Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
У беларускіх колах панавалі надзеі на падтрымку Трэцяга райху для справы беларускай дзяржаўнасьці. На гэтым фоне дзейнасьць Янкі Станкевіча,[47] ідэалягічна зьвязанага з Вацлавам Іваноўскім, была выняткам. Гэтыя дзеячы скептычна ацэньвалі шанцы Нямеччыны на перамогу, а акупацыю Беларусі разглядалі як часовую зьяву і гэтак жа, як і польскае падпольле, арыентаваліся на заходніх саюзьнікаў, адводзячы ім у сваіх прагнозах вызначальную ролю пры арганізацыі пасьляваеннага ладу ў Эўропе. Асабліва пажаданы быў, на іх думку, польскі саюзьнік, зь ім зьвязваліся надзеі на вывад беларускага пытаньня на міжнародную арэну на базе фэдэрацыйнай канцэпцыі. Гэтыя дзеячы разьлічвалі на магчымасьць пераадолець цяжкасьці, зьвязаныя галоўным чынам з разыходжаньнямі ў тэрытарыяльным пытаньні, і знайсьці шляхі да паразуменьня з польскім падпольлем.
Канцэпцыя Іваноўская і Станкевіча ў адным важным пункце ўсё ж не адрозьнівалася ад пазыцыяў астатніх групаў. Яна дапускала выкарыстаньне нямецкай акупацыі для ўзмацненьня беларускага нацыяналізму, у прыватнасьці, пры апанаваньні адміністрацыі і стварэньні ўласных узброеных сілаў. Аднак супрацоўніцтва зь немцамі ставіла пад пытальнік посьпехі ў польска-беларускім дыялёгу і асьвятленьня беларускага пытаньня ў Лёндане. Верагодна, папярэдняе высьвятленьне тактыкі паводзін у гэтай няпростай справе адбылося ў першай палове 1940 г. у Вільні і прадугледжвала падвойную гульню, пры якой ролі павінны былі падзяляцца наступным чынам: Вацлаў Іваноўскі будзе займацца дзейнасьцю афіцыйнай, а Янка Станкевіч — стварэньнем кансьпірацыйнага цэнтру, у вачох польскага падпольля — чыстага ад абвінавачваньняў у супрацоўніцтве зь немцамі. У чэрвені 1940 г. Станкевіч прыбыў у Варшаву і празь некалькі месяцаў утварыў падпольную арганізацыю пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН), галоўным чынам, сярод сяброў Беларускага камітэту, апазыцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага. Ён завязаў кантакт з Зоф’яй Дабрынскай («Эван») — дзяячкай усходняга нацыянальнага сэктару Бюро інфармацыі і прапаганды (БІП) у Галоўным камандаваньні ЗУБ — Зьвязу ўзброенай барацьбы (арганізацыя, якая папярэднічала стварэньню Арміі Краёвай. — Ю. Т.), праз пасярэдніцтва якога летам 1941 г. паспрабаваў распачаць перамовы зь БІПам. Аднак да гэтага не дайшло. Напэўна, тут аказалі ўплыў недавер да Станкевіча і сумненьні ў значнасьці ПБН, якую ён прадстаўляў, а таксама нежаданьне саступаць у дыскусіі наконт будучыні заходнебеларускіх земляў, якія лічыліся часткаю тэрыторыі Польшчы.
У такой сытуацыі арыентацыя беларускіх групаў на супрацоўніцтва з Трэцім райхам магла здавацца больш рэалістычнай. Праўду кажучы, тут не было дасягнута якіх-небудзь дамоўленасьцяў, аднак цікавасьць, якую выяўлялі нямецкія вайсковыя колы да беларускай праблематыкі, узбуджала надзеі эміграцыйных дзеячоў на блізкую падтрымку незалежніцкіх ідэяў і пастулятаў. Гэта былі небеспадстаўныя надзеі, мяркуючы па выказваньнях Гітлера адносна будучыні Беларусі і іншых заходніх рэспублік СССР.
Упершыню Гітлер выказаўся ў гэтай справе 21.7.1940 г., калі, паведамляючы аб рашэньні напасьці на СССР, сфармуляваў палітычныя мэты сваёй кампаніі. На заходніх землях СССР павінны былі функцыянаваць тры асобныя дзяржаўныя арганізмы — Украіна, Беларусь і фэдэрацыя прыбалтыйскіх рэспублік. Гэтую канцэпцыю ён паўтарыў у канцы ліпеня 1940 г., ляканічна растлумачыўшы: «Украіна, Беларусь і балтыйскія дзяржавы — да нас», што ўказвала на імкненьне ўзалежніць будучыя дзяржавы ад Нямеччыны. У наступным сваім выказваньні ад 5.12.1940 г. Гітлер акрэсьліў ролю гэтых дзяржаваў як буфэраў Трэцяга райху (Pufferstaaten). Магчыма, што на стварэньне гэтай канцэпцыі паўплываў прэцэдэнт з Славацкай дзяржавай, якая паўстала вясной 1939 г.[48]
Да праблемы будучага статусу Беларусі і іншых савецкіх тэрыторыяў Гітлер нанова зьвярнуўся ў пачатку 1941 г., калі апрацоўваў інструкцыю да дырэктывы № 21 (плян «Барбароса»). Паводле слоў начальніка штабу Ёдля, яго ўказаньні гучалі наступным чынам:
47
Ян Станкевіч нар. 26.11.1891 г. у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), унівэрсытэт у Празе. Доктар філязофіі (1926), выкладчык беларускай мовы ў Варшаўскім (1928–1932) і Віленскім (1927–1940) унівэрсытэтах, пасол польскага сойму (1928–1930), публіцыст, палітычны дзеяч, аўтар шматлікіх прац з мовазнаўства й гісторыі, пасьля вайны жыў на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, памёр 16.07.1976 г.
48
14 сакавіка 1939 г. славацкі сойм абвясьціў «самастойную і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сакавіка Нямеччына ўзяла «пад сваю абарону». — А. П.