Выбраныя творы ў двух тамах. Том І
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00518-6
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І». Краткое содержание книги:
А што ўсё ж? Гэта павінен ён высветліць зараз, высветліць у гаворцы з Шахраем.
Шахрай уяўляўся яму чалавекам ужо крыху за мерай, які не ведае хістання, усё, што ён рабіў, рабіў не азіраючыся, нібыта і на самай справе ведаў нешта такое, чаго не дадзена было ведаць яму, Мацвею. Шахрай, думаў Мацвей, абавязаны гэта ведаць, зыходзячы хаця б з таго, што ён знаходзіцца над ім. Гэта было простае і наіўнае тлумачэнне, але хацелася верыць, што так яно і ёсць, ці страціць гэтую веру раз і назаўсёды, падмануць сябе ці пазбавіцца ад падману.
Ён пакутаваў, ісці ці не ісці яму да Шахрая, усю дарогу, але, выпраўляючыся ў гэтую дарогу, ён ужо ведаў: няма да каго больш ісці яму ў Мінску. Быў яшчэ чалавек, але ён зарокся, што таму чалавеку пакажацца на вочы толькі перад смерцю. I ў аўтобусе ў паўдрымоце яму мроілася, што тая апошняя, абагульняючая ўсё хвіліна ўжо настала і ён, не марудзячы, з прывакзальнай плошчы кінецца на адрасе, які прапісаны ў яго памяці палаючымі літаркамі. Але толькі спыніўся аўтобус, Мацвей, не вагаючыся, пакрочыў да Шахрая. Ён не прызнаваўся ў гэтым нават сабе, але ўвесь час спадзяваўся па нейкі цуд: усё, што адбылося з ім,— сон, насланнё, яму здавалася, што ўсе гэтыя тры гады ён жыў, боўтаўся, плёхаўся ў нейкай цёплай і соннай вадзе, дастаткова выйсці з гэтай вады, ступіць на бераг, на халодны і жорсткі пясок, ён зноў будзе ўсё бачыць, стане відушчым цела, насланнё згіне, пачнецца жыццё, нічым не падобнае на тое, што было раней.
Мяккія абдымкі Шахрая працвярэзілі яго, ён зноў быў у той жа самай ачмуральна цёплай вадзе. Ніхто і нішто не здольныя перамяніць яго лёс. Надзея знікла, і ён раззлаваўся на сябе, на Шахрая, таму і прыдумаў сабе яго, хацеў убачыць на твары Шахрая маску і ўбачыў. А калі папраўдзе, дык Шахрай які быў, такі і застаўся. I зараз, калі абдымаў яго, як і раней, паводзіў сябе, як артыст перад публікай, хаця ніякай публікі не было. Гэта была яшчэ адна прыроджаная, пэўна, рыса Алега Віктаравіча — усюды і ўсім падыгрываць, аддаваць першы ход каму-небудзь іншаму, нават і сярод сяброў паводзіць сябе так, нібыта яго фатаграфуюць зараз. Тут Мацвей зноў спахапіўся, што ён несправядлівы, што ён мо і зайздросціць Алегу Віктаравічу, які заўсёды такі роўны з кожным, але спыніцца ён ужо не мог. Наўмыснай падалася яму і прастата, з якой быў абстаўлены кабінет Шахрая, хаця гэта больш за ўсё і выяўляла ранейшага Алега Віктаравіча, у спартанскай прастаце быў водгук таго часу, у якім пачаў свой шлях Шахрай.
Вандроўнае жыццё па Палессі таксама патрабавала гэтага: нічога лішняга ні за плячыма ў рукзаку, ні ў кішэнях, ні ў кабінеце, ні ў хаце — усе рэчы простыя і прызначэнне іх зразумелае. Менавіта па гэтую прастату і паразуменне і прыйшоў Мацвей да Шахрая. I ўжо як бы сам кабінет Алега Віктаравіча сцвярджаў, што імкнуўся сюды ён недарэмна. Кабінет хаця і быў аглушальна вялізны, але голы, пусты. На адной сцяне, амаль напалову яе,— схема меліярацыі Палесся. А ў самым нізе гэтай схемы была маленькая чорненькая кропачка — Княжбор, макавае зярнятка і вока змяі адначасова, быў, уласна кажучы, сам ён, Мацвей. Яго жыццё, лёс. Мацвею і на самай справе здавалася, што гэтая чорная кропка на вялізным аркушы фотапаперы і ёсць ён. Усё, што ён рабіў, чым жыў, выснавалася, сфакусавалася ў гэтую нямую зрэнкавую кропку. I няма ніякай драмы, таму што такіх кропак на карце мноства. I яго вока абыякава слізгаціць па іх, не спатыкаецца ні сэрца, ні душа, а калі і ўзнікае што ў сэрцы, то нікому гэта і не цікава, ні яму, ні каму-небудзь іншаму — гэта рэха таго, як і дзе ён жыў раней, тая самая геаграфія і крыху біяграфія, якую мае кожны чалавек, мае і па-свойму асвятляе яе. Мацвей адвёў вочы ад карты Палесся, але тры іншыя сцяны былі ўжо зусім голымі. Не загрувашчаны быў паперамі і стол Шахрая. Горка ганчарных дрэнажных трубак — вось і ўсё. I ад гэтых трубак, ад схемы меліярацыі Палесся — пах тарфянікаў, балот, балотных траў — уяўны пах, пры поўнай адсутнасці яго.