Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Усмешлівы фацэт агледзеўся, не зважаючы на тлум і непрыветныя позіркі, і махнуў рукой:
— Вунь там, за печкай, у дальнім куце, ён звычайна і сядзіць… Рушылі!
Фацэт рашуча адсунуў заседжаную мухамі сінюю баваўняную занавеску, з-за якой даносілася манатоннае бубненне, нібыта нехта пераціраў ды пераціраў у ступе зерне мудрасці. Ля печкі на пыльных падушках сядзеў шчуплы габрэйскі хлопец. Ягоны твар з тонкімі нервовымі рысамі быў засяроджана-натхнёны, а чорны халат чамусь выпацканы, быццам ім выціралі пыл. Хлопец пагойдваўся і чытаў кнігу, чые старонкі па краях былі ўжо колеру мінулагодняга лісця. Перад хлопцам некалькі худых мурзатых дзетак у лахманах час ад часу паўтаралі пачутае, гэтак жа пагойдваючыся…
— Гэта твой рэбе? — абурана шапнуў русачубы шляхцюк на вуха фацэту. — Той, хто лепей за Бутрыма тайнапісы расчытвае?
— Не мяркуйце па знешнасці, пан Вырвіч, — шэптам адказаў фацэт. — Саламон з адзінаццаці гадоў уважаецца за рабіна. І жанілі яго тады ж. Ледзь не біліся, чыю дачку прыстроіць за такога вучонага маладога чалавека, нават выкрадаць яго спрабавалі. Мадам Рыся перамагла, уладальніца гэтага пастаялага двара, са сваёй дачкой ажаніла. Ён у чатырнаццаць гадоў бацькам стаў.
З адзінаццаці — у сямейнае ярмо! Пранціш амаль з жахам зірнуў на выснажанага юнака, які, заплюшчыўшы вочы, з натхнёным тварам пагойдваўся і прамаўляў словы, што нібыта плавіліся на ягоных вуснах.
Трэба ж, пасярод бруднага ліцвінскага мястэчка людзі ў лахманах разгадваюць, што за божая мудрасць схаваная ў якім слоўцы і ў якой літары.
Малады рэбе змоўк і прыадплюшчыў вочы. Вочы глядзелі ў незямныя эфіры.
Давыд скарыстаўся гэтым момантам, каб прывітацца.
З незямных эфіраў вучоны Саламон вынырнуў не адразу, але калі засяродзіўся на госцю і пазнаў, узрадаваўся.
А як пачуў пра тлумачэнне таемных тэкстаў, аж вочы загарэліся, заківаў, залапатаў ухвальна. Пранціш габрэйскай не надта валодаў, але зразумеў, што да новых ведаў Саламон ласы не менш, чым Лёднік.
Перш чым паглыбіцца ў вывучэнне прывезенага гасцямі пергаменту, рэбе трывожна кінуў сюды-туды пагляд, як бы ў чаканні нападу. Ягоныя вучні паўтарылі тое за ім, круцячы тонкімі шыямі і нязграбна пацепваючы плячыма.
Вучняў, зрэшты, Саламон зараз жа і адпусціў. Бо працэс тлумачання скрадзенага пергаменту быў няпросты. У Пранціша, які прыстроіўся на зэдліку ля печкі, ажно ногі сцерхлі. Нат пазайздросціў Алесю, які застаўся ў карэце разам з пераапранутай у хлапчыску князёўнай Багінскай-Агалінскай.
Па той бок баваўнянай занавескі шумела і дыхала часнаком карчма. Нехта патрабаваў яшчэ піва. Шчасліўчык! Даносіліся перлы п’яной мудрасці: «Вінаградам у сэрца, цукрам у душу, браце, мяды мядам, нікому не дам! Гэтае зелле ўзімку не мерзне, улетку не кісне», «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Перш чарку, а потым і па карку», «Пі, браце! Душа меру знае!», «Гэй-го! Першая чарка калом, другая сакалом, трэцяя дробнай пташачкаю!», «Пі, не порах, не разарве!» Праўда, такія-сякія слоўцы з пергаментнага дыспуту Вырвіч усё-ткі ўлоўліваў у дзіравы нерат сваёй моўнай абазнанасці.
Рэбе адразу заявіў, што пісаў дакумент знаўца Кабалы. Далей яны з Лёднікам давай счапляцца, Давыд нат рукой махнуў і не палез у занадта вучоныя жарсці. Пайшоў фіглі карчомнай прыслузе строіць: мясцовыя дзеўкі ўжо зачапіліся вокам за модны французскі каптанчык ды капялюш.
А Бутрым і рэбе смакавалі горкі мёд вучонасці. Саламон сцвярджаў, што перакладчыкі няправільна зразумелі сімвалы, і гаворка не пра будынак ці вежу, а пра слуп. Лёднік не згаджаўся, але ягоны атрутны тон і пагардлівы позірк, якія змушалі ў Вільні бедных студыёзусаў сцінацца, не мелі аніякага ўплыву на натхнёнага рэбе. У таго сваіх аргументаў і дэфініцый было — цабэрак ды гарнец зверху. Так што Лёднік урэшце здаўся. Абодва ў працэсе, падобна, пранікліся адзін да аднаго шчырай павагай.
Жыццё пафасу не любіць, і была ў гэтым вар’яцкая іронія: запавет рымскага папы-іспанца разгадваецца габрэйскім хлапчуком за печкай ліцвінскай карчмы.
Бутрым скасавурыўся на Вырвіча, уздыхнуў і пераклаў свайму былому студыёзусу высновы Саламона. Святы прадмет, паводле маладога знаўцы Талмуда, знаходзіўся зусім не ў храме святога Марка.
А ёсць тры слупы ў месцы, прысвечаным таму, чые парэшткі выкрадзеныя з дапамогай нячыстых жывёлаў. Адзін слуп — у вадзе. Другі — для таго, хто носіць дзіду вастрыём уверх. Трэці слуп — клетка звера, які належыць уладару горада. У пашчы звера і патрабуецца схаваць інструмент, які ў час небяспекі абрыне сваім гучаннем ворагаў у ваду і на камні. І хай уздымецца абраннік з малітвай да пашчы звера, і суне туды руку, і паверне язык тры разы супраць сонца, і дасца яму па веры ягонай.