся i гiнулi. Статыстыка вельмi простая. На барселонскай арэне кожную нядзелю гiне шэсць прадстаўнiкоў буйнога рагатага быдла. А вось чацвёрты бык, забойства якога адбылося на маiх вачах, запомнiўся толькi тым, што не даў загнаць у свае плечы ўсе шэсць бундэрыльяў. Загналi толькi дзве. З крыкамi “Ого го-го-го!” тарэадоры разганялiся i беглi паўкругамi. Бык таксама бег на iх, апiсваючы дугу. Але бык бег значна хутчэй, чым разлiчвалi тарэадоры. Ім даводзiлася ратавацца ўцёкамi i скакаць праз загарадку. Першы матадор, iх выступала толькi тры, закалоў чацвёртага быка з пятае спробы.

Цiкавасць да карыды пачала знiкаць. І не толькi ў мяне. Жанчыны больш глядзелi на публiку, чым на арэну. Мужчыны курылi i перагаворвалiся, стомленыя дзецi выпрошвалi ў бацькоў кока-колу. Якраз пада мною сядзела такая сям’я. Бацька, сiвы, у акулярах, з фотаапаратам на грудзях — курыў. Мацi, сапраўдная бландзiнка ў зялёнай сукнi, з залатым бранзалетам на левай руцэ — выпараўшы з сумкi цукерку на палачцы, смактала яе, перакочваючы шарык з-за аднае шчакi за другую. А палачка тым часам тырчала звонку. Дзецi, браты, аднаму тры, другому пяць, апранутыя ў чырвона-сiнюю форму футбалiстаў Барселоны, смакталi з бляшанак кока-колу. У малодшага на спiне было напiсана прозвiшча STOICHKOV. Пакуль на арэне другi матадор-няўмека мучыў i катаваў перадапошняга з быкоў, я паспеў пасябраваць з Stoichkov’ам i падараваць яму набор разлiковых бiлетаў беларускага дзяржаўнага банка. Вавёркi, зайцы, бабры, ваўкi, рысi, ласi не так спадабалiся Stoichkov’у, як зубр. І ён з радасцю паказаў падарункi бацьку. Той павярнуўся да мяне i сказаў: Thank you very much. Ён дарма, дарэчы, стараўся падрабляць ангельскае вымаўленне, мог бы i па-польску сказаць, я б ужо неяк зразумеў. Мне гэты маленькi Stoichkov спадабаўся тым, што падобны да мяне. І я быў такi ж белы з блакiтнымi вачыма, такi ж нэндза. З-за яго (захацелася хлопчыку да ветру) сям’я палякаў i не дачакалася апошняга забойства, сышла, пакiнуўшы на каменных прыступках мяккiя паралонавыя падушкi. Я ўладкаваўся на новае седала i сканцэнтраваў увагу на змаганнi тарэадора з быком.

На арэне я ўбачыў жывое пацвярджэнне выслоўю: што дадзена Юпiтэру, тое не дадзена быку. Толькi быку былi дадзены i сiла, i прыгажосць, i грацыёзнасць. А матадору Бог забыўся даць талент. “Няўжо ж яму не ясна, што калi не можаш забiць, а бярэшся за гэта, дык трэба пайсцi павучыцца”. Тарэадор пачуў мой папрок, i бык быў заколаты не з дванаццатай, а з шостай спробы. Я адчуў палёгку з аднаго боку, а з другога — выпiтая за дзве гадзiны сядзення вада нагадала пра сябе. Давялося злётаць у прыбiральню. Нiчога вартага я, пэўна ж, не прапусцiў. Ну, не бачыў я пяты выезд “пахавальнай брыгады”. Затое бачыў шосты вылет быка на арэну. І якога быка. Усiм быкам быка. Шэрага, як iмжыстыя прыцемкi, з мацiцовым бляскам на магутным карку, з рагамi, як руль матацыкла harley-davidson, з капытамi, што iмгненна нарабiлi такiх ямiн у пяску, якiя потым паўгадзiны заграбаць давялося. І гэты сталёвы бык не паляцеў на тарэадораў, на iх пурпуровыя посцiлкi, на iх гнюсны падман. Ён стаў i пачаў матляць галавою, рыкаць i, узбрыкваючы, пачаў грэбцi пясок. А потым ён ускiнуў галаву, нiбыта паслаў праклён несправядлiваму небу i вежам сабора Sagrada familia. Ён — бык. Адзiны i сапраўдны Бог на зямлi. Ён выйшаў на змаганне супроць узброенай зграi танцораў. Ён успенiў пясок i ўспароў рагамi неба. Ён кiнуў сваё цела асiлка на пурпуровае крыло тарэадора, а той, пагарджаны баязлiвец, схаваўся за дашчаны шчыт. Ганьба яму. І другому, якi таксама паказвае пурпуровае крысо толькi з-за шчыта.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 77
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)