Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск — дагарала яшчэ адна свечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь.
Пан Беларэцкі парушыў маўчанне:
— Сённяшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.
— І праўда,— зазначыў Ной.— У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірша. Прыйдзе — страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя... Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах — чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасці ейнага твару... Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.
Усе рассмяяліся.
— Прызнайся, на сабе паспрабаваў? — спытаўся Улад.
Ной затрос галавой:
— Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсць нейкі... мастакоўскі густ.
— Карацей, табе падабаюцца іншыя,— зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дома пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небяспечнае.— Што ж, мая маці гаварыла, што каханне — гэта танец... Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу — адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае... Адзін схіляецца, другі выпростваецца... Потым наадварот... Няверны рух — і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зляцелі на паркет, чырвонае канфеці сэрцаў храбусціць пад абцасамі.
— Я ўявіла сярэднявечную паванну, якую мы танчылі на вечарыне...— ціха прамовіла Дарота.— Паванна на смерць інфанты — так, здаецца, гэта называлася?
Улад, нібыта адганяючы жуду, страсянуў густымі валасамі, ускочыў і схіліўся ў танцавальным па перад Даротай.
— Паванна!
— А як жа без музыкі? — запярэчыла Зося.
Але Дарота ўзнялася, і пачаўся дзіўны танец — у цішыні, у цёмным пакоі, у мігценні свечак... Павольна, паважна... Адзін за адным усе, нават Андрэй Беларэцкі, далучаліся да гэтых скокаў, нібыта да пахавальнай працэсіі... Ніхто не ўсміхаўся, не гаварыў, не спрабаваў напець матыў, толькі рухі зліваліся ў адзіным рытме. Надышла частка паванны, якая называецца капрыёль, калі танцоры імітуюць скокі коней. Цені ўсё хутчэй слізгалі па сценах, людзі схіляліся і выпростваліся, мяняліся партнёрамі... Дыханне пачашчалася... Рукі не спяшаліся перарываць дотык да рук...
Калі не можаш сказаць — танчы...
Калі немагчыма крычаць — танчы...
Калі побач смерць — танчы... Як танчаць аблокі і агонь, як танчыць сама зямля ў абдоймах ветру...
Улад схапіў Зосю ў абдымкі, пан Беларэцкі затрымаў руку збялелай Дароты ў сваёй руцэ...
Стук у дзверы перабіў шум дажджу і спыніў вар’яцкі танец.
Някліканых гасцей было трое. Яны ўвайшлі разам з дажджом, ветрам і трывогай. Вада сцякала па востраверхай шапцы-шлеме галоўнага. Малады твар, шырокі ў выліцах, светлыя прамыя бровы і пагляд чалавека, які не сумняецца, як не створана сумнявацца ружжо за яго плячыма. Двое другіх, адзін у сялянскай світцы, другі ў салдацкім мундзіры са споратымі пагонамі, трымалі ружжы напагатоў, і на тварах іхніх толькі насцярога і боязь... Сумесь, якая робіць людзей забойцамі.