Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Ці не таму i не прыжываецца сённяшняя моладзь на зямлі, на якой параджаецца, пазбаўляючыся яе «ўлады»? Ці не таму i расце, большыцца, як снежны ком, гэты паток моладзі — з вёскі ў горад? Чым яго можна прыпыніць? Тортам i свежымі булкамі, як раіць М. Дзелянкоўскі? Выбачайце. Што-што, а падобныя бытавыя «даброты» мала цікавяць маладога чалавека. Яго больш задавальняе рамантыка — вядома, не ўяўная, a сапраўдная, кліча справа, у якой ён можа найбольшым чынам праявіць сябе, дзе ён можа быць самім сабой, адным словам, вабіць паэзія — канешне, у шырокім сэнсе гэтага слова. Відаць, усё гэта больш знаходзіць цяпер моладзь у горадзе — на прадпрыемстве, у навукова-даследчым інстытуце, у той ці іншай установе.
Я не ведаю: што трэба зрабіць, каб усё гэта было i ў вёсцы, у калгасе. Ведаю адно: рабіць нешта трэба. Бо сёння таксама — я думаю, з гэтым згодзіцца кожны — зямлі патрэбны, побач з нашай новай выдатнейшай сучаснай тэхнікай, паэты — людзі, якія любяць гэтую зямлю, якія не ўяўляюць без яе жыцця, якія адчуваюць сябе тут дома.
Крытык Р. Бярозкін, прачытаўшы гэты верш у маёй кнізе «Чарназём», зразумеў яго так, быццам я заклікаю на зямлю паэтаў — членаў i не членаў нашага Саюза пісьменнікаў. A ў мяне i ў галаве такога не было. Што ж, значыць, я недастаткова ясна выказаў сваю думку, не здолеў як след данесці яе да чытача.
Пра ўсё гэта думалася мне, калі я тупаў каля клуба, чакаючы прыезду артыстаў.
Нарэшце яны прыехалі. Я ўбачыў знаёмы мне твар Бражніка. Людзі, што стаялі на вуліцы, паціснуліся ў клубную залу, а я падаўся ў свой дванаццаціложкавы пакой — спаць: заўтра мяне чакала новая частка маёй дарогі.
НЯСВІЖСКІЯ НЕБАСХІЛЫ
На «новай зямлі». «Самаяздачка» i акно, расчыненае ў свет. Калгасны «стражнік». «Шпіён». Сонца горада. Сустрэча з паэтам. Попел князёў. Альба — звярынец Радзівілаў. Кацярынінскія бярозы.
Дзень гойданкі па дарозе Доўгае — Яскавічы — Старобін—Слуцк — Капыль, начлег на раскладушцы капыльскай гасцініцы, i вось, сышоўшы чыстым ядраным ранкам з чарговага аўтобуса, я апынуўся ў Кудзінавічах — вёсцы, куды пераехаў з Яскавіч, намерваючыся знайсці на «новай зямлі» сваё арандатарскае шчасце, Аляксандр Кандратовіч — бацька паэта.
Тут, па гэтай зялёнай мураве, па круглых, як маленькія курганкі, купінах, зрашочаных мурашкамі i чмялямі, па беламу i мяккаму (ступіш — i не пачуеш) пяску вуліцы — працягу палявой дарогі — хадзіла некалі маленства Уладзіслава Сыракомлі, тут, забываючы на вячэру, а то i coн, цэлымі днямі гуляў ён з вясковымі хлапчукамі ў «чыжыка» i «свінню», гарцаваў верхам на бярозавым «кані», тут, на зімовых вячорках, як зачараваны, слухаў ён, поўяня суму i жалю, цягучыя песні прыгонных беларускіх сялянак, адсюль, ахоплены прагай аблегчыць долю забітага беларускага мужыка, падаўся ён з набітым кнігамі i сшыткамі ранцам у Нясвіж па навуку.
Вёска Кудзінавічы знаходзіцца якраз на мяжы Нясвіжскага i Капыльскага раёнаў, але ўваходзіць у склад апошняга. Сельсавет — Пацейкаўскі.
Інфармацыю пра вёску даў мне яшчэ ў аўтобусе дзядзька з Кудзінавіч, які вёз з Капыля сетку хлеба. Мы разам з ім i выйшлі на прыпынку.
— А да каго вы ў Кудзінавічах? — папытаў ён.