Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 209
Перейти на страницу:

— Толькі кроў і агонь адчыняць дзверы гэтага дома,— супакоіла гаспадыня, і Ян у чарговы раз патануў у яе вялізных вачах колеру шэрага сакавіцкага неба. Так, гаспадыня не памыляецца — вораг сюды не ўвойдзе, не праліўшы крыві. Зброя пры інсургенце. І шабля, упрыгожаная адзіным, але затое вялізным дыяментам — спадчына прадзеда. І пісталет, праўда, без набояў... Але Ян чамусьці быў пэўны, што ў гэтым доме знойдзецца і порах, і кулі... Аднекуль жа браліся на стале хлеб і віно, і іншыя няхітрыя стравы, смаку якіх таксама не памятаў. Размовы між госцем і пані нагадвалі веснавыя ручаіны — то хаваюцца пад снегам, то зноў блішчаць на сонцы, то прыпыняюцца, цяжка перакочваючы каменьчыкі. Ян расказаў пра сябе ўсё... І пра першае няўдалае каханне, і сваю мару паўтарыць славу бацькі — стаць мастаком... Пра лемпарда, апошняга ў гэтых краях, які аднойчы патрапіў на прыцэл Янавага ружжа — але паляўнічы так і не наважыўся націснуць на курок, і дазволіў лясному волату ў плямістым жоўтым футры, старому, але ўсё яшчэ пагрознаму — сысці, каб сустрэць смерць, годную апошняга з роду, смерць на волі. І пра лясных птушак з сінімі пёрамі, што хаваюцца ў зарасцях глогу і крычаць галасамі немаўляцяў, пра русалак, што гушкаюцца на сплеценых галінках бярозаў, і варта пакласці пад дрэвам барану — русалка ўблытаецца ў яе валасамі і будзе табе слугаваць... Калісьці Ян хацеў злавіць такую... Але — навошта злоўленае каханне? Хіба яго параўнаеш з такім — якое нараджаецца цяпер у ягоных грудзях, выспявае, як перліна ў сваёй ракавінцы, ад першай пясчынкі, што ўчыніла непераходны боль, і абрастае, павольна і непазбежна, усё новымі слаямі перламутру, павялічваецца і ззяе, і ўсё больш вярэдзіць душу і баліць...

Ян і гаспадыня моўчкі блукалі па паўцёмных пакоях. Іх павольныя рухі нагадвалі старажытны прыдворны танец — без дотыку рук, з узаемнымі цырымоннымі паклонамі, з прыхаваным агнём — прынамсі, у грудзях Яна ён палаў... Як палаў ліхтар у яго руцэ, калі па крутых цёмных прыступках яны з гаспадыняй спусціліся ў сутарэнні дома. Аб гэтым папрасіў Ян — бо сутарэнні былі і пад домам ягоных продкаў на Валоцкай, ля менскай Саборнай плошчы. Яны існавалі яшчэ да таго, як Ваньковічы пабудавалі свой дом, і дзе заканчваліся — ніхто дасюль не зведаў. Казалі, што зямля пад усім цэнтрам горада — як у мурашніку... Што ж, Ваньковічы карысталіся сваімі сутарэннямі неаднойчы... Цёмнымі вузкімі лазамі прабіраліся на таемныя спатканні з іншымі змоўшчыкамі, уцякалі з аблогі, хавалі зброю... Але тут, у гэтым доме, сутарэнні выглядалі іначай. Высокая столь, пасярэдзіне — тоўстая каменная калона... Гаспадыня абшчаперыла яе, прыклалася да каменя лбом:

— Паслухай...

Ян таксама прыхінуўся да калоны з другога боку. Глухі гук — быццам пад зямлёй нехта біў вялізным молатам па вялізным кавадле, і ад удараў уздрыгвалі нават каменная падлога і калона.

— У кожным горадзе ёсць такое месца,— ціха прагаварыла гаспадыня.— Сэрца горада... Магчыма, гэта волат Менеск усё яшчэ круціць свае жорны і перамолвае камяні — іначай яны будуць расці і запоўняць усю зямлю. А можа, гэта б’юць крыніцы — кроў зямлі. Выпусці яе дарэшты — і зямля памрэ. А можа, гэта барабаны, якія склікаюць падземную варту — ведаеш, пад кожным горадам ёсць свая падземная варта?

— Я ведаю толькі адно — я кахаю цябе,— прашаптаў Ян і асцярожна паклаў далонь на руку гаспадыні, прыціснутую да каменя калоны. Якія халодныя пальцы... Тонкія бровы пані выгнуліся, нібыта ў недаверы.

— Гэтае сутарэнне памятае гісторыю аднаго палкага кахання...

Прыгажуня адышла ад калоны і пачала расповед тым жа ціхім голасам, нібыта хтось мог падслухаць:

— Гісторыя, старая, як гэты свет... Тут жыў купец з трыма дочкамі. Две родныя, адна прыёмная. Да паненак узялі гувернанта. Ніхто не падумаў пра тое, што малады чалавек занадта гожы для таго, каб браць яго ў дом, дзе жывуць дзяўчаты. Усе трох марылі аб адным. Каханне дасталося толькі адной з іх, няроднай. Старэйшыя даведаліся, што сястра змовілася ўцячы з каханым. Яны звязалі шчаслівіцу шаўковымі шалікамі, замкнулі ў гэтым сутарэнні і пабеглі за бацькам. І якраз пачалася паводка. Свіслач разлілася... Сутарэнне затапіла. Вось і ўсё... Калі жаніх, дарэмна прачакаўшы, прыйшоў сюды і ўбачыў труп, які плавае ў цёмнай вадзе... Норавы тады былі яшчэ больш дзікімі чым цяпер. Ён забіў абодвух сёстраў — забіў кінжалам мізэрэкордзія, адмысловым кінжалам, якім дабівалі паваленых рыцараў у шчыліну паміж латамі і шлемам. А потым павесіўся. Таксама тут, у сутарэнні. Страшна і банальна, праўда?

Незразумелая ўсмешка кранула тонкія вусны дзяўчыны. Ян пацягнуўся да яе... І зноў свет расплыўся ў яго вачах... Ваньковіч ачуняў толькі ў ложку — як яна, бедная, яго сюды выцягнула з сутарэння? Можа, у доме ёсць яшчэ нехта?

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)