Выбраныя творы ў двух тамах. Том І
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00518-6
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І». Краткое содержание книги:
— А прасніцу табе туды не трэба, а лапцейкі, а гуселькі-цымбалікі? Хаця ж, табе па дудачцы-жалейцы больш падыходзіць. Рэчку я яго ўкраў. А ты куды глядзеў?
— Я не глядзеў, я выглядваў з-пад вашай рукі. Чый аловак крыжаваў вадасховішча? Маўчыце?
— Маўчу. Спазніліся з табою, цябе трэба было яшчэ з начальнікаў ПМК перці... Я крыжаваў вадасховішча, а ты мне апладзіраваў. Загадалі табе садзіць па тарфяніках бульбу, буракі. А ты і рады дагадзіць...
— Я верыў.
— У бога трэба верыць.
— Вы для мяне і былі богам. Бы як бог прыйшлі ў Княжбор і як бог узаралі яго, пакінулі за сабой жоўтыя пяскі, тарфяныя буры... Вы... Я прыйшоў вам гэта сказаць. Няхай вам будзе сніцца Княжбор, вам і вашым дзецям, як сніцца мне...
— Пагаварылі — хопіць! — спыніў яго Шахрай.
— Хопіць дык хопіць,— пагадзіўся з ім Мацвей. I яны разам і з палёгкай усталі. Шахрай з крэсла, Мацней са стуліка. Хвіліну-другую моўчкі стаялі адзін перад адным, паглядзеўшыся адзін на другога, разам схілілі галовы, нібыта пахавалі адзін другога. I Мацвей найшоў. Пайшоў таксама як і прыйшоў, разлютаваны дарэмнасцю свайго паходу і гонарам, якому далі па носе, пайшоў, не зведаўшы, ці ёсць што на свеце, што можа выпесці з раўнавагі Шахрая. Шахрай на развітанне падаў яму яшчэ і руку, Мацвей памарудзіў, але ўсё ж прыняў гэтую руку і паціснуў яе і адчуў такі ж поціск у адказ. I далонь Шахрая была жорсткай, нібы ў мазалях. I яшчэ, ужо расчыніўшы дзверы, Мацвей зірнуў па схему меліярацыі, імкнучыся разглядзець там, па схеме, тое макавае зерне, вочка змяі. — Княжбор. Але не здолеў — вельмі ўжо далёка была ад яго схема. I ўсё на ёй выглядала злітна, адзінай плямай, схема сама вялізным сваім цьмяным вокам глядзела па яго. I Мацвей паспешліва зачыніў за сабою дзверы.
КНЯЖБОР
Так завецца вёска, хаця аніякага бору каля яе няма і ў паміне. Мо ад суму па гэтым боры і назвалі так людзі сваё селішча, таму што княжборцы радаслоўнай не памятаюць, адкуль яны прыйшлі, ёсць, канечне, у іх свае паданні і сказы, але паданні гэтыя мала што растлумачваюць, яны складваліся ўжо тут. А Княжбор — вёска вандроўная. Апошні раз краналася ў дарогу ўжо на памяці Цімоха Махахея і прыпынілася вось тут і ўстаялася вось тут, паўвека ўжо стаіць. А перад гэтым была за шэсць кіламетраў адсюль, дзе іх маленькая рачулка злівалася з другою, вялікай і славутай ракой, дзе, як кінуць вокам,— вада і вада, ніцыя лазнякі, вячыстыя дубы. I сярод гэтай вады, дубоў і лоз, як бабровыя хаткі, стаяла каля дваццаці іх хатак. За хатамі. ці то поле, ці то сенажаць — Цімох ужо і не памятае, таму што яго дзяцінства праходзіла больш на вадзе, чым па зямлі. Вада — першае, што ўвайшло ў яго памяць, пасля яе ўжо з'явіліся маці, бацька і малако. У дзедавым чоўне ён упершыню ўбачыў неба над галавой, лазнякі ў туманным мроіве вады, вяршаліны далёкіх дрэў, убачыў і сказаў сабе: жыву, дыхаю, плыву і назаўсёды паяднаўся з вадой, лозамі, дрэвамі і небам. I амаль што адначасова з гэтым пачаўся вялікі рух, вёска пагрузілася на тыя ж чаўны, душагубкі, хуценька звязаныя плыты і кранула ўверх па рачулцы, пацягнулі плыты княжборцы шукаць долі на новым месцы. На старым жа іх сем гадоў запар, з дня нараджэння Махахея, залівала вадою. Сем гадоў не бачылі яны хлеба, не елі бульбы, даволіліся тым, што пасылала рака.
Спыніліся на загадзя прыгледжаным месцы, сякерай і агнём адбілі ў лесу сабе зямлю і прытулак, хутарамі і водрубамі разбегліся па беразе рачулкі, але назву захавалі: Княжбор, княжборцы, хаця да сапраўдных хвойных лясоў і адсюль было не менш чым дзесяць вёрст, стаялі там хвоі званлівыя і высокія — уразбежку, пахмурныя і каржакаватыя — градой, і маладыя хвойкі поруч з маладымі бярозамі. Але зямля, дзе вырас гэты бор, па якім сумуюць княжборцы, — бедная, пясочак, жвір і белы грыбны пясочак, што так хрустка прыпадае да нагі летам, толькі ў беразняку зрэдку пракідваліся верас ды зязюлін лён — тужлівыя вочы тужлівага краю. Нават акопы, што засталіся ў бары з часоў ужо даўно мінулай вайны, зарастаюць марудна, не хапае ў беднай зямлі сокаў загаіць свае раны.
А пад Княжборам зямля добрая, аглоблю пасадзі — і тая парасткі пусціць, буяе ўсё, а не расце на такой зямлі, і хутка гоіць свае раны княжборская зямля, яна таксама зведала, што такое бомбы і снарады, была здрапежана акопамі і бліндажамі, але зацягнула, зарасло ўсё. Урадлівая і трывушчая зямля над Княжборам. Не прагадалі княжборцы, двойчы выгадалі, другі раз тым, што заўсёды было іх селішча савецкім, савецкімі былі яны заўсёды. А тая зямля і тая вада, на якой і каля якой яны жылі раней, пасля грамадзянскай вайны адышлі да Польшчы, па рачулцы стала граніца з Заходняй Беларуссю. I Махахей яшчэ і сёння жонцы сваёй Ганне гаворыць: