Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #4
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец Андрэй Янушкевіч
- ISBN: 978-9-85903-776-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:
На гнеўныя словы доктара толькі пасміхаліся. Месье Лёднік ужо добра паслужыў іх справе, няма чаго выяўляць цнатліўку... Ён жа не быў яшчэ ў сутарэннях, дзе ўтрымліваюцца паддоследныя? А сярод іх ёсць і ягоныя два пацыенты. Што? Пана падманулі, пан не ведаў, што лезе ў мазгі здаровых людзей? А якая доктару розніца? Ён думаў, прадастаўленыя яму ўнікальныя звесткі наконт структуры мозга з неба зваліліся? I чаго верашчаць? Veni! Audi! Maledicti!. Усё, што ад яго патрабуецца — займацца навуковымі даследаваннямі і аперыраваць.
Бутрым скрозь сціснутыя зубы даходліва выказаўся, як яго ад падобных праектаў ванітуе. Барон хмыкнуў.
— Хочаце сысці? Але толькі пасля чарговага доследу — еxperimentum in anima vili. Не сумняюся, што вас ён зацікавіць. Давайце, Барталам’ю, бярыце інструменты, бярыце! Пацыент зачакаўся!
I з Вырвіча сцягнулі прасціну.
Дзеля таго, каб пабачыць збялелае, агаломшанае аблічча Лёдніка і паніку ў ягоных чорных вачах, варта было лезці ў клятае сутарэнне. Праўда, трохі крыўдзіла, што абазвалі малакаштоўным арганізмам.
Доктар кінуў на падлогу малаток і штосьці вострае і бліскучае.
— Вы ўсур’ёз думалі, што я скалечу свайго блізкага сябра?
Апамятаўся, Фаўст...
— Ну, у такім разе вы, пан Лёднік, будзеце назіраць, як гэта зробіць пан Альфонс Бяскоўскі! — ветліва прамовіў дэ Вард.
Бяскоўскі падскочыў тут жа, падняў малаток... Пранціш пракаўтнуў сліну.
Бутрым напяўся, як спружына... Ягоныя цёмныя вочы зрабіліся яшчэ цямнейшымі, пранізлівымі, страшнымі, рукі сціснуліся ў кулакі... Вырвіч памятаў, на што здатны ягоны былы слуга і настаўнік: не аднойчы цэлы натоўп разганяў. Вось толькі паны ў зале таксама ведалі, што можа гэты хударлявы, але жылісты чарнавокі чужаземец, бо раптам паміж вучонай публікі з’явіліся гардыяны, якія наставілі на бунтаўніка пісталеты і стрэльбы. А дэ Вард устаў з крэсла, падобнага да трона, з высокай разной спінкай, і павольна, абапіраючыся на кульбачку з дыяментамі, падышоў да доктара — і пагляд у яго быў страшны, як у змяі... Вакол барона нібыта разыходзіліся нябачныя хвалі, ад якіх падымаліся валаскі на скуры і ламіла ў скронях.
— Ні вашыя фехтавальныя здольнасці, ні вашы магнетычныя штукарствы тут не спрацуюць, пан Барталам’ю. Тут ёсць ажно некалькі чалавек, якія валодаюць падобным у яшчэ большай ступені, чым вы.
Светлыя вочы французскага барона і цёмныя ліцвіна сутыкнуліся, як шаблі. На лбе доктара праступіў пот, на шыі напружыліся жылы, быццам вытрымліваў на сабе страшэнны цяжар. I Пранціш, хоць абодва сапернікі заставаліся нерухомымі, выразна адчуў, што яны вядуць цяжкую, смяротную бойку... Якую Лёднік, магчыма, і выйграў бы — каб быў сам-насам з ворагам, бо дэ Вард нават захістаўся, абапёрся цяжка на кульбачку... Але двое другіх, з бязлітаснымі тварамі і страшнымі вачыма, сталі побач з баронам, і Лёднік толькі зарычэў, як звер, які патрапіў у яму з коллем.
Тое, што ён пасля зрабіў, было бессэнсоўным і адчайным — але Вырвіч таксама так учыніў бы, проста каб не шкадаваць, што не біўся да апошняга. Двое ахоўнікаў паляцелі на падлогу, але да горла Пранціша шчыльненька прыціснулася лязо, і доктар, шчака якога прыкрасілася чарговай драпінай, моўчкі выпусціў на падлогу адабраную ў кагосьці шпагу.
— Ну, месье Лёднік, вы самі зробіце аперацыю свайму сябру? — трохі асіплым голасам прамовіў дэ Вард, ужо не насмешна, а злосна гледзячы на доктара, відаць, умарыўся з ім магнетычнымі поглядамі мерацца. — Мы ж у любым выпадку не зможам яго адпусціць — сунуў нос, куды не варта. Малады чалавек, усе ведаюць, гарачы, учыніў чарговый двубой — атрымаў раненне, ад якога пашкодзіўся розумам... Сведкаў будзе дастаткова.
— Гэта залішняе! — адрывіста прамовіў Лёднік, кінуўшы трывожны позірк на Пранціша, які зацята намагаўся выпхнуць языком абрыдлы скураны кляп. — У майго абязбольваючага трывалы пабочны эфект, які нам дасюль удавалася добра маскіраваць, зацягваючы час аперацый. Дасцё яму павялічаную дозу, я магу сам дакладна разлічыць, колькі, унцыя на гадзіну — і пан тых гадзін не ўспомніць.
— А што ўзамен? — Бяскоўскі зухавата круціў у руках малаток, як гусар — кінжал.
— Я магу дапамагаць вам лячыць пацыентаў. Толькі не калечыць! Лекі рыхтаваць... — глуха прамовіў Лёднік. Дэ Вард зрабіў выгляд, што задумаўся.
— Дарагі месье Барталам’ю! Людзі, якім пашанцавала займець розум, талент і смеласць, самі выбіраюць, ці яны ваўкарэзы, што пасвяць статак, ці баранчыкі, якіх гаспадар можа стрыгчы ці зарэзаць. Вы сталі на бок баранчыкаў і выбралі сабе лёс раба. Альбо вы адзін з нас — альбо адзін з іх!