Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У тумане - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У тумане

Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «У тумане» прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 44
Перейти на страницу:

Зноў жа, а як бы ён абышоўся адзін, без Сушчэні?

Дзівосная сітуацыя, нічога не скажаш, заклапочана думаў Войцік. І ён азіраўся вакол, спрабуючы ўбачыць якую знаёмую прыкмету, каб пазнаць месца, дзе яны ўчора ехалі конна ў Масцішча. Толькі нічога знаёмага не траплялася ў гэтым лесе, вакол цягнуліся здзічэлыя баравыя нетры, шумелі, пагойдваючы верхавінамі, стромкія хвоі, і ім ні разу не трапілася ні сцежкі, ні якой лесавой дарожкі. Добра яшчэ, што дол амаль скрозь быў раўнінны, не трэба было абыходзіць балоты, але ўсё роўна яны знемагліся. Мусіць, усё ж памагаты з Войціка быў кепскі, мокрыя боты параненага ўсё лузгаліся з яго рук, Сушчэня тузаўся, пакуль, стомлена хакаючы, не прахрапеў з-пад Бурава:

— Вы кіньце… Я сам…

Войцік і кінуў, сапраўды, яму хапала дзвюх цяжкіх вінтовак на вузкіх плячах, нагана, ён таксама ўходаўся за гэтую ноч, ды яшчэ пачаў балець страўнік — азвалася яго застарэлая язва. Маўчала амаль тыдзень, а во напомніла. Ну але, мабыць, турботаў гэтае ночы яму было мала, адчуваў, яны яшчэ вылезуць бокам. Ісці так без грузу ў руках стала лягчэй, ён трохі аддыхаўся і раптам у звыклым лесавым пошуме ўчуў раскацістае водгулле некалькіх далёкіх стрэлаў — як раз у тым баку, куды яны кіравалі. Войцік аж прыпыніўся, хацеў гукнуць Сушчэню, але той сам, мабыць, учуў страляніну і стаў — сагнуты ў тры пагібелі пад няўклюдна распластаным на спіне целам Бурава.

— Дзе гэта? У Бабічах?

— Можа, і ў Бабічах, — шумна выдыхнуў Сушчэня.

«Вот жа халера, — падумаў Войцік. — Калі ўжо страляюць у Бабічах, дык куды ж паткнуцца?»

Мусіць, тое ж адчуў і Сушчэня, які трохі паправіў на сабе ношу, хістка пераступіў на нагах — праз хвіліну яшчэ даляцелі два стрэлы, і затым усё няпэўна знямела. Яны пастаялі, тады Войцік зайшоў наперад і паказаў рукой трохі ўбок ад тых стрэлаў.

Яны зноў рушылі па бары, усё пільна ўслухоўваючыся праз лесавы шум, — пакуль што, праўда, вакол было ціха. Куды яны ішлі, цяпер ужо не ведаў ніхто — ні Сушчэня, ні Войцік. Неўзабаве, аднак, ім трапілася старая лесавая прасека, дзе-нідзе парослая маладым падростам — хвойнікам і бярозкамі, дол тут слаўся пясчаны, і ісці па ім было цяжэй, чым па бары-беламошніку, у пяску грузлі ногі. Сушчэня часта спыняўся, усё паддаючы на сябе цяжкое цела параненага, якое ўпарта спаўзала долу. Бураў спярша маўчаў, мо быў у непрытомнасці, а пасля стаў надта стагнаць, і Сушчэня спыніўся. Яны ашчадна паклалі Бурава долу, Войцік сказаў заклапочана:

— Зноў закрывяніў…

Ён знямогла скінуў са сваіх плеч вінтоўкі і сеў, дзе стаяў, — на сухі, засыпаны ігліцаю дол. Штось памеркаваўшы, Сушчэня на гэты раз рашуча сцягнуў цераз галаву сваю чорную чыгуначную кашулю, хуценька скінуў нясвежую, выцвілую ад старасці майку.

— Э, ужо нічарта не паможа, — недаверліва сказаў Войцік. — Тут ужо столькі нацякло…

Схіліўшыся над параненым, яны зноў расхінулі ягоны мокры шынелак і ўдвух пачалі абвязваць майкай ягоны жывот. Каб яна неяк трымалася там, выцягнулі з ягоных штаноў вузкі каляны раменьчык, падперазалі жывот па майцы.

— Мне, мусіць, усё, — квола прастагнаў Бураў і памаўчаў. — Не данесяце…

Удвух яны моўчкі пасядзелі над ім, адпачываючы і непружана згадваючы, як быць далей, і Войцік азваўся першы.

— Трэба падвода. А так, канешне…

Усё нешта мяркуючы, ён паўзіраўся наперад, у затуманены прасцяг вузкай прасекі, з аднаго боку якой стаяла сцяна спелага хваёвага бору, а з другой зелянеўся кучарывы гушчар маладога, радкамі пасеянага лясніцтвам хвойніку. Хвойкі тыя не надта каб выраслі, але ўсе дружна імкнуліся ўгору, утварыўшы высакаваты, на два-тры чалавечыя росты, непралазны гушчар. Мабыць, там можна было схавацца, іншага сховішча ў скразным бары не было.

Толькі яны ўзяліся за Бурава, каб несці яго туды, як зноў здалёку забахала, ды так часта і густа, што яны знерухомелі. Некалькі доўгіх хвілін яны слухалі з пякельнаю мукай на тварах, затым Войцік страпянуўся першы.

— Давай, хутка, туды, у хвойнік!..

Абодва, задыхаўшыся, прынеслі параненага на край хвойнічку і, расхінаючы яго калючыя нетры, прадраліся яшчэ крокаў з дваццаць. Тут сапраўды было схоўна і ціха, і яны, натрапіўшы на невялічкую прагалінку, паклалі на дробную траўку спакутаванага Бурава.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)