Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Пры такой сытуацыі сфармуляваныя Розэнбэргам і яго супрацоўнікамі «задачы» Беларусі былі імглістыя, часта падлягалі зьменам і ніколі не вырашаліся канчаткова. Яна то трактавалася як тэрыторыя, што падлягала разам з Прыбалтыкай германізацыі і ўлучэньню ў Райх, то як абшар, які не падлягаў такому ўлучэньню. Часам Беларусь называлі зямлёй для перасяленьня «непажаданых элемэнтаў» з Прыбалтыкі і Польшчы і нават — будучым прыродным запаведнікам. Пры гэтым Розэнбэрг не выключаў наданьня Беларусі ў бліжэйшай неакрэсьленай будучыні «свайго роду аўтаноміі».
Нэгатыўныя меркаваньні пра Беларусь і непакой перад хуткім пачаткам на яе тэрыторыі адміністрацыйных цяжкасьцяў выказваў таксама і гаспадарчы штаб, які ўзначальваў Герман Герынг, упаўнаважаны Гітлера ў справах чатырохгадовага пляну. У выдадзеных незадоўга да нападу на СССР дырэктывах, т. зв. «зялёнай тэчцы», ён папярэджваў вайсковых камандзіраў і гаспадарчыя службы:
...на Беларусі напачатку будзе, напэўна, цяжка знайсьці пласт лаяльных да нас кіраўнікоў, бо беларусы ў сваім інтэлектуальным узроўні стаяць ніжэй за тамтэйшых расейцаў, жыдоў, палякаў.
У кантэксьце гэтых меркаваньняў варта адзначыць ініцыятыву аддзелу па ўпарадкаваньні земляў (Reichstelle fur Raumordnung). У мэмарыяле, падрыхтаваным гэтай установай 22.6.1941 г. і перасланым шэфу дзяржаўнай канцылярыі Лямэрсу, а значыць — адрасаваным Гітлеру, прапаноўвалася перанесьці ўсходнюю мяжу Генэральнага губэрнатарства да лініі Ліда — Баранавічы — Лунінец — Сарны — Роўна — Тарнопаль. Гэты праект фактычна азначаў улучэньне ў Генэральнае губэрнатарства пераважнай часткі тэрыторый, якія паводле савецка-нямецкай дамовы былі заняты Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 г. Сваю прапанову аддзел па ўпарадкаваньні земляў абгрунтоўваў, па-першае, «адсутнасьцю магчымасьцяў разьвіцьця ў польскага народу на яго цеснай тэрыторыі», а па-другое, — «моцнай палянізацыяй беларусаў, якія ня выпрацавалі амаль ніякіх нацыянальных імкненьняў».
Цяжка вызначыць, у якой меры адбіліся погляды нямецкіх вышэйшых колаў, занятых рэалізацыяй пляну «Барбароса», на пазыцыю Гітлера ў справе палітычнай адміністрацыі на землях будучай акупацыйнай зоны. Ясна адно: пасьля сваіх сакавіцкіх выказваньняў ён ужо больш не варочаўся да канцэпцыі «вольных ад Сталіна» рэспублік.
16.5.1941 г. ён паведаміў Лямэрса, што яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня аб арганізацыі цывільнага кіраўніцтва, але зьбіраўся агаварыць яго асобна, з зацікаўленымі пэрсонамі. Але і на пачатку чэрвеня ў гэтай справе не было зроблена ніякіх удакладненьняў, пра што сьведчаць дырэктывы галоўнага камандаваньня Вэрмахту па прапагандзе. Яны сьцьвярджалі, што «ня трэба пакуль што прапагандаваць разьдзяленьне СССР на паасобныя дзяржавы», аднак папярэджвалі, што гэта не канчатковая дырэктыва, бо разьвіцьцё палітычнай сытуацыі перад самым пачаткам апэрацыі можа выклікаць «асабліва дзейсныя новыя прапагандысцкія тэндэнцыі».
Новыя тэндэнцыі неўзабаве праявіліся, аднак не пацьвердзілі прагнозаў Галоўнага камандаваньня. 18 чэрвеня начальнік паліцыі бясьпекі выдаў распараджэньне, якое забараняла беларускім, украінскім, расейскім і каўкаскім эмігрантам вяртацца зь Нямеччыны на радзіму без дазволу паліцыйных уладаў. Амаль адначасова ведамства Розэнбэрга атрымала катэгарычную забарону ўступаць у перамовы з прадстаўнікамі гэтых эмігрантаў.
Вясной 1941 г. у ходзе прыгатаваньняў да нападу на СССР былі распрацаваныя і зацьверджаныя шматлікія падрабязныя інструкцыі, якія сталі асновай дзеяньняў Вэрмахту, апэрацыйных групаў паліцыі (Einsatzgruppen) і гаспадарчай службы на акупаваных землях. Яны датычылі правядзеньня вайсковых апэрацыяў, гаспадарчай эксплуатацыі, вынішчэньня паасобных групаў насельніцтва, абыходжаньня з ваеннапалоннымі і інш. Не было затое аніякіх цьвёрдых рашэньняў наконт будучай адміністрацыйна-палітычнай разьвязкі. І калі 22.6.1941 г. нямецкія войскі ўваходзілі на тэрыторыю Беларусі, ніводная акупацыйная інстанцыя не арыентавалася ў справе прызначанага ёй палітычнага статусу.