Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:

— Можаш нічога не прыдумваць, Бутрым мне ўсё распавёў сам. Тыя выпадкі былі — як на вайне. Там жа кагось параніць, кагось закіне ў варожае войска ці ў палон… Цяпер жа — здрады цялеснай няма, а так балюча.

Напрыканцы размовы з Саламеяй збоку шаргатнулі кусты, здаецца, чыясь худая постаць слізнула ў прыцемку. Пранціш нават падумаў — ці не Алесь падслухоўвае? Але малодшы Лёднік нічога не сказаў ні пасля, ні цяпер.

А Пранціш толькі і мог, што парваць чарговую паперку з незакончаным вершам.

І зноў забівае сонца сведкаў свайго гарэння. Крылаў яно не любіць і Вавілонскіх вежаў. Толькі ў напрамку сонца нашы лятуць марэнні, Толькі ў напрамку неба зноў вырастаюць вершы. Сыпецца попел шэры на зямныя галовы. Апёкі гараць на душах, і чырвань перад вачыма. І зноў у напрамку сонца ўзлятаюць сляпыя строфы, Хоць там яны непатрэбны, а тут яны немагчымы.

За вокнамі тэатральнай карэты пачаў невыразна дэкламаваць свае рэплікі дождж, нат не дождж, а дажджыска. Дробны, як малодшы пісар магістрата. Пранціш выцягнуў ногі ў высокіх бліскучых ботах, дзякуй святому Франтасію, не бутафорскіх. Бот упёрся пад лаўкай у нешта мяккае.

— Ай!

З-пад лаўкі пачуўся тоненькі піск. Нехта чхнуў. Зашаргатала.

А затым з пыльных нетраў карэты, міла ўсміхаючыся, вылезла княжна Багінская, панна Агалінская, нявеста малодшага фон Штакельберга, у накручанай паўзверх змятай і перапэцканай ніжняй кашулькі зялёнай посцілцы.

Кардонны цмок трохі падумаў і зваліўся на спіну Давыда.

— А каб цябе распрындзіла. — разгублена прамовіў аптэкар, спіхваючы з сябе пашарпанае страшыдла.

— Гэта вы мне? — з удаваным здзіўленнем прамовіла паненка звонкім галасочкам, і ў яе блакітных вачах так і скакалі вельмі знаёмыя Пранцішу Вырвічу гарэзныя жарынкі.

А на носіку стракацелі рабацінкі, якія зусім не пасуе мець высакароднай панне.

— Бедлам. — разгублена прамармытаў Лёднік.

Алесь, пачырванеўшы, спрабаваў садраць з сябе ганебны жаночы парык.

— А я не снедала. Sorry.

І жаласны позірк.

Уменне кіраваць людзьмі, напэўна, перадаецца ў спадчыну, як колер валасоў. Таму кудзеркі юнага стварэння адлівалі меддзю, а заміж таго, каб лаяцца ды распытваць, нейкі час чацвёра мужчын у блазенскіх уборах былі занятыя падрыхтоўкай сняданку для маленькай галоднай князёўны.

— А вы — той самы доктар? — панна Рэгіна вымавіла гэта не зусім выразна, бо жавала булку з сырам.

Лёднік хмыкнуў:

— Не ведаю, ці той самы, але доктар.

Нечаканая госця заківала:

— Пані маці мне пра вас гаварыла. Magician. А зрабіце, каб мне зараз жа стала васямнаццаць, я жаніху такога гарбуза пашлю!

Падобна, Паланэя Багінская распісала дачцэ магічныя здольнасці Чорнага Доктара ў фарбах і блішчынках. Якраз адпаведна касцюму казачнага султана.

Расповед радавітай бягляначкі перасыпалі ангельскія слоўцы. Увішная Рэгінка расла на амерыканскіх прасторах. Ад сонца не хавалася. Умела, як і маці, скакаць на кані, страляць са стрэльбы і індыянскага лука, залазіць на вялізныя дрэвы, падслухоўваць размовы і ўцякаць з-пад любога нагляду. Ну такая звычайная ліцвінская князёўна. Усё парушыў ліст з-за акіяна. У Паланэі з Багінскіх аж рукі трэсліся, калі разгортвала аркуш. Калі Паланэйка збегла ў Амерыку разам з мужам, рудым панам Гервасіем Агалінскім па мянушцы Амерыканец, ейны брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, страшэнна ўгневаўся. Звязалася з радзівілаўскім прыпечкам, шляхцюком сярэдняй рукі! І выкрасліў яе са сваёй памяці, ні шэлега ў пасаг не вылучыўшы. Праўда, пан Агалінскі сам дакляраваў, што адмаўляецца ад таго пасагу і ўсялякіх зносінаў з фанабэрыстай жончынай сямейкай. Агалінскі ў сваю чаргу шлюбам з Багінскай выклікаў няміласць сюзерэна, Радзівіла Пане Каханку. А пан Гервасій жа быў альбанчыкам — чальцом банды альбанцаў, сяброў юнацтва Пане Каханку, што разам з ім гадаваліся і пракуднічалі ў нясвіжскім прадмесці Альба. Там здрады не даравалі. Так што маладым сужонцам ледзь удалося ўцячы за акіян ад раз’ятраных іхнім самавольствам магнатаў, не без дапамогі Вырвіча і Лёдніка. І вось на табе — ліст. Ды яшчэ з якой спакуснай прапановай! Князь Багінскі паведамляў сястрыцы, што гатовы забяспечыць для яе сына самае бліскучае становішча пры двары. Усё сямейства можа вярнуцца, і атрымаць належную частку ўладанняў Багінскіх. Як толькі Рэгіна Агалінская, удачароная дзядзькам, стане Багінскай і заручыцца з радавітым жаніхом.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)