Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #4
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец Андрэй Янушкевіч
- ISBN: 978-9-85903-776-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:
Як гэта ў яго сумяшчалася з сяброўствам з «пудраным парыком», баронам дэ Вардам?
Адзначылі дзень народзінаў Сафіі Баўтрамеевай Лёднік — два годзікі прыгажуньцы. Атрымала ў падарунак парцалянавую ляльку, зараз жа прырабіла ёй крылцы з марлі. І кінула дзеля цікавейшага: старэйшы брат падарыў жывую чарапаху, і Сафійка цягала яе паўсюль і цалавала ў гідкую маршчыністую пыску.
Краем вуха Вырвіч чуў, што адзін з дактароў-прагрэсістаў, які выкладаў ва ўніверсітэце, зрабіў цікавы даклад: вынайшаў новы спосаб лячэння падкаленнай анеўрызмы. Вось бы полацкі доктар у дыскусіі паўдзельнічаў — сам жа калісь гэтай тэмай займаўся.
А пад канец лета прыйшоў ліст з Варшавы, ад князя Антонія Тызенгаўза. Той пісаў, што раз доктар Баўтрамей Лёднік адмовіўся ад даручанага яму задання і не збіраецца вяртацца ў Гародню, яму перастаюць выплачваць пенсію. А ўжо выплачаныя грошы належыць вярнуць, а гэта дзве сотні талераў.
Даклалі добразычліўцы пра ўцёкі Чорнага Доктара.
Вось гэта была параза, як у туркаў пад Хоцінам. Франсуа Рабле, вядома, сказануў неяк, што няма такога багацея, які б ніколі не пазычаўся, і такога бедняка, у якога ніколі нельга пазычыць. А гонар дурны ліцвінскі куды падзенеш? Такія змардуюцца — не папросяць. На зберажэнні, якія пакінуў Лёднік, доўга не працягнеш... Пранціш лічыў, што лепей Саламеі з дзецьмі і Хвэлькай пераехаць да яго — здымаў кватэру каля вайсковай школы, дзе выкладаў, не харомы — але два пакоі маюцца. Ну і на ягоны заробак з голаду не памруць. Узяць яшчэ некалькі радавітых цюхцяяў у вучні, паабяцаўшы зрабіць з іх геніяў фехтавання... Дзякуй Лёдніку — натрэніраваў у свой час.
А вось што далей? Забраць з сабой пані Саламею, калі канфедэраты адправяцца на радзіму? Але доктарава пакуль пра гэта і слухаць не хацела... Бутрым жа павінен вярнуцца! Дый на радзіме паўставала пытанне пра доўг у дзве сотні талераў!
Калі пані Саламея пакавала куфры, каб перабрацца да Вырвіча, з’явіўся сам дэ Вард, з лёкаем ды цяжкой кульбачкай, упрыгожанай дыяментамі. Выпіў нетаропка гарбаты. Распавёў пра дзівосныя расліны Інданезіі. Прапанаваў заплаціць за дом, ну і ўвогуле прызначыць жонцы шаноўнага доктара Лёдніка прыстойнае грашовае ўтрыманне. Вочы барона льсніліся так непрыемна, што й гадаць не трэба было, якой удзячнасці хоча. Саламея, ясна, ганарліва адмовілася. А барону што? Толькі ўсміхнуўся: паскачы, пасвішчы, птушачка, цябе ўжо накрылі сілом.
Праўда, і ў дзіравы нерат можа патрапіцца шчупак. Раптам да мадам Лёднік заявіўся сам банкір з выбачэннямі: аказваецца, на яе імя зроблены вялікі ўклад, і за дом на год наперад заплачана, і за навучанне малодшага Лёдніка ў школе. І не, барон дэ Вард тут ні пры чым.
Пранціш толькі рукамі развёў: няўжо Бутрым расстараўся? Не падазраваў за ім такой дзелавой жылкі.
І наставалі часы, якія апісваў Скарына-Палачанін, астролаг не горшы, чым у свой час Лёднік: «Сего году не будеть гібелі солнца ані месеца, но будет соітіе всех седмі звезд, блудящих во знамені небесном, в Рібах, месеца февраля. Оні же напотом, естлі господь бог допустіть, велікое премененіе царств, законов, людей і всех на землі і во водах родяшіхся быті знаменують, яковое ж прежде тым не бывало».