Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У тумане - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У тумане

Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «У тумане» прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 44
Перейти на страницу:

— Ох і нарабіў ты… Ох і нарабіў! — стагнаў тым часам паранены.

— Гэта ты нарабіў, — вяла апраўдваўся Войцік. — На чарта было лезці ў лес?

— Што ты разумееш, Войцік, — прастагнаў Бураў і, нібы штосьці ўспомніўшы, запытаўся: — Дзе Сушчэня?

— Ды во сядзіць, — кіўнуў галавой Войцік.

— Не чапай Сушчэню, — выразна вымавіў Бураў і сціх. Войцік зацяў дыханне, нібы чакаючы пачуць ад яго і яшчэ нешта, але, не дачакаўшыся, паціснуў плячыма пад воглай рудой паддзёўкай.

— Хай… Мне што. Толькі што камандзір скажа?

Бураў на тое ўжо не адказаў,ён зусім неяк нядобра абціх у доле і ляжаў так, нямогла выпрастаўшыся даўгім целам, раскінуўшы худыя ногі ў ботах. Знятую з яго дзягу з наганам у кабуры Войцік ужо начапіў сабе на паддзёўку і, мабыць, не збіраўся яе знімаць. Але Бураву, відаць, было не да зброі, здаецца, ён зноў упаў у непрытомнасць.

Пасядзеўшы трохі, Войцік трывожна заазіраўся.

— Яшчэ дагоняць і возьмуць, як суслікаў. Нада матаць адсюль. — Ён ускочыў на ногі. — Ану, давай бярэм удвух!

Сушчэня з прымаруджанай гатоўнасцю падняўся, падышоў да параненага. Карабін Бурава ляжаў побач, але цяпер пры Войціку ён не адважыўся яго ўзяць. Тады карабін падхапіў Войцік і, шчоўкнуўшы затворам, закінуў яго за плячо. На другім плячы ў яго вісела свая даўгая вінтоўка, на баку звешвалася дзяга з наганам. Мусіць, замнога для аднаго чалавека набралася ў яго зброі, але Сушчэня не сказаў нічога — зброя цяпер яго не датычыла.

— Так. Бярэм!

Войцік нахіліўся да ботаў Бурава, а Сушчэня ўзяў параненага пад пахі, натужыўся, зноў узваліў яго на сябе, і яны кудысь павалакліся воглым ранішнім лесам.

Тым часам наўкола віднела, угары праступіла хмарнае сцюдзёнае неба, у якім раздумна гойдаліся хваёвыя верхавіны, голае бярозавае вяршалле. Лес поўніўся тужлівым працяглым пошумам, які часам трохі спадаў, каб зноў неўзабаве ўзяць сваю несціханую жалобную ноту. Усё навакол — і рэдкія хвоі, і кустоўе ядлоўцу, і голы танканогі беразняк, а таксама дол-беламошнік — сачылася набрынялай золкай сырызнай. Нават апалы сушняк пад ботамі трускаў амаль нячутна, ледзь хрупаў у чэзлай траве, на мокрым імху. Зрэшты, Сушчэня ўжо не асцерагаўся нічога, азірацца яму было надта нязручна, і ён спадзяваўся на Войціка: ужо Войцік павінен глядзець. Ён ведаў адно — цярпліва валачы на сабе цяжкое цела Бурава таксама ў набрынялым вільгаццю і крывёй шынялі і толькі прыслухоўваўся час ад часу да яго дыхання на плячы, якое часцяком зусім памірала. І тады ён думаў: хоць бы не сканаў гэты Бураў. Ён не ведаў яшчэ, чым той цяпер яму неабходны, але ён чуў, што той сказаў Войціку, і, нібы тапелец за квёлую саломінку, ухапіўся за тыя ягоныя словы. Ён згледзеў у іх нейкую нечаканую нітачку, якая, можа, вывела б яго да сваіх, калі б не ўратавала жыццё, дык хоць бы засцерагла ад недарэчнай пагібелі. Пасля ўсяго, што з ім здарылася, ён ужо не спадзяваўся на жыццё — для яго найвялікшаю ўдачай было б загінуць па-людску, пакінуўшы па сабе хоць някепскую памяць. З нейкага часу ён ужо адчаяўся пазбыцца пагібелі, жыццё для яго зрабілася недасяжным, ведаў, з тае пасткі, куды яго загналі ворагі ці абставіны, мусіць, паратунку не будзе. Але хоць бы не спляжыць жыццё самых дарагіх ягоных істот — Анэлі і сына. Пра тое ён думаў усе гэтыя тыдні, хоць, канешне, інстынктыўна яшчэ турбаваўся, тузаўся за жыццё, нібы на што спадзяваўся. Хіба на цуд. Але, мусіць, нейкі цуд і адбыўся, ягоная пагібель адсоўвалася. Што будзе далей, Сушчэня, аднак, не меў уяўлення.

Яны доўга брылі так з параненым, якога няспрытна коўталі на сушчэнеўскіх плячах — і так і гэтак; ён ужо добра адарваў іхнія рукі, а ў Сушчэні яшчэ і падкошваліся ногі. Добра яшчэ, думаў Войцік, што гэты Сушчэня быў мужык дужы, адзін ён, мусіць, не даў бы рады гэтаму цяжкому Бураву. Зрэшты, цяпер болей за параненага, які наўрад ці пражыве доўга, Войціка непакоіў Сушчэня — што з ім рабіць? Праўда, пакуль што валачэ ён спраўна, нават не трэба яму загадваць, але куды вывалача — во ў чым справа. Войцік быў родам з другога канца раёна, гэтага лесу амаль не ведаў. Учора з Буравым ён трапіў сюды першы раз і цяпер, на гэтай бездаражы, зусім страціў арыенціроўку, куды яны чаўпліся, не мог зразумець. Мабыць, трэба было папытацца ў Сушчэні, але не мог жа ён тым паказаць, што не ведае дарогі і не знае, куды ісці. Так ён можа даждацца, што гэты Сушчэня яшчэ прывядзе абодвух у нейкую пастку, у самае паліцэйскае логава, тады ўжо кранты будуць абодвум. І чаму яны не застрэлілі яго ў Масцішчы або на выгане, каля рэчкі, навошта павалакліся з ім аж у лес? Але гэта ўсё Бураў. Ці не за гэтую сваю дурноту ён цяпер і расплочваецца крывёю. Але і Сушчэня ўсё ж нейкі незразумелы здраднік, глядзі, вынес знямоглага Бурава і цяпер не спрабуе ўцячы, брыдзе — куды і навошта? Мабыць жа, ведае, што чакае яго, як вынесе, а во ідзе.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)