У тумане
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00004-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:
Рабілі там дні са тры, і якраз тады немцы паязды на ўсход сталі пускаць ноччу. Што яны там везлі, пуцейцы не маглі бачыць, але так меркавалі, што, мабыць, важныя грузы, можа, танкі нават, калі для перавозкі карысталіся выключна цёмнай парой сутак. І вось неяк самы малады з іх, той фэзэушнік Мішук, калі яны, пасеўшы ў рад, перакусвалі за канавай, і кажа: «А давайце развінцім звяно і ўстроім „тарарам“. На закругленні здатна палучыцца». Тапчэўскі падумаў і падтрымаў: «А што, кажа, дзельная думка!» Кобрань тады прамаўчаў, а Сушчэня дык быў адразу супраць — што ўдумалі! «Немцы — яны дурні, ці што, не здагадаюцца хіба? Стык жа развінчаны, адразу відаць». Пачалі спрачацца, і Мішук з Тапчэўскім даводзяць, што, калі цягнік паляціць пад адхон, тут ні адзін стык не застанецца, усё перакрышыцца, перакруціцца, як вунь ля Лемяшоўскай будкі. Месяц таму там была аварыя ці, можа, падрыў, і яны бачылі, што там зрабілася. Там сапраўды была каша з рэек, шпалаў, вагонаў. Але там трохі іншы профіль пуці, там выемка, а не закругленне.
З самага пачатку Сушчэня быў супраць гэтай задумы, бо ведаў, можа, лепей за іншых, што надта цяжка будзе схаваць канцы ў ваду, закругленне табе — не выемка, тут, мабыць, болей паляціць пад адхон. Паляціць на поплаў або нават у рэчку, пад мост. Таксама някепска, нават дужа добра. Толькі вось той стык як бы не застаўся ўлікай. Надта сумняваўся Сушчэня, але, у ягоных хлопцаў ужо загарэліся вочы — давай ды давай! І ён не схацеў, каб яго палічылі баякам ці яшчэ горш — нямецкім паслугачом. І пагадзіўся. Не сказаў, праўда, нічога, проста змаўчаў, калі перад канцом работы, ужо на захадзе сонца, гэты Мішук, Тапчэўскі ды і Карабань пабралі ключы і абступілі самы выгадны для таго стык на закругленні. Брыгадзір маўчаў, але ў душы ён ужо адчуваў, бы ведаў, што тое так не абыдзецца. Будзе бяда.
— Ну, ведаеш, развінцілі стык, трохі ссунулі рэйку — адну знешнюю, гэтага было досыць. І хутка пакацілі інструмент на станцыю. Думалі так, што яшчэ да цягніка не меней чым пара гадзін часу, наставаў прыцемак, стыку ніхто не заўважыць. А пакуль тое крушэнне, мы будзем далёка. Ці мала што магло здарыцца, маўляў — пасля нас. Можа, партызаны, ці што. Мы нічога не бачылі.
…Сапраўды, так яны думалі. Яны думалі, што пасля крушэння немцы будуць шукаць нейкія там доказы і доказаў не знойдуць, а пуцейцы будуць усе, як адзін, адмаўляцца, і ўсё неяк абыдзецца. Ды, мабыць, у жыцці ніколі не выходзіць, як думаецца, тым больш у вайну…
Той дзень штосьці парушылася і ў немцаў, і першы цягнік яны пусцілі раней, чым сцямнелася. Не паспелі пуцейцы закаціць кацілку ў бакоўку пры станцыі, як на стрэлках загрукацела, і ў Сушчэні нядобра зашчымела сэрца: надта не ў пару ішоў гэты цягнік! А цягнік тым часам скразняком прайшоў праз станцыю, яны ліхаманкава заспяшаліся, каб хутчэй змыцца, але гэты Ярашэвіч, як на тое зло, пачаў распытваць брыгадзіра: што сёння зрабілі, колькі засталося? Як закругленне ці вялікі брак? Сушчэня няўцямна адказваў, а сам стаяў перад начальнікам ля акна ні жывы ні мёртвы: цягнік ужо павінен быць там, каля моста. Няўжо ён прайшоў цэлы?
Аж не прайшоў цэлы, канешне, паляцеў пад адхон, і вагонаў з дзесяць зрабілі кучу малу пад насыпам. На стрэлках усе ўчулі, і да начальніка прыбег задыханы, потны стрэлачнік, кажа: «Бяда, ля моста крушэнне!»
Начальнік той Ярашэвіч адразу кінуўся на тэлефон, а мы памалу змыліся, хто куды. Я, як пабіты, прывалокся дамоў. Думаў тады: кончыцца кепска, але, можа, не надта хутка. Усё ж павінны яны нешта расследаваць, дапрошваць, высвятляць. А яны нас адразу і хлопнулі.
…Іх узялі на другі дзень ранічкай, як аварыйны поезд за ноч расчысціў ад завалу пуці і, канешне ж, як і меркаваў Сушчэня, немцы знайшлі пад друзам той злашчасны развінчаны стык. Узялі ўсю брыгаду, бо ад таго часу, як яна там рабіла, да моманту аварыі мінула ўсяго гадзіна. Хто ж яшчэ мог там быць? Зрэшты, асабліва нікога і не шукалі, адразу населі на гэтых чатырох пуцейцаў, хоць, па сутнасці, ніякіх канкрэтных супраць іх улік і не мелі. Пачалі, канешне, з брыгадзіра. Дапытвалі ў новым памяшканні былой раённай бальніцы, сышлося там чалавек дзесяць розных чыноў, сваіх і немцаў, чакалі. Кабінецік такі быў утульны, на падаконніках вялікіх акон стаялі кветачкі ў вазонах, а гаспадар, даволі яшчэ маладжавы чалавек, у рудым кіцелі з нейкімі пагонамі і даволі прыветлівым тварам, спярша і не крычаў, нібы спачуваючы нават, што здзівіла Сушчэню. Гаварыў чыста па-руску, хоць з астатнімі немцамі — па-нямецку. Ашчадна трымаючы ў даўгіх тонкіх пальцах з пярсцёнкам тонкую нямецкую цыгарэтку, ён проста, амаль па-сяброўску пытаўся ў Сушчэні: «Дык хто вам даў такое заданне? Каб разрушыць дарогу?» — «Ды мы нічога не разрушалі! Мы нічога не ведаем», — са страхавітай шчырасцю здзіўляўся Сушчэня. «А хто ж разрушыў?» — «Дык не бачыў, не ведаю». — «Не ведаеш, — з няпэўнасцю паўтарыў немец і кінуў камусь са сваіх памагатых, што пасталі радком ля сцяны: — Ану, дайце яму ўспомніць!»