Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
- Автор: Шамякина Татьяна Ивановна
- Год: 2007
- Язык: белорусский
- Год: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы
- ISBN: 978-985-500-101-1
- Жанр: Культурология
Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:
Страх страхам, а ўсё ж, паўтараем, арыйцы нязменна змагаюцца са змеямі і драконамі. Зеўс хітрасцю адолеў дракона Ціфона. Сонечны бог Апалон перамог змея Піфона, народжанага са жвіру, які астаўся пасля Сусветнага Патопу, і закапаў яго ў мястэчку Дэльфы (што азначае «Чэрава»). Геракл перамог Лернейскую Гідру і ўзяў шлюб са змеепадобнай Ехіднай. Змеепадобныя тытаны (такімі яны паўстаюць на знакамітым Пергамскім алтары), прыкаваныя да гор або скінутыя ў падзем’е, былі асуджаны на вечныя пакуты. Надзвычай актыўна змагаюцца са змеямі сонечныя героі скандынаўска-германскай міфалогіі: Сігурд, Рагнар, Ладброк, Зігфрыд. Не адставалі ад іх і славянскія змеяборцы: Ілья Мурамец, Дабрыня, Дунай, Каваль. Героі кельцкага эпаса пра караля Артура і рыцараў Круглага Стала толькі барацьбой з драконамі і займаліся, прычым не проста з абстрактнымі істотамі: кожны з іх меў імя. Племя змеяў знішчалася паўсюдна. Кожны рыцар лічыў сваім святым абавязкам забіць змея — з гэтага смяяўся выдатны амерыканскі пісьменнік-гумарыст Марк Твен у сваім парадыйным рамане «Янкі пры двары караля Артура». Але ў сярэднявечнай літаратуры, у якой не было месца жартам, цэнтральным аказаўся менавіта гэты сюжэт. Людзі, як вядома, перамаглі, хоць сёння літаральна апантаны цікавасцю да дыназаўраў.
Прыведзеная вышэй версія пра разумных дыназаўраў (змеяў і драконаў з легендаў), безумоўна, фантастычная, але зусім не горшая за любы сучасны міф, які прэтэндуе на навуковасць (напрыклад, пра НЛА). Больш за тое, на карысць гэтай версіі гавораць шматлікія факты. Так, фараоны Егіпта (як і раджы Індыі) насілі на галаўных уборах выяву свяшчэннага змея Урэя, які, на нашу думку, увасабляў энергію, уласна магічную сілу фараона (яго «трэцяе вока»). У індзейцаў Амерыкі пернаты змей Кецалькаатль быў даравальнікам усіх даброт цывілізацыі (іншых падобных культурных герояў мы ўжо згадвалі). Сам Хрыстос заклікаў быць «мудрымі, як зміі». На беларускім Палессі да ХХ ст. аставалася ў звычцы трымаць вужоў у доме як хатніх абаронцаў-абярэгаў. Значыць, быў страх, была агіда і нянавісць з боку людзей да змеяў, але было і ўшанаванне як нечага, бясспрэчна, вышэйшага.
Аднак усё ж найбольш цікавае ў нашай тэме — сімвалічнае напаўненне вобраза, розныя семантычныя яго трансфармацыі. Тут праблем літаральна не злічыць. Напрыклад, такая. Адразу пасля перамогі над змеямі ўзнікае культ ваўка-сабакі. Відаць, воўк быў ужо канчаткова прыручаны і стаў хатнім сабакам. Але чаму так многа аказалася блізкага ў функцыях змеяў і ваўкоў? Нічым жа біялагічна не падобныя паміж сабою гэтыя істоты! Чаму яны нават змешваліся: дастаткова прыгадаць прапродка сербаў Змея Вогненага Вука або Усяслава Чарадзея — ваўкалакаў, народжаных, паводле народнага падання, ад Вогненага Змея? Чаму апошні, сам вогнены, знішчаецца агнём? У беларускіх і рускіх казках Зміулана (другое імя Вогненага Змея) праследуюць Агонь і царыца Маланьіца (маланка), а ён ад іх хаваецца ў старым дубе (на Сусветным Дрэве)? Сам жа Вогнены Змей мог быць маланкай… І чаму асноўная яго функцыя — сексуальныя адносіны з жанчынамі, да якіх ён залятаў у комін?
Дарэчы, многія змеі ў казках дыхаюць агнём. Само слова Ціфон (змей, пераможаны Зеўсам) азначае «той, хто дыміцца». Спачатку Ціфон ахапіў Зеўса кольцамі свайго хваста, падобнага да клубоў дыма, але затым Зеўс яго пабораў — менавіта маланкамі. Міфолагі-пазітывісты наіўна тлумачылі іх двубой як сімвал засухі, што замянілася дажджом. На самай справе, бой двух супрацьлеглых пачаткаў жыцця мае больш глыбокі касмаганічны сэнс. Скажам, спачатку Зямля была гарачая, а астывала дзякуючы вадзе з неба. Ці яшчэ шырэй: Зеўс — дабро, што нясе Неба, змей — унутраныя рэзервы, незалежныя ад даброт неба. Змей супрацьстаіць небеснаму апякунству. Яго ўласная жыццёвая сіла ваюе з бязмежнай энергіяй Неба, што паклала пачатак гэтай сіле. Як бы сама Зямля адмаўляецца ад нябеснай падтрымкі, правяраючы сваю жыццяздольнасць. Аднак Змей пераможаны, бо Зямля як планета без энергіі Сонца існаваць не можа. Або, калі перавесці ў філасофскі план: абмежаваная матэрыя не можа супернічаць з духам. Але яна прад’яўляе свае правы з той самай сілай, якую ўклаў у яе дух. Відаць, падобнае супрацьстаянне пазбаўляе свет ад застою і служыць развіццю. І увогуле дух і матэрыя не існуюць адно без другога.
Такім чынам, змей перш за ўсё асацыіруецца з зямлёю, самі словы гэтыя — роднасныя. Безумоўна, «змей» — эўфемізм. Як лічыць ізраільскі вучоны А. Галан, перашпачатковая назва жывёлы — «гад». У старажытных ханаанцаў, што жылі на зямлі Палесціны, быў бог Ваал-Гад (той жа самы Вялес). Ад «гада» паходзіць славянскае слова «гадаць», гэта значыць, быць відушчым, як Змей у егіпецкім папірусе пра падарожніка. Але ёсць яшчэ адна назва — «вуж» (рускае «уж», іранскае «az», армянскае «iz»). Галан суадносіць слова з рускім «ужас», што азначае «вялікі страх» [Галан, 78–79]. Але ці мог бяскрыўдны вуж выклікаць «вялікі страх»? Значыць, справа ў тым, што ён быў падобны да таго, хто такі страх сапраўды ўнушаў. У заходніх славян, дарэчы, казачны змей называўся Яжа, што блізка і да «вужа», і да міфалагічнага беларускага Яшчара. Яшчэ адна назва Цмок (Смок) (ад «смактаць») характэрна для беларускай, чэшскай, балгарскай моў [100, ІІ, 334].