Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 101
Перейти на страницу:

— Помню, вучылі мы яшчэ ў калегіюме гісторыю пра грэка Фалеса, які ішоў, назіраючы зоры, ды ўваліўся ў яміну. Як ёсць пра цябе. Мне не Праксэды шкада, а Саламеі.

Лёднік сярдзіта бліснуў цёмнымі вачыма:

— Мне што, і табе паўтарыць, што між мною і дзяўчынай нічога не было?

— Сэрца парваць можна і не дакранаючыся, — змрочна прагаварыў Пранціш, прысаджваючыся на суседнюю лаўку. — Столькі часу трымаў дзвюх жанчын, як на распаленай блясе. Адна адну шкадуюць, абедзве цябе кахаюць. І лаяцца ім нібыта падстаў няма, і спакою таксама няма.

Дзве познія восеньскія мухі ўсё яшчэ спадзяваліся знайсці сэнс жыцця ў бясконцым кружлянні між сценаў.

— А што я мусіў рабіць? — агрызнуўся Бутрым. — Я ж бедную дзяўчыну таксама шчыра шкадаваў. Як успомню, якой яна ў наш дом трапіла. Запаленне лёгкіх. Рукі — як сцябліначкі, голас, як націнка. Чаравікі з голаду прадала, босай ішла. Ды як? — Лёднік панізіў голас. — Яна вельмі прасіла, каб ніхто не даведаўся. Яна ж была ў мужчынскім касцюме. Валасы абстрыгла. Спадзявалася патрапіць ва ўніверсітэт, мо ў Кракаве, мо ў Вене. Яна ж па-нямецку гаворыць вольна. Па дарозе абрабавалі. Застудзілася, упала на вуліцы ў гарачцы. Добра, у наш шпіталь прынеслі. Думаю, у Праксэды ўдзячнасць да мяне неяк вычварылася.

— Вычварылася, — перадражніў Вырвіч, скептычна акінуўшы поглядам худую постаць на лаўцы катава пакоя.

Пранціш ніколі не мог зразумець, што прываблівае да дзюбаносага змрочнага сына полацкага гарбара самых прыгожых і разумных жанчын. Калісьці гэта вельмі злавала маладога шляхціца. Цяпер, праз гады, Вырвіч дапускаў, што выпускнік двух універсітэтаў Лёднік мог выклікаць захапленне, калі займаўся справай, у якой яму не было роўных. Напрыклад, фехтаваннем, хімічнымі доследамі, складанымі аперацыямі. У ягоным абліччы тады выяўлялася каралеўская ўладнасць, той унутраны агонь, якому Пранціш таксама зайздросціў. Хоць той агонь часцяком заводзіў Бутрыма далей, чым належала добраму хрысціяніну і пачціваму грамадзяніну.

— Я веру, што ты кахаеш Саламею. Але прызнайся, няўжо столькі часу побач з маладой дзяўчынай, якая да цябе хінецца — і ты зусім абыякавы? Той пярсцёначак, пра які Брастоўскі казаў — дарыў, відаць?

Бутрым пацёр лоб, прыкрашаны шнарам, атрыманым калісьці за тое, што не даў казаць абразлівыя словы пра Саламею.

— Я ўсяго толькі грэшнік, пан Вырвіч. Я не магу прысягнуць, што нават выпадкова не заўважаў прывабнасці сваёй памочніцы. Не захапляўся яе розумам. Што хоць на нейкае імгненне мне не была прыемнай яе прыхільнасць. Алесь мае права мяне дакараць. Я ніколі не пераступіў бы мяжы. Але…

Пранціш цяжка ўздыхнуў.

— Не буду я цябе дакараць. Усе мы… Грэшныя. Вось, дома ў мяне жонка цудоўная, сын малы. А я пабачыў адну дзяўчыначку — і сэрца кроіцца ўспамінам.

І распавёў пра заручыны, маленькую нявесту і яе просьбу.

— Эх, няўчасна гэта. Не зможам мы яшчэ і гэту магнацкую справу на сябе ўзваліць, — стамлёна прызнаў Бутрым. — Распытацца б, дзе зараз пан Гервасій і Паланэя, няўжо без іх згоды дачку прасваталі? Але, пагадзіся, не да паненкі нам. Шлюб гадоў праз дзесяць толькі здзейсняць, калі па Статуце, бо жаніх і нявеста etate minnorenuitale[3]. А да гэтага паненку будуць берагчы. Гусей пасвіць не пагоняць. Вернемся жывымі — тады.

І Вырвіч ведаў, што гэта слушна, але ніяк не мог забыцца на блакітныя вочы, што глядзелі на яго калісьці то з фанабэрыяй, то з какецтвам. Не, не яму дакараць Лёдніка.

…Ой, Божа ж ты, мой Божа, дзеўчыну люблю. Сам я добра знаю: яе не вазьму. Дай ты жа мне, Божа, вечара даждаць, Пайду да дзяўчыны я ў апошні раз.

За акном надрываўся тонкі голас спевака і плакала скрыпка. І каціліся па чорнай шчацэ неба буйныя восеньскія зоры. І хтосьці радаваўся, пабачыўшы такую вогненную слязу, і думаў, што яму ж гэта — на ўдачу.

Кожная чужая сляза — камусьці на ўдачу, так ужо створаны свет.

А потым жанчына з прыўкрасным, змучаным ад гора і доўгай дарогі тварам, стаяла пасярод пакоя, калісьці адведзенага для катаў, а зараз — для ахвяраў. І вучоны доктар абдымаў яе калені. А маленькая дзяўчынка з цёмнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку гладзіла яго па галаве і казала:

— Тата, ну не трэба плакаць. Ты ж вялікі.

І на гэта ўсё глядзеў з кута пакоя чалавек са звыродлівым лішаём на твары, глядзеў з прыхаванай, пякучай зайздрасцю, і ціха прамаўляў:

— Гаўдэамус. Гаўдэамус, казюркі. Памятай, доктар, ты памечаны мной. Падранак катавальні ты ёсцека. Такія, як ты, заўсёды вяртаюцца на крукі свае і ланцугі свае ў сутарэнні і студні. Мы дачакаемся цябе, доктар, з царствам маім.

вернуться

3

У стане непаўналецця (лац.).

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)