Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
У тумане - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У тумане

Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «У тумане» прысвечана партызанам. Разведчыкі Бураў i Войцік павінны абясшкодзіць чалавека, які быццам служыць фашыстам. Пра гэты цяжкі паход i расказваецца ў творы.
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 44
Перейти на страницу:

— Дзе гэта… страляюць? — ціха запытаўся той, не паднімаючы запалых век.

— А чорт іх ведае! — сказаў Войцік. — Недзе ў тым баку.

— У Бабічах?

— Можа, і ў Бабічах. Але ты ляжы. Во расстараемся падводу — адвязем.

— Расстараемся… — няпэўна прамовіў Бураў і зноў маркотна надоўга сціх.

Яны ўдвух цесна сядзелі побач і круцілі ва ўсе бакі галовамі, слухаючы наваколле, ды тут нічога не было чуваць. Толькі шумеў (аж свістаў у хвойным гушчары) вецер ды, халера б на яе, недзе ўсчала стракатаць сарока — каб яна хоць не навяла каго на гэтую прагаліну, падумаў Войцік. Яны ўжо добра нахадзіліся па лесе, мабыць, і часу мінула нямала. У гэты кароткі дзень, ведаў Войцік, не заўважыш, як ранак зробіцца вечарам. Мабыць, трэба было пакарыстацца ім, пакуль не пачало змяркацца, а то ў цемры ды на незнаёмай мясцовасці вельмі проста налезці на ліха. Трэба ісці здабываць падводу. Толькі хто пойдзе?

— Сушчэня, — сказаў Войцік, — ты тут ведаеш, дзе што. Дзе вёска, ведаеш?

Сушчэня заклапочана ўгледзеўся ў хвойнік, паслухаў, падумаў.

— Дык Бабічы там недзе. Пад пушчай. А можа, мы іх дзе прамінулі?

— Гэта там, дзе стралялі?

— Ну.

— Дык ідзі па падводу, — сказаў Войцік.

Сушчэня ўстаў, хацеў нешта сказаць, мабыць, на развітанне.

Але не паспеў ён, прыгнуўшыся, ступіць у гушчар, як Войцік яго спыніў.

— Не, чакай! Усё ж пайду я, — вырашыў ён. — А ты сядзі тут, пільнуй.

— Добра, — паслухмяна сказаў Сушчэня, зноў сядаючы ля бухматае, з абвіслымі лапкамі хвоі.

Войцік пачаў хуценька збірацца ў дарогу: падняў з долу бураўскі карабін, уздзеў за спіну, узяў у рукі вінтоўку, ямчэй насунуў на голаў сваю казыркастую кепку. Ён ужо ступіў быў у хвойнік, як з долу ціха азваўся Бураў.

— Граната… А дзе граната?

Паранены абмацаў рукамі запалыя грудзі і зноў знерухомеў. Войцік працяглым позіркам паглядзеў на Сушчэню.

— Я не браў, — сказаў Сушчэня. — Мо згубілі ўначы?

Бураў паморшчыўся, падумаў штось і сказаў Войціку:

— Ты аддай мне наган.

— Наган? На, вазьмі, канешне.

Выняўшы з кабуры чорны міліцэйскі наган, Войцік уклаў яго ў выцягнутую руку Бурава, і той падапхнуў рэвальвер пад сцягно. Дзяга з кабурой засталася на Войціку.

— Я пастараюся хутка, — бадзёра сказаў ён. — Калі недалёка.

І палез у гушчар. Хвойкі паблізу трохі прашархацелі і сціхлі, і ўсё навакол сціхла. Сарока, чутна было, застракатала гучней, можа, пагналася за Войцікам, падумаў Сушчэня. Сарока, халера на яе, калі прывяжацца, дык не адгоніш.

— Во так, — выдыхнуў у цішыні Бураў. — Чаму я цябе не стрэльнуў у хаце?

Ён памыляў белымі, бяскроўнымі вуснамі і змоўк, а Сушчэня ніякавата перасмыкнуўся побач — ён ужо адпацеў, і ягоная спіна ў адной кашулі зноў пачала здорава зябнуць.

— Стрэльнуў бы цябе, сам быў бы жывы-здаровы.

— Як жа было ў хаце? — не пагадзіўся Сушчэня. — Дзіця там.

— Дзіця… А чаму ты не ўцёк, Сушчэня? — запытаўся Бураў і насцярожыўся, поўны нямоглае ўвагі.

Сушчэня выдраў з зямлі жмут травы, выбраў з яго даўжэйшую былку і разламаў яе напалам.

— Куды ж мне ўцякаць?

— А да немцаў.

— У немцаў я ўжо быў. Во глядзі!

Ён тузануў за падол кашулі, загарнуў яе да галавы, разам паварочваючыся да параненага голай, спаласаванай сінімі пісягамі спіной.

Бураў трошкі расплюшчыў вочы і зірнуў адзін толькі раз, павекі яго зноў зляпіліся, і ён змоўк. А Сушчэня ёжо нервова шкуматаў травіну, ірвучы яе вялікімі вузлаватымі пальцамі.

— І ты мяне нёс? — урэшце ціха вымавіў Бураў.

— Нёс. А што ж мне было рабіць?

— Але ж ты… выдаў. Тых, трох?

— Я нікога не выдаваў! — раптам узвіўся сцішаным крыкам Сушчэня, ускочыў на ногі і зноў сеў, уткнуўшыся тварам у рукавы. Мабыць, ён нават заплакаў, але хуценька авалодаў сабой, выцер бруднымі далонямі счырванелыя вочы. — Я нікога не выдаваў, гэта мяне выдалі, — сказаў ён спакайней.

Бураў у доле зацяў дыханне, слаба перабраў скрываўленымі пальцамі.

— А чаму не павесілі? Разам з тымі?

Сушчэня адказаў не адразу, неяк разважна памаўчаў і кінуў прэч травіну.

— Каб жа павесілі, я б ім дзякуй сказаў. Але выпусцілі. Думаў: нашто выпусцілі? Думаў, зноў возьмуць. Не ўзялі. Два тыдні дома сядзеў — куды мне было падацца? Цяпер стаў трохі разумець, чаму выпусцілі.

Гэта праўда, цяпер ён стаў разумець, і разуменне гэтае прыйшло спакваля, рознымі няпэўнымі прыкметамі стукалася ў ягоную свядомасць, каб канчаткова з'явіцца ўчора ўвечары разам во з гэтым Буравым, які цяпер ледзь жывы ляжыць на зямлі і не можа чагосьці ўцяміць у ягоным злашчасным лёсе. А тады, як яго перасталі біць у СД і доктар Гросмаер пасля двух зусім міласэрных допытаў сказаў, што ён прагоніць яго дамоў, калі ён такі незгаворлівы дурань, Сушчэня, канешне ж, зусім не паверыў яму. Дудкі, падумаў ён, каб яны выпусцілі, павесяць, як учора павесілі трох ягоных рабочых. Хіба што пасля.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 44
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)