Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Камандуючаму тылам групы армій падпарадкоўвалася сетка тэрытарыяльных палявых камэндатур (Feldkommandanturen), а ім, у сваю чаріу — шматлікія мясцовыя камэндатуры (Ortkommandanturen), якія ствараліся практычна ўва ўсіх гарадох і райцэнтрах. На ўсіх узроўнях гэтага вайскова-адміністрацыйнага апарату дзейнічалі адпаведныя гаспадарчыя службы. Яны займаліся арганізацыяй харчовых і фуражных паставаў і мабілізацыяй мясцовага насельніцтва для выкананьня неабходных для войска работ. Апрача таго, вайсковыя камэндатуры давалі падтрымку раённаму апарату Айнзацгрупы «Б», іуды ўваходзілі рухомыя апэрацыйныя атрады паліцыі, т. зв. Einsatzkommandos.
Але гэты вайскова-паліцыйны апарат ня мог цалкам справіцца з усімі гаспадарчымі, ахоўнымі і рэпрэсіўнымі задачамі. Для падтрыманьня жаданага парадку трэба было арганізаваць яшчэ адзін, дадатковы, сіламі мясцовага насельніцтва. Акупацыйныя ўлады тут кіраваліся згаданай інструкцыяй галоўнакамандуючага сухадольных войскаў ад 3.4.1941 г., якая дапускала стварэньне органаў мясцовай адміністрацыі ў абсягу адпаведна патрэбам арміі. На такой падставе паўставалі службы сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню, гарадзкія, раённыя і валасныя ўправы. Яны мелі ў сваім распараджэньні мясцовую дапаможную паліцыю (службу аховы парадку). Усе гэтыя органы маглі працаваць пад строгім беспасярэднім наглядам вайсковых камэндатур і, згодна з названай інструкцыяй, не павінны былі мець характару палітычнай адміністрацыі. Яе спадзяваліся стварыць толькі пасьля ўвядзеньня цывільнай адміністрацыі.
Варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на працэс стварэньня дапаможнага адміністрацыйна-паліцыйнага апарату на Беларусі. На тое ёсьць некалькі прычын.
Па-першае, гэта быў зыходны пункт у дзейнасьці акупацыйнага рэжыму.
Па-другое, усе ўправы і паліцыя павінны былі стварацца нанова, бо папярэдняя савецкая адміністрацыя перастала дзейнічаць.
Па-трэцяе, у працэсе стварэньня новай адміністрацыі адлюстравалася пэўнае стаўленьне насельніцтва да нямецкай акупацыі, дарма што часам прызначэньне на службу тут рабілася над прымусам.
Трэба бліжэй прыгледзецца да гэтай праблемы яшчэ з аднае прычыны: савецкія гісторыкі малююць адназначна варожае стаўленьне беларускага народу да нямецкай акупацыі. Раманоўскі сьцьвярджае нават, што ў
савецкіх людзей не было іншых перакананьняў, акрамя самаахвярнай адданасьці сваёй сацыялістычнай Радзіме і справе камуністычнай партыі.
Такія пасылкі абгрунтоўвалі тэорыю аб стыхійным супраціве акупантам з самых першых дзён вайны. Усялякія іншыя матывы паводзін беларускага насельніцтва, як, да прыкладу, нежаданьне ўмешвацца ў нямецка-савецкую барацьбу, падтрымка акупацыйнага рэжыму або выкарыстаньне яго ўва ўласных нацыянальных інтарэсах, — папросту выключаліся з разгляду.
Тым часам у беларускім грамадзтве не вялося ніякай папярэдняй прапагандысцкай падрыхтоўкі на выпадак нямецкай агрэсіі. Гэта быў вельмі важны фактар, які абумоўліваў стаўленьне грамадзтва да акупацыі. Прафэсар Чэслаў Малайчын трапна заўважыў наступнае:
У 1939–1941 г., г. зн. ува ўмовах савецка-нямецкага супрацоўніцтва, у Савецкім Саюзе пазьбягалі ўсяго, што магло б стаць для гітлераўскага Райху прычынай нападу і канфлікту. Нягледзячы на трывогу, выкліканую экспансіяй гэтай дзяржавы, у поглядах савецкіх людзей зьнікала адчуваньне грознай небясьпекі нямецкага нацызму, якую так моцна падкрэсьліваў у 1935 г. Камінтэрн; не было інфармацыі аб злачынствах Райху ў некаторых, ужо занятых ім, краінах…
Ува ўмовах псыхалягічнай нэўтралізацыі грамадзтва стаўленьне да нямецкага нападу і акупацыі фармавалася на падставе ўласнага досьведу, на ўражаньнях ад савецкай рэчаіснасьці. Асабліва складаная сытуацыя панавала ў Заходняй Беларусі. Беларускае насельніцтва гэтага краю пры канцы 1939 г. з радасьцю сустрэла савецкую аграрную рэформу і ліквідацыю польскага асадніцтва. Але неўзабаве пачалася прымусовая калектывізацыя, пераважная частка сялян сустрэла яе варожа. І хоць да чэрвеня 1941 г. пад калектывізацыю падпала ўсяго 49 тыс. вясковых гаспадарак, г. зн. толькі 6,7 % ад іх агульнай колькасьці, ход падзеяў сьведчыў пра немінучы працяг гэтай кампаніі.
Нельга, аднак, сьцьвярджаць, што адны асьцярогі перад калектывізацыяй вызначалі стаўленьне большасьці беларусаў да савецкай улады. Часта яны самі станавіліся яе апорай і мелі прытым немалы выйгрыш, асабліва ў галіне асьветы, культуры і грамадзка-палітычнай пэрспэктывы. Пры гэтым, праўда, пачаліся палітычныя рэпрэсіі і дэпартацыі, якіх не пазьбеглі нават дзеячы былой КПЗБ, але масавым зьявішчам яны ня сталі і не зьмянілі такім чынам прыхільнага настрою шырокіх сялянскіх масаў да савецкай улады. Дарэчы, нават Уладзіслаў Казлоўскі, лідэр беларускага нацыянал-сацыялізму, у гэты час спакойна жыў у Вільні, магчыма, у гэтым праявіўся ўплыў тагачасных савецка-нямецкіх стасункаў. Улады не чапалі таксама і дзеячоў Беларускага народнага аб’яднаньня — кс. Адама Станкевіча, Станіслава Грынкевіча-старэйшага, Язэпа Найдзюка. Тое самае датычыць прафэсара Вацлава Іваноўскага і інш.