Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » За кiпучай чэкiсцкай работай
За кiпучай чэкiсцкай работай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За кiпучай чэкiсцкай работай

Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 39
Перейти на страницу:

Аднак гэта будзе няпоўная гісторыя, калі не сказаць другую частку праўды пра трагедыю Галадзеда, Чарвякова і астатніх рэабілітаваных і адноўленых у партыі дзеячоў тае эпохі, чые імёны зараз носяць вуліцы Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Непасрэднай прычынай адхілення ад пасады і арышту Галадзеда лічыцца ягоная спроба паставіць пад сумнеў вынікі чысткі беларускай партарганізацыі, якую праводзілі пад кіраўніцтвам маскоўскага пасланца Малянкова. З 59 175 камуністаў, якія налічвала КП(б)Б ў 1932 годзе, у 1937-м у партыі засталося 33 828. Галадзеда, які спалучаў веру ў партыю зь любоўю да Беларусі (у межах бальшавіцкай ідэалёгіі), гэтыя лічбы балюча ўразілі. І ён выступіў на пленуме ЦК з адчайнай, самагубнай прамовай, у якой красамоўныя як спробы абараніць выключаных з партыі, гэтак і агаворкі наконт правільнасьці партыйнага курсу.

Са стэнаграмы XII пленуму ЦК КП(б)Б:

«Галадзед: Некаторыя нашы таварышы гавораць: ачысціліся ад ворагаў і добра. Але ня ўсе ж гэта ворагі. Вось, калі гаварыў таварыш Сталін, што многія думаюць дзясяткамі тысячаў членаў партыі, аб гэтым і ў нас ідзе гаворка. Я папрасіў даць мне зьвесткі, колькі выключылі трацкістаў і іншых ворагаў. Трацкістаў выключылі 7122.

Галасы: Няправільна!

Галадзед: У 1933 пад час чысткі мы, на жаль, мала выключылі трацкістаў, выключылі іх толькі пры праверцы і абмене дакумэнтаў. Яшчэ дадаць трэба нацыяналістаў ды пару тысяч бундаўцаў, дадаць тысячы тры іншых ворагаў — шпіёнаў і іншых.

Голас зь месца: Акрамя гэтага, ёсьць шпіёны, белагвардзейцы!

Галадзед: Згодны, давайце яшчэ дадамо пяць тысяч.

Голас зь месца: Мала!

Галадзед: Давайце дзесяць тысяч на ворагаў прыкінем (шум у зале). Справа, канечне, не ў такім падліку. Але гэтае пытаньне ня дробязнае, пытаньне вельмі сур'ёзнае. Гаворка ідзе пра нацыянальную партарганізацыю…

Галасы зь месца: Правільна!

Галадзед: …дзе фармаваньне партарганізацыі справа самая адказная, дзе кожны член партыі, харошы камуніст цэніцца высока. Але ўсё ж паміж выключаных ёсьць ворагі, ёсьць і ня ворагі. Як можна жартаваць з такім пытаньнем? Мы павінны паглядзець балянс сваёй работы адносна колькаснага складу і ўмацавання КП(б)Б. І становішча такое, што амаль на 43 % скарацілася КП(б)Б.

Сакратар ЦК Валковіч: КП(б)Б усё ж мацней стала.

Галадзед: Яна павінна быць яшчэ мацней. Я не кажу, што КП(б)Б дрэнная. Я кажу, што мы, члены бюро ЦК у першую чаргу, адказваем за гэтую справу, мы дапусьцілі, што за пяць гадоў скарацілася наша партарганізацыя на 25 тысяч членаў партыі. Канечне, ёсьць паміж імі нямала ворагаў, я гэта паўтараю. А рэшта — гэта тое, што тав. Сталін называе «думаць дзясяткамі тысячаў», паводле яго ацэнкі гэта называецца глыбока антыпартыйным учынкам. Чаму мы ня можам прызнаць гэта на пленуме? Тав. Сталін вучыць нас бязьлітасна караць ворагаў, але адначасна трэба клапаціцца аб адзінках членаў партыі. Нават калі прыняць пад увагу, што за гэты час выехала нямала членаў партыі ў іншыя вобласьці, дык усё ж агульнае скарачэньне КП(б)Б, на маю думку, вельмі вялікае, чым бы яго ні тлумачылі».

Усё зьмяшалася ў гэтым выступленьні: адважная спроба абараніць паплечнікаў (не называючы імёнаў), і ашаламляльная гатоўнасьць аднесьці да ліку ворагаў тысячы людзей — нацыяналістаў, трацкістаў, белагвардзейцаў, шпіёнаў. І зусім за межамі прамовы — ня члены партыі. Для прамоўцы не існуюць ахвяры без партбілетаў. Гэта не папрок заднім днём — кіраўнік ураду ня мог ня ведаць, што на пачатак 1937-га былі выключаныя зь ліку свабодных ці жывых у дзясяткі разоў болей людзей, чымся тыя 25 тысяч партыйцаў, якіх ён абараняў.

Вось яшчэ адзін урывак са стэнаграмы таго самага пленуму:

«Сакратар ЦК Валковіч: У Лепельскім раёне ёсьць заявы з подпісамі многіх людзей з патрабаваньнем адкрыць касьцёлы, сынагогі. У Гомельскім раёне зьбіралі галасы. За закрыцьцё — 600 подпісаў, а з боку царкоўнікаў — 1700 подпісаў. Уяўляеце, якая брыдота атрымалася!

Рэпліка тав. Галадзеда: А поп адзін!

Валковіч: Поп якраз павесіўся перад гэтым, замянілі яго іншым, і той аказаўся лепшым, арганізаваў…»

Да членаў партыі нават Сталін вучыў праяўляць спагадлівасьць. Незадоўга перад пленумам, у сярэдзіне сьнежня 1936-га, Галадзед атрымаў ліст знаёмага, працаўніка гідролізнага заводу С. Міцькова, якога выключылі з партыі.

Той пісаў:

«Мікалай Фёдаравіч! Я шчыра ўсьведамляю сваю віну перад партыяй, я паступіў не як пільны бальшавік, даючы паручыцельства за брата, ня ведаючы яго сапраўдных настрояў, гэтым я мог зрабіць, а магчыма, калі б брат аказаўся шпіёнам, і зрабіў прамую дапамогу ворагу. Але я клянуся, што ня меў ніякага злога намеру, верыў у сумленнасьць і адданасьць брата савецкай краіне. Я маю зьвесткі, што брат быццам бы вызвалены З красавіка, але я яго ня бачыў і бачыць не хачу і ня ведаю, дзе ён цяпер. Нават калі ён вызвалены, гэта не здымае зь мяне адказнасьці. Я павінен несьці пакараньне. Але выключэння з партыі я не магу прыняць».

Відаць, Галадзед як член бюро ЦК уключыў ліст у парадак дня бюро. Праз два тыдні, 29 сьнежня 1936 году, бюро ЦК вынесла пастанову: «Лічыць, што няма падставаў для перагляду рашэньня ЦК КП(б)Б аб выключэнні Міцькова з партыі». Пад пастановай — і подпіс Галадзеда, які крыху перасякае лінію, што падзяляе адказы на дзьве часткі, «за» і «супраць». Я перагледзеў многія сотні картак з пастановамі бюро ЦК КП(б)Б, і ні разу ня бачыў ніводнага подпісу ў разьдзеле «супраць». Ня мець свайго голасу і сваёй думкі, фактычна адмовіцца ад сябе як ад асобы абавязвала ўжо сама пасада.

Калі ў канцы 1936-га Галадзед хаця б вынес на разгляд просьбу выключанага з партыі, якому пагражаў немінучы арышт, дык празь пяць месяцаў, у траўні 1937-га, ён ужо сам мусіў праяўляць пільнасьць. На аркушы пэрсанальнага нататніка пад грыфам «Сакрэтна» ён пісаў першаму сакратару ЦК Шаранговічу:

«Як высветлілася пры праверцы і абмене дакумэнтаў, таварыш Лук'янчык, аказваецца, састаяў у БКА (так званая Беларуская камуністычная арганізацыя). У сьвятле апошніх матэрыялаў, якія паказваюць варожую дзейнасьць шэрагу членаў БКА, я лічу немэтазгодным знаходжанне т. Лук'янчыка на пасадзе кіраўніка справаў СНК БССР і прашу Вас прыняць рашэньне бюро ЦК аб вызваленні яго з пасады». Галадзед выдатна ведаў, як разгортваюцца падзеі пасьля такой «просьбы». Тры месяцы перад тым, у лютым, ён сам дакладаў членам бюро ЦК дырэктыву ЦК ВКП(б) ад 13.02.1937: «Аб парадку арышту кіраўнікоў установаў, дырэктараў прадпрыемстваў і інжынэрна-тэхнічных работнікаў». Бюро адзінадушна пастанавіла дырэктыву «прыняць да ведама і выканання».

Подпісы Чарвякова, Галадзеда і іншых рэабілітаваных камуністаў стаяць на сотнях пастановаў бюро ЦК КП(б)Б — аб выкараненні трацкістаў, нацыяналістаў і сіяністаў, сьвятароў і шпіёнаў, белапалякаў, бундаўцаў, гаспадарчых кіраўнікоў і ўласных супрацоўнікаў. Калі яшчэ Чарвякоў і Галадзед былі пры ўладзе, ва ўсю ішоў крывавы разгул гвалтоўнай калектывізацыі, нішчыліся пісьменьнікі і акадэмікі, звар'яцеў ад катаванняў першы старшыня ЦВК Цішка Гартны… Партыя бальшавікоў спачатку атрымала іх душы, а потым запатрабавала іх крыві. Апошнімі імгненнямі жыцьця яны распарадзіліся так, каб ня даць любімай партыі ўласнаручнай асалоды забіць іх фізычна. Іх забіла сыстэма, якую яны самі будавалі, за якую галасавалі і якой дружна, разам з усімі рукапляскалі.

Са стэнаграмы XVI зьезду КП(б)Б:

«Першы сакратар ЦК Шаранговіч: Чарвякоў ня вытрымаў той крытыкі, якая разгарнулася на нашым партыйным зьезьдзе з боку членаў партыі, крытыкі вострай і абсалютна правільнай. Раз скончыў смагубствам, як кажуць, туды яму і дарога!

У зале: Сьмех і воплескі».

З. ГАРЫЦЬ МОВА

Рукавы ад камізэлькі

(зь беларускай сталініяны)

Вялікі Сталін любіў Беларусь: пагадзіўся на сацыялістычную дзяржаўнасьць і не да канца абрэзаў тэрыторыю, даў ордэны Купалу і Коласу, а дзесяць першых сакратароў ЦК кампартыі расстраляў як ворагаў народа.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)