Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Гэтак? — сказаў хтось паблізу зь недаверам ці нават са спачуваньнем — так і не зразумеў палітрук.
— Ведаеце, на фронце баі, усё здараецца. Коней пабіла, пабіла бомбаю, дык вось, ведаеце… Але мы, байцы Чырвонае Арміі, паводле прысягі павінны стойка пераносіць усе нягоды вайсковай справы і перамагчы. Мы і пераможам! Мы выстаім, таварышы, і выканаем загад таварыша Сталіна, пераможам Гітлера і даможамся лепшага жыцьця… Добрае жыцьцё настане, — казаў ён, аднак, трацячы звыклы працяг размовы, і раптам сказаў пра іншае: — I калгасаў ня будзе. Таварыш Сталін распусьціць калгасы, каб жылі, як раней. Як пры Леніне, — раптам нечакана для сябе скончыў палітрук і аж унутрана закалаціўся ад уласнай нязвыклай рашучасьці. Людзі перад ім неяк дзіўнавата прыціхлі ў змроку, бы насьцярожыліся. Ніхто не сказаў нічога, не папытаўся, не запярэчыў, але, здаецца, нібы ўзбадзёрыліся, бы ачнуліся душою ў сваёй даўняй звыклай паныласьці. I ён таксама падобна ўзбадзёрыўся.
— Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе інакшае жыцьцё, толькі нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталін: ні кроку назад!
Вымавіўшы тое, палітрук Каламіец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але і самыя патрэбныя. Больш і лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у іх паверыць. Мабыць, павінна быць так. Бо як інакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго — залежала ад ворага, франтавых абставінаў, гэтых во змораных саратаўскіх дзядзькоў, якія нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылі — ня дай Бог нікому. У шпіталі адзін камандзір паціху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне выміралі калгасныя вёскі. Бывала, елі чалавечыну, такі лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад ці выстаіш і выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.
Празь якую гадзіну палітрук Каламіец правёў маршавую роту на зруйнаваны разьезд, спыніў у цемрыве каля варонкі кампалка Пахомава. Скалечаныя таполі ціха шумелі рэштаю лістоты на перадранішнім ветрыку; смылелі ўдушлівым нафтавым дымам недагаркі шпалаў. Вады не было, яшчэ не дакапаліся. Зь зямных нетраў ішла хліпкая гразь, зь якой некаторыя цадзілі ў круглыя кацялкі. Заліваць у паходную кухню не было чаго, сьняданак спазьняўся.
Шмат хто з байцоў у той дзень так і не пасьнедаў, некаторыя не пасьнедаюць ніколі. Як з-за счырванелага небакраю выкацілася адразу сьпякотнае сонца, зноў наляцелі «хейнкелі». Хвілін дваццаць яны дзяўблі бомбамі дашчэнту паруйнаваны разьезд, пасьля рэйкі па абодва бакі ад разьезда, разьбілі паходную кухню, што тулілася збоч ад абгарэлага штабэля шпалаў. Толькі самалёты адляцелі на захад, як са стэпу паявілася пяхота з бронетранспарцёраў. Воддаль, у прасяным полі, транспарцёры спыніліся, а пяхота кінулася да задымленых руінаў разьезда. I тады з флангаў ударылі запраўленыя вадкай гразёю «максімы». За імі пачалі дружна бахаць вінтоўкі — саратаўцы ўжо пасьпелі акапацца ў неглыбокіх вузенькіх норах-акопчыках і, не спыняючыся, білі і білі ў проса. I — о, дзіва! Немцы пачалі па адным перабягаць назад да сваіх транспарцёраў, якія ўжо давалі задні ход. «Галоўнае — выстаяць! галоўнае выстаяць!» — паўтараў ці то ў думках, ці ўголас аглушаны бамбёжкай палітрук Каламіец, што побач з кампалка туліўся ўсё ў той жа глыбокай варонцы. На яе дне, да пояса засыпаны зямлёй, зьнерухомеў над сваім апаратам баец-тэлефаніст. Але сувязі, здаецца, не было. Палітрук і кампалка адчувалі тое, ды не пыталіся, думаючы, што, можа, гэтак і лепей. У такім няпэўным становішчы ім лепей было бяз сувязі — яе адсутнасьць вызваляла іх ад кепскіх дакладаў і начальніцкага гневу. Лаянкі таксама.
А пасьля былі й яшчэ дзьве бясконца даўгія атакі. Немцы разьбілі на правым флангу «максім» і зачапіліся за дымны ад шпалаў канец разьезда, дзе былі стрэлкі. Тады той самы Арцюх з групай сваіх і саратаўцаў падабраўся пад агнём да стрэлак і гранатамі выкурыў немцаў з-за шпалаў.
Пад вечар неяк паволі ўсё сьціхла, немцы з проса кудысь прапалі, зьехалі ў іншым кірунку, ці што. Стараной у небе ішла самалётная гайня — падобна, «хейнкелі» бамбілі суседнюю станцыю. Кампалка з запыленым, аброслым сьветлаю шчэцьцю тварам павярнуўся да свайго палітрука і зь нейкаю дзіцячай радасьцю ў вачах мовіў:
— Выстаялі, ага?
Менавіта з таго часу, як у прасяной ніве пахаваліся немцы, і паволі аціхла бязладная страляніна на разьезьдзе, у палітруковай душы заварушылася трывожная вужака сумневу. Учора ён быў амаль упэўнены, што не перажыве гэтага дня (ды яшчэ пад такім строгім загадам), і дбаў толькі пра адно: выстаяць. Ня даць гэтым байцам пабегчы і здаць немцам разьезд. I вось не пабеглі і не здалі. Нечакана і ён ацалеў. I нават не паранены. I жывы і радасны камандзір палка. Але…