У тумане
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00004-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «У тумане». Краткое содержание книги:
Але гэта трэба, каб было цёмна, каб яго ніхто не ўбачыў ні праз акно, ні з вуліцы. І ўвесь канец восені ён сачыў уранку, як паліцаі выязджаюць куды на раён, а ўвечары калі вяртаюцца. У двары за хляўком ён прыладзіў да сцяны драбіну, каб хуценька ўлезці па ёй на страху, зірнуць цераз садкі на суседнюю вуліцу, дзе бачны быў вугол Мікіцёнкавай хаты. Ён ужо даўно падрыхтаваў добры квач на драціне, каб дастаць з бака бензін, ашчадна прыхаваў пад страхой паўкарабка запалак. Аднаго разу ён аж закалаціўся ад радасці, калі неяк на змярканні згледзеў машыну ля Мікіцёнкавай хаты. Але, мусіць, ён позна ўсё ж згледзеў — пакуль абабег пуньку і пералез цераз суседаў паркан, там ужо з'явіліся людзі — два паліцаі прыкурвалі каля веснічак, а Мікіцёнак нядоўго пакорпаўся над капотам, апусціў яго, і яны хутка паехалі некуды. Ён спазніўся. Другі раз у кузаве нехта сядзеў, мусіць, чакаў шафёра, які ненадоўга забегся ў хату. Затое трэці раз ён згледзеў сваю гаротніцу ў самы спрыяльны час. Тады ўжо вечарэла, ён еў бульбу за сталом у хаце і ўсё пазіраў у акно, дзе між будынін на суседняй вуліцы мільганула прыцьмелае святло фар, і ён зразумеў, што гэта Мікіцёнак. Кінуўшы на стале недаедзеную бульбу, ён рынуўся з хаты, падхапіў квач у сенцах, выхапіў з падстрэшша запалкі, цераз заснежаны і заліты памыямі сметнік выбег на гарод, пералез адзін плот і пераскочыў другі, прабег задамі суседавай сядзібы і з-за паркана паглядзеў на вуліцу. Машына стаяла пасярод дарогі, якраз насупраць Мікіцёнкавай хаты, у двух вокнах якой ліпела святло газнічкі, і Бураў наважыўся. Ён не так зразумеў, як адчуў інстынктам, што болей зручнага выпадку не будзе. Гэты самы зручнейшы.
Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог. Заснежаная вуліца ўся патанала ў паўзмроку, хоць чалавек на ёй быў бачны здалёк, але ніхто нідзе не ішоў і не ехаў. Бураў з усяе сілы крутануў з гарлавіны тугаватую накрыўку бака (ведаў, яна заўжды адкручвалася туга) і сунуў туды свой абкручаны пакуллем квач. Шкада, бензіну было не поўна, мусіць, з палавіну бака, ён адчуў гэта, боўтнуўшы квачом, і, выцягшы яго да паловы, церануў запалку. Пэўна, ён усё ж хваляваўся: першая запалка згасла, згасла і другая, тады ён узяў з карабка іх некалькі разам і запаліў. Калі запалкі добра ўспыхнулі, ткнуў імі ў квач, той ярка пыхнуў у самы ніз кузава, жарам ударыў у твар (абпаліўшы бровы), але Бураў усё кінуў з рук і рынуўся цераз плот. Не азіраючыся, на падворку адчуў, як ззаду агняна ўзвіхрылася, зашквірчэла, ярка асвяціла наваколле, ён убачыў перад сабой на снезе свой даўгалыгі цень ля хляўка і забег за вугал. Далей, не азіраючыся, прыбег на ўласны падворак і стаў ля дрывотні — за садкамі і стрэхамі будынкаў палаў дымны пажар і чуліся крыкі — то былі музыка і відовішча, весялейшых за якіх ён не памятаў у жыцці.
Машына згарэла датла, рамантаваць там ужо не было чаго, паліцаі яе нават не звалаклі з вуліцы, яе абгарэлы шкілет стаяў там да сярэдзіны лета, пасля недзе прапаў. Але таго Бураў ужо не бачыў: тае ж ночы, калі па яго прыйшлі паліцаі, ён прадбачліва сядзеў у пуньцы і гародамі падаўся з мястэчка ў пушчу. Там пачаўся для яго новы жыццёвы этап, які як бы не скончыўся разам з жыццём у гэтым прыстанцыйным лесе…
Бураў ляжаў пад стромкай, голай аднізу хваінай, і Войцік нейкай анучай спрабаваў перавязаць яго. Рана была, мусіць, кепская — ці не разрыўной у левы бок, крыві наплыло многа, Войцік у прыцемках доўга поркаўся пад яго кашулямі, і Бураў, хрыпата стогнучы, лаяўся:
— Мудак! Я ж цябе паслаў пільнаваць… А ты…
— А я і пільнаваў. Што я вінаваты, што яны з іншага боку? — шчыра дзівіўся Войцік.
— Іншага…
Стоячы на каленях, Войцік нарэшце абкруціў анучай скрываўлены жывот Бурава. Як след перавязаць яго было, аднак, неяк ды і не было чым, і Войцік думаў, што карысці з тае перавязкі будзе няшмат. Трэба б яшчэ якую анучыну, але дзе яе возьмеш у гэтым бязлюдным восеньскім лесе? Ён ваўкавата зірнуў на змакрэлага ад поту Сушчэню, які паныла сядзеў побач, і ад яго, відаць было ў світальным прыцемку, веяў потны парок. Сушчэня сохнуў, аддыхваўся, упёршыся рукой у імшарнік, і нявесела пазіраў на двух партызан. Яны да яго не звярталіся, ні пра што не пыталіся, быццам нават злавалі на яго, але не стралялі і нават не праганялі яго. Яму ж ісці адгэтуль не было куды, і ён сядзеў так, стомлена дыхаў, чакаў. Праўда, адчуваў ён, што, мусіць, яшчэ спатрэбіцца: хілы Войцік наўрад ці сам справіцца з цяжкім, зусім ужо знямоглым Буравым, трэба будзе падмога. Пэўна, гэта ж адчуваў і Войцік, які, перавязваючы Бурава, усё думаў: што з ім рабіць, куды несці? І як несці?