Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Мабілізацыя і эвакуацыя ў паасобных рэгіёнах адбывалася па-рознаму. У Заходняй Беларусі гэтыя акцыі закранулі галоўным чынам нядаўніх прыбыльцаў — савецкіх дзяржаўных і партыйных функцыянэраў. Затое карэннае насельніцтва ў большасьці сваёй засталося на месцы. Прычынаю такіх паводзін стаў ня толькі хуткі наступ нямецкіх войскаў. Значыў тут і досьвед 1939–1941 г., які не спрыяў эвакуацыйным тэндэнцыям.[54] Таму пераважная большасьць эвакуяванага насельніцтва паходзіла з Усходняй Беларусі, дзе, за выняткам Меншчыны, савецкія ўлады пасьпелі разгарнуць адпаведную кампанію. Такім чынам, у выніку эвакуацыі і мабілізацыі колькасьць жыхароў у гэтай частцы рэспублікі паменшала прыкладна на 35 %. Яшчэ больш зьнізіўся ўзровень насельніцтва ў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Палескай абласьцях.
Прамысловасьць. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8 % насельніцтва СССР, тады як удзел краіны ў агульнасаюзнай вытворчасьці не перавышаў 2%. У пераліку на душу насельніцтва ўзровень прамысловай прадукцыі быў, такім чынам, ніжэйшы ў 2,4 раза ў параўнаньні зь сярэднім па СССР. Тагачасная беларуская энэргетыка працавала галоўным чынам на торфе і драўніне і пастаўляла 0,5 млрд. квт. гадз. электраэнэргіі; г. зн. 55 квт. гадз. на аднаго жыхара, або ў 4,6 раз менш, чым у сярэднім па СССР (252 квт. гадз.) і ўдвая менш, чым у даваеннай Польшчы (1938 г. — 113 квт. гадз.), якая ў гэтай галіне займала адно з апошніх месцаў у Эўропе. Гэтыя паказчыкі адлюстроўваюць нізкі тагачасны патэнцыял і тэхнічны ўзровень беларускай прамысловасьці, якая, за выняткам машынабудаўніцтва і металаапрацоўкі (15,2 % ад агульнай вытворчасьці), грунтавалася на перапрацоўцы мясцовай сыравіны — сельскагаспадарчай, лясной і мінэральнай. У 1940 г. больш за 90 % прамысловай прадукцыі БССР прыходзілася на ўсходнія раёны: 23,1 % — на Віцебск; 21,2 % — на Менск; 16,6 % — на Гомель і 11,5 % — на Магілёў. Гэтыя чатыры гарады агулам давалі 72,4 % прамысловай прадукцыі рэспублікі.
З названых усходніх раёнаў было эвакуявана ўсяго 109 вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, сярод іх 90 аб’ектаў — зь Віцебску, Гомелю і Магілёва. Кошт сродкаў вытворчасьці — машын і абсталяваньня — на гэтых прадпрыемствах ацэньваўся ў 478,1 млн. рублёў. Гэта была палова ад сумы ўсіх асноўных фондаў Усходняй Беларусі.[55] Акрамя таго, шмат прадпрыемстваў былі часткова дэмантаваныя і зьнішчаныя. Зь іх вывезьлі 3200 металаапрацоўчых станкоў, 8933 тэкстыльныя, трыкатажныя і шавецкія машыны, 8664 рухавікі, 18 турбагенэратараў з агульнай магутнасьцю 32 тыс. квт. (ува ўсёй Усходняй Беларусі яна складала 105,3 тыс. квт.), 69 трансфарматараў, 845 тон каляровых мэталяў і 3366 вагонаў іншай сыравіны і гатовых вырабаў. Такім чынам, на тэрыторыі, дзе эвакуацыя праводзілася плянамерна, г. зн. у Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласьцях, прамысловая вытворчасьць была ў значнай ступені падарваная. Затое ў Менску прадпрыемствы панесьлі толькі частковыя страты, а ў заходніх рэгіёнах увогуле ўцалелі.
54
Трэба мець на ўвазе і цяжкі досьвед «уцякацтва» падчас Першае сусьветнае вайны. Акрамя таго, сярод насельніцтва заходніх паветаў Беларусі захавалася неблагая памяць пра «першых немцаў» як пра культурны народ. — А. С.
55
Кошт асноўных вытворчых фондаў, у т. л. машын, абсталяваньня і будынкаў, ува ўсходніх абласьцях БССР на 1.1.1941 г. складаў 1321,8 млн. рублёў. Нельга параўноўваць з гэтай сумай кошт эвакуяваных сродкаў вытворчасьці (478,1 млн. руб.), бо сюды не ўвайшлі прамысловыя будынкі.