Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 242 243 244 245 246 247 248 249 250 ... 254
Перейти на страницу:

Уначы дзённая сьпёка паволі аціхала, але гарачы сухавей са стэпу нёс мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзіроўкай, дужа хацелася піць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны і засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалі дагрэбціся да вады. Але калі тое будзе.

Палітрук Каламіец, між тым, доўга і старанна страсаў зь сябе пыл і зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны і самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухні, а найболей — для кулямётаў «максім», тры зь якіх ужо абязводзіліся і не стралялі; у два астатнія сабралі рэшту вады зь біклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлівых бамбёжак — сьпярша трох «хейнкеляў», пасьля дзевяці і пятнаццаці, а пасьля ніхто й не лічыў. Праўда, людзкія страты былі ня дужа вялікія, усе ж байцы пасьпелі акапацца наводдаль ад чыгункі ў полі. Ды, на бяду, забіла двух апошніх коней, што вазілі палкавую кухню, і цяпер ні правіянту, ні вады прывезьці не было чым. Мабыць, сапраўды засталося паміраць на гэтым праклятым разьезьдзе, — думаў кампалка, — бо дзявацца тут не было куды. Адсюль ужо не адступіш, як адступалі ад самага Варонежа. Учора, калі яны занялі гэты разьезд, конна прыехаў даручэнец камдыва і прывез, каб расьпісацца, загад Вярхоўнага пад нумарам 227 з назвай: ні кроку назад! Памры, але не адступі. Тое тычылася ўсіх: ад камандарма да апошняга байца, што б ён ні абараняў — горад ці гэткі во разьбіты, амаль зраўняны зь зямлёй стэпавы разьезд. Даручэнец паведаміў таксама, што ўжо ёсьць і вынікі невыкананьня загаду: у суседнім палку аддалі пад трыбунал аднаго камбата і расстралялі на месцы ПНШ па разьведцы.

— Дык што рабіць будзем, камісар? — няўцямна пытаўся заклапочаны камандзір палка.

— Будзем стаяць, — проста адказаў палітрук Каламіец. — Што ж застаецца.

— Нічога не застаецца, — скупа пагадзіўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.

— А дзе тая станіца, ці далёка? — з новым клопатам загаманіў палітрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзін загад — вусны — са штабу дывізіі: уначы атрымаць папаўненьне. Колькі было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьці зь ім палітработу — тым болей цяпер, калі прыйшоў такі важны загад. То была справа палітрука, і Каламіец затурбаваўся.

— Арцюха папытайце. Які з санузводу, — сказаў кампалка. — Ён раненых вадзіў, ведае.

Каламіец устаў з краю варонкі і пайшоў у цемру, ціха аклікаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пілотцы невыразна заварушылася ў змроку.

— Пойдзем у станіцу. Дарогу ведаеце?

— Дарогу? Ды во, наўпрасткі, цераз стэп, — глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вінтоўку з прымкнёным штыхом.

Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скіравалі ў стэп.

Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мірная ціша, далікатна парушаная адно ціхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалі ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блізка баёў не было чуваць, толькі дзесь на захадзе на краі неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьціхла, змарнела, затаілася. «Ці надоўга, аднак, — думаў палітрук. — Хіба да ранку…»

— Адкуль родам, Арцюх? — спытаў ён байца, што моўчкі сунуўся ззаду.

— Я? Ды з курскіх.

— Курскі салавей?

— Ну.

— З гораду, сяла?

— Ды з калхозу, — выдыхнуў Арцюх. — Калхозьнік.

Ён тое мовіў так проста, нібы ўсё астатняе было зразумела адразу, і ня трэба было ні пра што пытацца. Палітрук і не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць і ня з курскага — са смаленскага, хоць і не калгасьнік — настаўнік. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым — як партыец — актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпісваў на пазыкі, спаганяў падаткі, рабіў усё, што рабілася ва ўсёй краіне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае і цяпер не выклікала жаданьня ні што абмяркоўваць, ні нават успамінаць. Яго куды болей гняла іхная невясёлая рэчаіснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлівы сталінскі загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалі, часам задавалі драпу, драпам і ратаваліся. А цяпер во за адступленьне без дазволу — трыбунал. Такая ганьба… Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая — з боку немцаў, і новая — з тылу, ад сваіх. Калі ўжо такі загад самога Сталіна, дык літасьці ад начальства ня будзе — ні да байцоў, ні да камандзіраў. Добра, калі пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калі навабранцаў, запасьнікоў? Ды яшчэ горш — чорнагаловых зь Сярэдняй Азіі, якія ні бяльмеса, і ўсё. Вось тут і выконвай загад Вярхоўнага.

1 ... 242 243 244 245 246 247 248 249 250 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)