За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
Па-пятае, да цытатаў Леніна-Сталіна Юрэвіч устаўляў свае словы, напрыклад, там, дзе таварыш Сталін гаворыць аб нашым сялянстве, ён дадаў слова «гэта».
Па-шостае, Юрэвіч дадаваў шэраг непатрэбных уводных словаў, такіх як «ёсьць, так, вось, зразумела, усямерна, зьяўляюцца, умовы» і г. д.
Па-сёмае, Юрэвіч спрабаваў зрабіць свае высновы пасьля прачытанай ленінскай цытаты «Аб дзьвюх важнейшых умовах для ажыцьцяўленьня поўнага камунізму», дзе ён дадаў тлумачэньне: «Вось, тварышы, як Владымір Ільіч сказаў».
Пасярэдзіне лекцыі цэнзар перапыніў дыктара і прыгразіў, што ў выпадку адступленьняў ад тэксту перадача будзе спыненая. «Канец лекцыі быў прачытаны так, як было напісана ў лекцыі,» — з пачуцьцём унутранага задавальненьнья заканчваецца службовая запіска. Наўскось дакумэнту надпіс: «Паведамлена кіраўніцтву інстытуту для прыняцьця мераў». Асаблівую важкасьць рэзалюцыі надае дата: «27 сакавіка 1937 году».
Уладзіміра Юрэвіча ліха абыйшло і яшчэ многія дзесяцігодзьдзі ягоны голас гучаў з радыёдынамікаў. Няйначай, перш арыштавалі тых, каму адрасавалася службовая запіска…
Мова гарыць… (загад № 33)
Дату 3 чэрвеня 1937 году дарэмна шукаць у літаратурных энцыкляпэдыях і падручніках гісторыі. Між тым, гэта безумоўна гістарычная дата для беларускай мовы, культуры і навукі. У гэты дзень пад грыфам «не падлягае абвяшчэньню» Галоўліт БССР выдаў загад № 33 пад назваю «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстання, навучальных установаў і кнігагандлю». Загад атрымаўся зьмястоўны — сьпіс шкодных кніжак, выдадзеных у РСФСР, БССР, УССР па-расейску, па-беларуску, па-ўкраінску, а таксама на габрэйскай, польскай, армянскай, адыгейскай, таджыцкай, абхаскай, башкірскай і яшчэ шасьці іншых мовах заняў 111 старонак.
Сьпісы выдаваліся пад расьпіску ў часовае карыстанне дырэктарам бібліятэк і кнігарняў. Паколькі такіх установаў пад час ліквідацыі непісьменнасьці распладзілася даволі шмат, для зручнасьці загад быў аформлены і выдадзены кнігай накладам 3000 асобнікаў.
Дырэктары павінны былі пільна перагледзець паліцы, сабраць крамолу, скласьці акты ў трох асобніках і адабраныя кнігі разам з трыма асобнікамі актаў здаць начальнікам акруговых, гарадзкіх ці раённых аддзелаў Галоўліту. Першы экзэмпляр акту канфіскацыі перасылаўся ў Менск у Галоўліт, другі ішоў у мясцовы аддзел НКВД, а трэці заставаўся ў райліце.
У бібліятэчных каталёгах і картатэках канфіскаваную кнігу патрабавалася выкрэсьліць тушшу, але пакінуць яе парадкавы нумар і цану. Канфіскацыі падлягалі таксама асобныя нумары часопісаў, дзе былі надрукаваныя арыкулы забароненых аўтараў. Інструкцыя лібэральна ўдакладняла — з гадавых камплектаў часопісы не вырываць.
Апошні, шосты пункт загаду патрабаваў ад цэнзараў няўхільна кіравацца тым, што канфіскацыі падлягаюць толькі тыя выданьні, якія прадугледжаныя сьпісамі Галоўліту. Але паколькі пільнасьць — справа творчая, у загадзе тлумачылася, што рабіць з падазронымі выданнямі, якія, на думку мясцовых органаў Галоўліту, таксама было пажадана канфіскаваць. Такія выданьні падлягалі часовай ізаляцыі, пасьля чаго іх сьпіс і матывы арышту перасылаліся ў Галоўліт, які сваёй уладай уключаў іх у афіцыйныя праскрыпцыйныя сьпісы.
Загаду № 33 было наканаванае доўгае жыцьцё. Ён захоўваў сваю сілу на працягу дзесяцігодзьдзяў, толькі крыху зьмяняючы і ўдакладняючы назвы ды лексыку. Замест тэрміну «канфіскацыя» сталі ўжываць «ачыстка». Напрыклад, у 1954 годзе была прынятая пастанова ЦК КПБ «Аб ачыстцы бібліятэк, кніжных кіёскаў, магазінаў і баз ад састарэлай і палітычна шкоднай літаратуры». Галоўліт СССР рэгулярна выдаваў тамы «Зводнага сьпісу кніг, якія падлягаюць выключэньню зь бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі» (у лібэральным 1960-м гэтая «антыкніга» выйшла ў двух тамах).
Падобныя выданьні паўтараліся ў рэспубліках, іх дапаўнялі бягучыя загады, выкліканыя чарговай зьменай палітычнай кан'юнктуры. Так, у студзені 1959-га выйшаў загад аб канфіскацыі твораў членаў антыпартыйнай групы. Цэнзары зноў і зноў шнырылі па паліцах бібліятэк і кнігарняў. У адным 1961 годзе яны праверылі 3000 бібліятэк і 456 крамаў, і ў 629 бібліятэках і 21 краме знайшлі крамолу. У справаздачы ЦК КПБ цэнзары дакладалі, што дадаткова канфіскавалі 2351 кнігу і часопіс зь бібліятэк і яшчэ 111 выданьняў з кнігарняў. Толькі ў адной бібліятэцы Вярэйкаўскага сельскага клюбу ў Асіповіцкім раёне было знойдзена 11 кніг Малянкова, Булганіна, Кагановіча і Шэпілава. Гэты прыклад выразна ілюструе, што засталося ў вясковых бібліятэках пасьля шматгадовых папярэдніх чыстак…
Загад № 33 падрабязна тлумачыў начальнікам акруговых, абласных і раённых літаў, як быць з канфіскавнай літаратурай: «Рабіць зьнішчэньне шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спалення».
Альфабэтны сьпіс выдадзеных у Беларусі кніг, якія прадпісвалася спаліць паводле загаду № 33 Галоўліту БССР ад З чэрвеня 1937 году, займаў дванаццаць старонак і налічваў 421 пазыцыю. На самой справе выданьняў і твораў, якія належала спапяліць, было ў некалькі разоў больш. Супраць 53 прозьвішчаў у гэтым сьпісе стаіць адзнака «усе кнігі», а таксама многія пазыцыі дадаткова пазначаліся літарамі. Як правіла, іх аўтары ўжо раней прайшлі па сьпісах, якія складалі ў роднаснай Галоўліту арганізацыі, НКВД.
У ліку прысуджаных да зьнішчэньня — кнігі Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, паэма «Тарас на Парнасе», раманы, апавяданьні, п'есы. Ёсьць і кур'ёзы кшталту сталінскіх «Пытаньняў ленінізму» — верагодна, арыштавалі перакладчыка, як, верагодна, і аўтара кнігі зь вясёлым загалоўкам «Паноў трэба зьнішчаць гуртам».
Асаблівая катэгорыя асуджаных на агонь — тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі, граматыкі, лемантары, чытанкі, падручнікі, навучальныя дапаможнікі, дыялектныя зборнікі, мовазнаўчыя працы, створаныя ў эпоху прывіднай беларусізацыі. Палілі мову…
Вогнішчы з кніжак ўспыхнулі ў Беларусі раней, чым у фашыстоўскай Нямеччыне. Мартыралёг беларускай культуры, якую прадпісвалася зьнішчыць ў 1937-м і іншых гадах (падобныя сьпісы рэгулярна абнаўляліся), лепш за любыя падручнікі гісторыі і камэнтары спэцыялістаў тлумачыць, што сталася зь Беларусяй.
Прынятую літаратуру спальваць
(Разьдзел «Выданьні БССР» загаду № 33 Галоўліту БССР ад З чэрвеня 1937 г.)[2]
1. Астроўскі Р. — усе кнігі.
2. Аляхновіч Ф. — усе кнігі.
3. Асновы Марксісцка-Ленінскай педагогікі. — Хрэстаматыя. Склад. Дарадак і Панкевіч. Т. І. Выд. 1932 г.
4. Агурскі — Рэволюцыйны рух у Беларусі. Выд. Гістпарта КП(б)Б. 1925 г.
5. А. Ж. — Беларуская соцыял-дэмакратычная партыя, яе характар і заданні. Менск. 1920.
6. Абдзіраловіч Ігнат. — Адвечным шляхам. Вільня. 1921.
7. Арол М. — Чаму-ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім? Ліда. 1921.
8. Арыфметычная тэрміналогія. Вільня. 1921.
9. Астроўскі Радаслаў. — Касмаграфія. Вільня.
10. Азбукін М. і Смоліч А. — Школьная карта Беларусі. Менск. 1925.
11. Анцаў Міхаіл. — Зайчык-грайчык. Менск. 1930.
12. Астапенка Змітрок. — Краіне. Вершы. Менск. 1931.
13. * * * * * — На ўсход сонца. Менск. 1931.
14. Алёшка. — Суседзі. Менск. 1932.
15. «Атака». Выд. БДВ. 1934.
15а. Абісінія як яна ёсць. ДВБ. Менск. 1936.
15б. Александровіч А. — Напор. П'еса. Усе выданні.
15в. * * * * * — Цені на сонцы. Усе выданні.
16. Беларуская навуковая тэрміналогія. Выд. 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі. Менск.
17. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 20. Менск.
18. Беларуская навуковая тэрміналогія. Слоўнік хімічнай тэрміналогіі. Менск.
19. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 7-мы. Менск. 1926.
20. Беларуская навуковая тэрміналогія… Менск. 1927.
2
Публікуецца з захаваньнем усіх асаблівасцяў арыгіналу.