Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » За кiпучай чэкiсцкай работай
За кiпучай чэкiсцкай работай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За кiпучай чэкiсцкай работай

Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 39
Перейти на страницу:

«Лісток календара за 22 красавіка — партрэт тав. Леніна. Ягоны гальштук, па-іхнаму, уяўляе галаву сабакі. Лісток за 5 траўня — партрэты тав. Леніна, тав. Сталіна, тав. Молатава. Тав. Сталін курыць люльку — па-іхнаму, тав. Сталін курыць у дзьве люлькі. Гэта значыць, што тав. Сталін пакурыў увесь тытунь у гады рэвалюцыі, і не было тытуню ў СССР. Лісток за 9 ліпеня — партрэт старшыні калгасу імя Варашылава тав. Бадмаева, які перадае рапарт тав. Сталіну аб перамогах у Бурат-Мангольскай АССР, па-іхнаму, паказвае, што тав. Сталін, прымаючы рапарт, перадае левай рукой нож. 8 лістапада — партрэт тав. Леніна і тав. Сталіна, размова па прамым дроце. У гэты час, па-іхнаму, тав. Сталін закрывае рот рабочаму, каб маўчаў. Лісток 21 лістапада — тав. Калінін і тав. Будзёны едуць на машыне. Па-іхнаму, тав. Калінін трымае на руках галаву цяляці, што азначае, што тав. Калінін паеў усё мяса, і яго не было ў СССР».

Далей аўтар ліста паведамляў: «Гэтая контррэвалюцыйная хлусьня была распаўсюджаная па некаторых установах праз слухачоў завочнага навучаньня, але празь мяне і мясцовыя органы НКВД была папярэджаная. Усё гэта ўзята ад упаўнаважанага СНК БССР Барсукова, які і падштурхнуў культпрапа, растлумачыўшы, што гэта паказала нейкая жанчына ў Менску, якая прыехала з Масквы».

Справа аб лістках календара таксама была перададзеная на бюро райкаму. Як НКВД папярэджваў сіроцінскіх партыйна-камсамольскіх актывістаў, дакладна невядома, але жаданьне варажыць над няякаснай паліграфіяй у іх, верагодна, больш не ўзьнікала. Ужо праз два тыдні пасьля выкрыцьця «выкрыцьця» ліст зь Сіроціна патрапіў у Галоўліт, а адтуль у ЦК КП(б)Б, дзе на ім зьявілася ляканічная рэзалюцыя і паведамленьне аб яе выкананьні. Акцыя Барсукова і Ліўшыца была расцэненая як контррэвалюцыйная правакацыя; Барсукоў мусіў узгадаць таямнічую «жанчыну з Масквы», а Ліўшыц пакаяцца ў наўмысным паклёпе на правадыроў. Хоць на самай справе ашалелыя ад бальшавіцкай пільнасьці таварышы сталі ахвярамі якраз таго, за што змагаўся Галоўліт…

Як беларускія таварышы выкрылі таджыцкіх трацкістаў на мове ідыш

Галоўліт штомесяц дасылаў у аддзел друку ЦК КП(б)Б зьвесткі пра зробленыя выкрэсьліваньні і правакацыі, спыненыя ягонымі супрацоўнікамі, прычым прыводзілася аргумэнтацыя дзеяньняў цэнзара. У цэнзуры працавалі паліглоты — у першыя дзесяцігодзьдзі савецкай улады у Беларусі выдаваліся газэты і часопісы на нямецкай, польскай, літоўскай мовах, на ідышы. Дасьведчанасьць цэнзараў сягала так далёка, што калі ў жніўні 1937 году габрэйская газэта «Юнгер Ленінец», якая выдавалася ў Менску, хацела надрукаваць таджыцкую народную легенду «Чалавечае шчасьце», Галоўліт выкрэсьліў легенду як ідэалагічна нявытрыманую. Цэнзары даслоўна пераклалі тэкст і накіравалі яго са сваім камэнтаром у ЦК.

«Калі Цімур (Тамерлан) нарадзіўся, сустрэліся Месяц з Сонцам над Памірам, прыляцела птушка і прынесла бацьку радасную вестку: нарадзіўся Саіб І-Кран, вялікі чалавек… Прайшлі гады. Цімур стаў вялікім кіраўніком і пераможцам.

Ён перамог шмат краінаў і зьнішчыў цэлыя народы, і чалавечая кроў лілася ракой, а сьлёзы — вялікімі морамі.

Ніколі людзі да Цімура ня бачылі такога крыважэрнага разбойніка. Цімур зьбіраў лепшыя творы чалавечай думкі — кнігі і хаваў іх. Пра адну кнігу, аб чалавечым шчасьці ён думаў доўга-доўга. Там было напісана, што шчасьце чалавецтва наступіць толькі тады, калі такія як Цімур будуць зьнішчаныя. Тады вырашыў Цімур украсьці ў чалавецтва кнігу шчасьця. Адным ударам шаблі расьсёк ён скалу, уклаў кнігу, скала зачынілася і схавала яе…

Мінулі стагодзьдзі… Зноў сустрэўся Месяц з Сонцам, але не над Памірам, а над сьнежнымі вяршынямі Каўкаскіх гор, і нарадзіўся новы вялікі чалавек… Новая срэбная птушка вярнула кнігу шчасьця людзям і стала расьпяваць аб новым Саіб І-Кране, які прагнаў памешчыкаў, абвадніў сухую зямлю ў Баршы, стварыў калгасы, будуе школы, вызваляе жанчын…»

Каб ня ўзьніклі сумневы, аўтары легенды зь ліку таджыцкіх прагандыстаў у канцы растлумачвалі: «Новы Саіб І-Кран быў Сталін».

Сумневы, аднак, ўзьніклі. У тлумачэньнях для ЦК цэнзары зрабілі аналіз, пасьля якога сумневаў не выклікала ўжо рэакцыйнасць легенды, якую, верагодна, прыдумалі таджыцкія трацкісты.

«Легенда ставіць побач як два Саіб І-Краны тав. Сталіна і разбойніка Цімура, прычым у самой легендзе не адзначана, хто зь іх быў найвялікшы чалавек. Сама думка аб параўнаньні тав. Сталіна хаця і з буйнейшымі асобамі сусьветнай гісторыі (хаця мы зусім не адмаўляем ролю асобы ў гісторыі) зьяўляецца палітычна шкоднай, тым больш, калі падаецца дзецям дашкольнага ўзросту.

Таксама палітычна няправільная думка аб тым, што ў Цімура была кніга аб чалавечым шчасьці, што ён яе ўкраў, а птушка вярнула тав. Сталіну. Гэтыя думкі няправільныя, бо кніга аб чалавечым шчасьці, інакш, навука аб вызваленьні чалавецтва, не магла існаваць тады, калі яшчэ не было пралетарыяту і гаворкі не магло быць аб дыктатуры пралетарыяту. Сама легенда зводзіць сутнасьць вучэньня гэтай кнігі да «зьнішчэньня людзей, такіх як Цімур», інакш кажучы, гэта ня што іншае, як рэакцыйная тэорыя расейскіх народнікаў аб тым, што грамадзтва можна перабудаваць шляхам тэрору супраць рэакцыйных правіцеляў, адмаўляючы неабходнасьць масавай палітычнай барацьбы.

Адсюль і палітычная шкоднасьць тэзысу аб тым, што названая кніга была знойдзеная і дастаўленая тав. Сталіну і ён на яе падставе пабудаваў чалавечае шчасьце. Вучэньне Маркса-Леніна-Сталіна нічога агульнага ня мае з вучэньнем усякіх народнікаў і да іх падобных, а наадварот, яно вырасла і ўзмацнілася ў барацьбе з гэтымі вучэннямі. Гэты тэзыс зводзіць ролю тав. Сталіна да вузкай ролі рэвалюцыянэра-практыка, думка яўна трацкісцкая.

Таксама палітычна шкодная думка аб тым, што існуючае вучэньне аб шчасьці народным магло быць выкрадзена ў чалавецтва. Пераводзячы гэты тэзыс на палітычную мову, значыць, могуць быць такія выпадкі, калі якія-небудзь прайдзісветы: Гітлер, Мусаліні і іншыя могуць шляхам рэпрэсіяў супраць рабочае класы і камуністычнай партыі зьнішчыць марксісцка-ленінскае вучэньне. Такі тэзыс супярэчыць выказванню тав. Сталіна на XVII зьезьдзе партыі».

Трацкісцкая легенда не прайшла. Газэту «Юнгер Ленінец» неўзабаве закрылі. Мэтадалёгія палітаналізу засталася…

Як Уладзімір Юрэвіч сказіў Уладзіміра Леніна

9 сакавіка 1937 году начальнік Галоўліту Ахрамовіч адрасаваў у палітасьветаддзел ЦК КП(б)Б і Інстытут масавага завочнага навучаньня партактыву ліст, у якім паведамляў, што дыктар радыёкамітэту Уладзімір Юрэвіч дапусьціў пры перадачы лекцыі на тэму «Сацыялізм і камунізм» шэраг «памылак тэксту», завізаванага Галоўлітам, якія мяжуюць з памылкамі стылістычнага і палітычнага характару. У выпадку паўтарэньня падобных парушэньняў упаўнаважаны Галоўліту будзе выключаць мікрафон і спыняць перадачу, папярэджваў Ахрамовіч.

Якія ж памылкі дапусьціў Уладзімір Юрэвіч? Кантралёр групы наступнага кантролю пры Галоўліце Радыёкамітэта (цэнзары дзяліліся на тых, хто правяраў тэксты да выхаду ў эфір, і на тых, хто слухаў і кантраляваў жывы эфір — магнітафонных запісаў тады не было) М. Ерамееў дакладаў:

«5 сакавіка 1937 году ішла лекцыя завочнай партвучобы на тэму «Сацыялізм і камунізм». Лекцыю ля мікрафону чытаў тав. Юрэвіч, які дадаваў нікому непатрэбныя словы, а менавіта:

Па-першае, дзе трэба і дзе ня трэба ўстаўляў слова «таварыш».

Па-другое, што трэба было чытаць, Юрэвіч не чытаў, як, напрыклад, адзначаную літаратуру.

Па-трэцяе, Юрэвіч скажона вымаўляў імя Леніна, замест Владзімір гаварыў Владымір і рабіў націск на апошнім складзе, г. зн. мір, у той час як у лекцыі пісалася проста Ленін, а імя і імя па бацьку ня значылася.

Па-чацьвертае, трэба было чытаць «Ленін пісаў», «Сталін пісаў», а Юрэвіч дадаваў слова «так» і атрымлівался: «Ленін пісаў так», «Сталін пісаў так».

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)