Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Каб скончыць гэтую вайну, на такіх агромністых землях недастаткова будзе проста разьбіць непрыяцельскія войскі. Уся тэрыторыя павінна быць падзеленая на дзяржавы з уласным кіраўніцтвам, зь якімі мы зможам укласьці мір. Стварэньне такіх урадаў вымагае вялікага спрыту і як сьлед абдуманых агульных прынцыпаў. Кожная рэвалюцыя ў вялікім маштабе прыводзіць да фактаў, якіх ужо ня ўдасца выкрасьліць. Сёньняшнюю Расею ўжо немагчыма ўявіць без сацыялістычнай ідэі. Толькі яна можа ствараць унутраную аснову для ўзьнікненьня там новых дзяржаваў і ўрадаў. Жыдоўска-бальшавіцкая інтэлігенцыя — дагэтуль прыгнятальнік народу — мусіць быць зьнішчана… Нашаю мэтай ёсьць як мага хутчэйшае, пры затраце мінімальных вайсковых сілаў, стварэньне залежных ад нас сацыялістычных дзяржаўных арганізмаў. Заданьне гэта настолькі складанае, што нельга абцяжарваць ім армію.
Для гэтага на савецкія тэрыторыі, разьмежаваныя нацыянальна, будуць накіроўвацца камісары Райху, мэтай якіх будзе хуткае палітычнае будаўніцтва новых дзяржаваў.
Гэтыя ўказаньні Гітлера, што акрэсьлівалі паводзіны Вэрмахту ў палітычнай галіне, былі ўлічаны ў падпісанай 13.3.1941 г. шэфам галоўнага камандаваньня ўзброеных сілаў Кэйтэлем інструкцыі да дырэктывы пляну «Барбароса». У ёй гаварылася:
Расейская тэрыторыя, якую мы павінны заняць па ходу апэрацыі, як толькі дазволіць разьвіцьцё ваенных дзеяньняў, будзе падзелена паводле спэцыяльных указаньняў на асобныя дзяржавы з сваімі ўрадамі… Як толькі апэрацыйная зона дасягне дастатковай глыбіні, яна з тылу будзе абмежавана. Новаакупаваныя землі на тылах апэрацыйнай зоны атрымаюць уласную палітычную адміністрацыю. Паводле нацыянальнай спэцыфікі і тактычнага разьмежаваньня вайсковых групаў, яны будуць спачатку падзелены на «Поўнач» (Прыбалтыка), «Цэнтар» (Беларусь) і «Поўдзень» (Украіна). На гэтых землях палітычная адміністрацыя пераходзіць у рукі райхскамісараў, якія атрымаюць дырэктывы ад фюрэра.
Гэтыя дырэктывы ўсё яшчэ не задавальнялі Гітлера, таму пасьля знаёмства зь імі 17.3.1941 г. ён зноў пацьвердзіў:
Мы павінны стварыць вольныя ад Сталіна рэспублікі (Stalinfreie Republiken). Сталінскую інтэлігенцыю належыць зьнішчыць. Кіраўнічы апарат дзяржавы павінен быць разьбіты.
Некалькі дзён пазьней ён ужо гаварыў аб Прыбалтыцы, Беларусі і Украіне як аб дзяржавах-пратэктаратах, якія «павінны быць сацыялістычнымі, аднак ня мець уласнай інтэлігенцыі». Гітлер казаў:
Трэба прадухіліць стварэньне новай інтэлігенцыі. Дастаткова абмежавацца тут прымітыўнай сацыялістычнай інтэлігенцыяй.
Гэтыя выказваньні даюць некаторае ўяўленьне аб характары задуманых Гітлерам дзяржаваў. Аляксандар Далін ацэньваў іх як «кантраляваныя Нямеччынай і пазбаўленыя значэньня адміністрацыйныя адзінкі», а Джэрард Райтлінджэр ахрысьціў гэтую канцэпцыю Гітлера як «сапраўднае вар’яцтва», бо ня мог сабе ўявіць функцыянаваньня дзяржавы без нацыянальнага кіраўніцтва. Можна, аднак, сумнявацца, ці былі гэтыя намеры Гітлера вядомыя сярод беларускіх эміграцыйных дзеячоў, якія арыентаваліся на Трэці райх, але нават знаёмства з гэтымі плянамі наўрад ці зьмяніла б іх пазыцыю. З гледзішча нацыянальных інтарэсаў візія будучай «вольнай ад Сталіна» Беларусі мала чым адрозьнівалася ад сталінскай рэспублікі, і гэта аднолькава датычыла пытаньня палітычнай незалежнасьці, як і пазыцыі нацыянальных кіраўнічых кадраў. Новая сытуацыя папросту абазначала замену каманднага цэнтру — з Масквы на Бэрлін, але пэрспэктыва здабыцьця абмежаванай дзяржаўнасьці ўсё ж яе прываблівала.
Аднак дырэктывы Гітлера ўзбуджалі засьцярогі сярод вядучых функцыянэраў Трэцяга райху. У асяродзьдзі Розэнбэрга, прызначанага міністрам акупаваных усходніх земляў, як сьведчыць дакладная запіска гэтага ведамства № 1 ад 2.4.1941 г., хоць і згаджаліся з адасабленьнем Беларусі і нават павелічэньнем яе тэрыторыі на ўсходзе, аднак меркавалі, што ўсё ж яна «занадта адстае ў культурнай і гаспадарчай галінах», у сувязі з чым
абуджэньне яе нацыянальнага жыцьця і стварэньне паўнакроўнага дзяржаўнага мэханізму можа аказацца вельмі маруднай і цяжкай справай.
Тым ня менш, гэтую спробу ўсё-такі варта было б падтрымаць дзеля аслабленьня Расеі.
Зыходзячы з такіх меркаваньняў, ведамства Розэнбэрга не прапаноўвала варыянтаў далучэньня часткі беларускіх земляў да Генэральнага губэрнатарства, што магло б стаць сьведчаньнем распрацоўкі такой канцэпцыі ў Бэрліне.
Ня маючы веры ў сьпеласьць беларускай нацыі да самастойнай дзяржаўнасьці, дастатковую для дзяржаўнай самастойнасьці, Розэнбэрг не рашаўся канчаткова сфармуляваць сваю пазыцыю адносна яе будучыні. Ён быў прыхільнікам стварэньня самастойнай украінскай дзяржавы і пратэктарату прыбалтыйскіх краін — Літвы, Латвіі і Эстоніі (Baltenland), якія пасьля калянізацыі, германізацыі «расава прыдатных» элемэнтаў і высяленьня элемэнтаў непажаданых павінен быў некалі стаць часткай нямецкай дзяржавы. Беларусь жа не ўваходзіла ў праектаваныя Розэнбэргам тэрытарыяльныя структуры. З аднаго боку, ён не плянаваў прызнаньня незалежнага дзяржаўнага статусу Беларусі, як, напрыклад, Украіны, з другога боку, кіруючыся галоўным чынам этнічнымі (расавымі) прынцыпамі, не прызначаў ёй будучыні, падобнай да Балтэнлянду.[49] Нарэшце, толькі ў траўні 1941 г. Розэнбэрг прызнаў неабходнасьць злучэньня Беларусі з прыбалтыйскімі краінамі ў адным райхскамісарыяце «Остлянд», аднак гэта было часовае выйсьце, тыпова адміністрацыйнае, якое не вырашала яе будучага палітычнага статусу.
49
Адпаведны запіс у інструкцыі гучаў у арыгінале наступным чынам: «Ziel eines Reichskommissars fur Estland, Lettland, Litauen muss es sein, die Form eines deutschen Protektorats zu erstreben…». Пазьней пасьля «Litauen» алоўкам было дапісана «Weissruthenien». Як высьветлілася на Нюрнбэрскім працэсе, названая інструкцыя была часовым праектам і ў такой форме не высылалася ведамствам Розэнбэрга.