Выбраныя творы ў двух тамах. Том І
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00518-6
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І». Краткое содержание книги:
Хто не ведаў раней Княжбора, той і сёння яшчэ памірае перад векавечнымі дубамі, што ацалелі на беразе рачулкі. На здзіўленне дубы, шапку перад імі аберуч трымаць трэба, здымаць трэба шапку, бо сама ўпадзе. На пні падвода развярнуцца магла. Гэта ён перабольшвае, канечне, але гавораць: раней і сапраўды былі такія дубы, што параконна разварочваліся на іх. Былі, ды сплылі весняй вадой. Весняй вадой спакон веку пад шатамі іх плылі іншыя дрэвы, а пад дубамі плытагоны, прычаліўшы плыты, адпачывалі, варылі славутую сваю кашу і кулеш, і колькі той кашы, колькі таго куляшу з'едзена было па берагах рачулкі, і ўявіць цяжка, паспытаў іх у свой час і Махахей. Уявіць немагчыма, колькі па дуброве паднята княжборцамі баравікоў. I Цімох Махахей збіраў іх таксама, касіў бадай што касой, пад'язджаў на драбінах, прыпыняўся ў цяньку і рэзаў мяхамі, як на воз ускласці. Баравікі ўсе былі ядраныя, дуброўныя, ты яго рукамі, а ён уголас крычыць на цябе, на зуб просіцца, рыпіць ажно. Але адной вясной, адным летам прапала ўсё: секлі дубы, а праваліліся пад зямлю і грыбы. Звалася дуброва княжборскай, стала звацца дубняком Махахея, толькі гэта яго ўжо не ўцешыла. Не вельмі што паспеў ён выратаваць ад былой прыгажосці Княжбора.
Год той быў круты, па вясне яшчэ, пры снезе, напаткала ўсіх вялікае гора. Княжбор уліўся слязьмі, плакалі амаль у кожнай хаце, разам з усёй краінай, як па бацьку родным убіваліся, нібыта ўсе ў адну хвілінку асірацелі, страцілі бацюхну-карміцеля. Але не паспелі прасохнуць вочы, як на табе, новая бяда, пазней і яна не падалася ўжо бядой, а так, бедкай, толькі паспрабуй, калі столь на цябе валіцца, дзе схавацца, дзе знайсці паратунак: узбуйнілі княжборскі калгас. I да гэтага ўзбуйнення жылі княжборцы не надта спраўна, але ад навіны да навіны чаго-чаго, а кардопляў хапала: абжываліся толькі ж, на даўгі, на пазыкі, на крэдыты — жывёлу і тэхніку рабілі. А зямлі ў калгаса было няшмат, можна сказаць, зусім не было, гектараў шэсцьдзесят, ад сілы — сто. I ўся яна на загонах, па дзялянках раскідана па акрузе. Не больш было той зямлі і ў калгасе, які злучылі з княжборскім, добры сабака за адну раніцу мог яе ўсю пазначыць. Аб'ядналі дзве гаспадаркі ў адну, загаласілі княжборскія бабы: куды ўлада глядзіць, мы без зямлі, яны без зямлі — старцаў толькі пладзіць будзем. Але нашы хоць робяць, а там жа зломак на зломку, паглядаюць толькі адзін на аднаго, мы гаравалі, тэхніку завялі, а яны і насенне праелі, і нас праглынуць і не каўкнуць. Але ніхто слёз гэтых не ўважыў, таго ж Аркадзя Барздыку, як вышэйшага ў Княжборы па вайсковым званні — старшыной ён вярнуўся з фронту — і тут у старшыні. Натуры, цягавітасці ў Барздыкі хапала, па-колішняму мог ён і ў кулак выбіцца, але і зараз ён не губляецца. На тым жа сходзе, на якім абралі Барздыку старшынёй, ён і абвясціў:
— Па гэтым жа леце выйдзем у перадавікі.
I выйшлі, бяды той сапраўднай не разгледзелі, выйшлі, як на свята, з песнямі, тварыць і памнажаць бяду і гароту ўласнымі рукамі. Дзве вёскі, усе мужчыны і бабы наперадзе іх. I паплылі па рэчцы дубовыя бярвенні і кражы ў вялікія гарады, на вялікія здзяйсненні. ІІрацавалі хапат- ліва і прагна, прагна падлічвалі ўжо і грошы, прыгляда- ліся да абновак, прыкідвалі, хто што справіць, што прыдбае ў хату. Цімох Махахей спрабаваў перашкодзіць сякеры і як сам не трапіў пад сякеру.
— Ураг народа,— коратка сказаў Аркадзь Барздыка. — Вось ён перад вамі. Глядзіце, пакуль ён яшчэ тут.
Ад такіх слоў Махахей аслупянеў, забыўся нават і пра сваё. Не жартачкі гэта былі. Не жартачкамі ўскінуліся на яго людзі:
— Лес, дуброва чыя? Калгасная. А мы хто — калгаснікі. Ураг ты калгасніку і калгаснаму ладу.
— Які я ўраг, я карову сваю сенам абдзяляю, калгасных коней кармлю,— не хацеў добранькім выстаўляцца Махахей, а вымусілі.
— Трэба яшчэ разабрацца,— напёр Барздыка,— адкуль у цябе сена. I карове хапае, і коням застаецца. Адкуль?
— З-пад кур, вось адкуль. Твой стог з зімы ў гародзе прахне, ні жменькі нікому не пазычыў.
— Не лезь, Цімох, пасві коней, пакуль самога ў цуглі не зануздалі ды на аброці не павялі.— Гэта ці не Роўда заступіўся за яго.— Дрэва яшчэ вырасце, а мы з зямлі ніколі не падымемся. Пра людзей трэ думаць, шкадаваць жывое.