Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Затое ў палякаў пасьля верасьня 1939 г. было шмат прычын для незадавальненьня. Гэтае насельніцтва ў 1920–1939 г. было часткай пануючай нацыі. Пасьля прыходу савецкіх уладаў яно апынулася ў становішчы нацменшасьці. Адчуваць такую перамену было вельмі балюча. Да таго ж на іх абрынуўся галоўны цяжар дэпартацыяў. Усе польскія ваенныя і цывільныя асаднікі, уся лясная служба падпалі пад высяленьне. Немалую частку высяленцаў склалі польскія чыноўнікі і паліцыянты.[60] Памешчыцтва (пераважна — польскае) страціла матэрыяльную аснову для існаваньня. Напалоханыя рэпрэсіямі, многія палякі шукалі сховішча ў Вільні або на тэрыторыі Генэральнага губернатарства. Яны абвінавачвалі ў гэтых падзеях ня толькі цэнтральныя савецкія ўлады, але і мясцовых беларусаў. Бо менавіта яны станавіліся ўладальнікамі перадзеленых маёнткаў і прылад працы, ім жа прыпісваліся і даносы, церазь якія людзі траплялі на высяленьне ў глыб СССР.
Нягледзячы на розны досьвед ад савецкай рэчаіснасьці ў беларусаў і палякаў, у першых данясеньнях Айнзацгрупы «Б» з Заходняй Беларусі адзначалася адназначна прыхільнае стаўленьне да прыходу нямецкіх войскаў сярод абедзьвюх групаў насельніцтва. Паводзіны насельніцтва пераходзілі ад «прыязнай нэўтральнасьці» да «радасьці з нагоды вызваленьня ад савецкага ярма, якая выяўлялася ў гатоўнасьці беларускага і польскага насельніцтва працаваць разам з намі ў справе аднаўленьня». Гэтая ацэнка, безумоўна, не датычыла ўсіх беларусаў і ўсіх палякаў, хоць даволі трапна характарызавала ўражаньні першых нямецкіх атрадаў (рапарты СД не прыхарошвалі рэчаіснасьці), аднак ня поўнасьцю адлюстроўвала сапраўднае стаўленьне мясцовых жыхароў.
Прыход немцаў беларускае сялянства адразу ж выкарыстала для роспуску ўсіх калгасаў і вяртаньня на сваю індывідуальную гаспадарку. У Заходняй Беларусі гэта было асабліва лёгка зрабіць, бо тутэйшыя калгасы пратрывалі ўсяго некалькі месяцаў. Гэтая акалічнасьць, напэўна, адыграла сваю ролю — нямецкія ўлады не супраціўляліся іх роспуску, хоць, паводле інструкцыі, павінны былі захаваць калектыўныя гаспадаркі. Затое ў астатніх жыцьцёвых галінах панавала напружанае чаканьне. Немцы не сьпяшаліся з вызначэньнем будучага грамадзка-палітычнага ладу, прыкрываючыся толькі агульнымі лёзунгамі аб вызваленьні ад бальшавізму. Частку беларусаў, найперш супрацоўнікаў савецкай адміністрацыі, настаўнікаў і г. д., ахапіла паніка. Яны баяліся помсты за сваю дзейнасьць у 1939–1941 г. з боку палякаў. Тое самае датычыла і сялянства, якое так ці іначай карысталася дабром, атрыманым у часе аграрнай рэформы.
Пры такой сытуацыі ў людзкіх настроях на Беларусі пераважалі няпэўнасьць і пасіўнасьць. Данясеньні Айнзацгрупы «Б» улетку 1941 г. адзначалі безыніцыятыўнасьць тутэйшага насельніцтва пры арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі. Прычына, на думку немцаў, крылася ў расьцярушанасыц беларускіх лідэраў, і слабасьці беларускай інтэлігенцыі, якая не была падрыхтавана для кіраўніцтва адміністрацыяй. Таму пасьля хадайніцтваў Шчорса, шэфа групы «Цэнтар», у ліпені 1941 г. вайсковыя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю беларускіх грамадзкіх камітэтаў. Яны павінны былі згуртоўваць інтэлігенцыю і рыхтаваць яе да кіраўніцтва адміністрацыяй, паліцыяй, школьніцтвам і інш. У ліпені такія камітэты зьявіліся ўва ўсіх буйных гарадох Беларусі, а таксама ў Беластоку і Вільні. Некаторыя зь іх, асабліва віленскі, наваградзкі, гарадзенскі і беластоцкі, горача прыняліся за справу, аднак ужо ў першай палове жніўня выйшаў загад аб іх роспуску. Захаваўся толькі віленскі камітэт, а пад канец 1941 г. да яго зноў далучыўся беластоцкі. Немцы спадзяваліся выкарыстаць іх у процівагу польскаму і літоўскаму насельніцтву.
Стараньні Шчорса па стварэньні на Беларусі беларускага адміністрацыйнага апарату падтрымлівала СД. Яна выказвала большае зацікаўленьне да нацыянальных праблемаў, чым вайсковыя камэндатуры. Нэбэ, шэф Айнзацгрупы «Б» (Einsatzgruppe «В»), на пачатку ліпеня, паведамляў, што яшчэ да нападу на СССР галоўная ўправа бясьпекі Райху вырашыла выкарыстаць дзеля гэтага беларускіх эмігрантаў з тэрыторыі Нямеччыны і Генэральнага губэрнатарства. Нэбэ разьлічваў, што яны будуць накіроўвацца на Беларусь, па дзьве-тры асобы на кожны горад, і зоймуцца там стварэньнем новай адміністрацыі. На загад Нэбэ такую групу беларускіх адміністрацыйных кадраў пачаў камплектаваць супрацоўнік СД у Варшаве штандартэнфюрэр СС доктар Франц Сікс. Пад яго кіраўніцтвам пачаў вэрбаваць такіх людзей і Шчорс. Але вынікі гэтай апэрацыі аказаліся значна больш сьціплыя, чым плянавалася. Было завэрбавала разам каля 50 асобаў, у першыя дні ліпеня іх заслалі на Беларусь. Пераважную частку агентаў накіравалі ўва Усходнюю Беларусь, прычым каля 30 асобаў пакінулі ў Менску. Таму выхадцы з эміграцыі адыгралі нязначную ролю ў арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
60
Па зьвестках беларускіх дасьледчыкаў, агульная колькасьць польскіх чыноўнікаў, цывільных і вайсковых асаднікаў і іншых службоўцаў, якія ў 1921–1939 г. перасяліліся ў Заходнюю Беларусь, даходзіла да 300 тыс.