За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
Калі невядома дакладна, што думалі ткачыхі ды сіроты, дык прафэсіяналы падарункавых справаў паклапаціліся зафіксаваць сваё самаадчуваньне ў час юбілейнага буму. «Пачынаючы з 1932 году я няспынна працую над увасабленьнем вобраза вялікага Сталіна. Цяжка выказаць, якое вялікае задавальненне дае мне гэтая праца. Мне заўсёды здаецца, што я ўдасканальваюся ня толькі як скульптар, але і як чалавек. Шчасьліва і радасна праходзіць маё жыцьцё», — паведамляў у 1949 годзе чытачам «Ліма» Заір Азгур. У народнага мастака, як і ў многіх іншых яго калегаў, багатая сталініяна. Але да 70-годзьдзя правадыра ад лаўрэата яго прэміі ў Крэмль паслалі чамусьці бюст… нябожчыка Жданава.
Містыка панавала і на ўсебеларускай мастацкай выставе, прысвечанай выбарам у Вярхоўны Савет БССР у 1950 годзе. Так, народны мастак Я. Зайцаў на 46 687 квадратных сантымэтрах палатна алеем даводзіў, што таварыш І. В. Сталін быў у Менску. Яшчэ адзін народны мастак Н. Воранаў тымі ж сродкамі ўдакладняў, што правадыр у 1919 годзе думаў пра Беларусь на руінах Менскага чыгуначнага вузла. Трэба прызнаць, што хаця сталінскі бот не затрымліваўся на беларускай зямлі, ягоных сьлядоў тут столькі і такіх, што трызьненьне мастакоў, прынамсі, зразумелае. Чаго толькі ня ўявіш, начытаўшыся «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» ды «Кароткай біяграфіі».
(Увогуле, сталінская «кароткасць» — амаль геніальная прыдумка. На практыцы яна азначае якраз бязьмежнасьць і дае, з аднаго боку, поўную свабоду «гістарычнай творчасці», а з другога — уводзіць жорсткую манаполію на адбор і трактоўку фактаў. Апошняе дазвалялася абраным жрацам і зьяўлялася справай сакральнай і адначасна сьмяротна небясьпечнай.)
Сярод беларускіх падарункаў Сталіну ёсьць нават тое, чаго быць ня можа. Менскі дом мадэляў вырашыў падарыць і падарыў таварышу Сталіну жаночы касьцюм: блюзка, спадніца ў складкі, камізэлька і асобна — рукавы да яе, якія прышпіляюцца на запінкі.
Выстава падарункаў адкрылася ў 1949 годзе ў Маскве. На працягу месяцаў наведнікі маглі знаёміцца з экспазыцыяй любові народаў да агульнага бацькі. Сам «айцец» аднойчы ўначы заехаў у Манэж. Паглядзеў, нічога не сказаў, разьвярнуўся і пасунуўся назад да аўтамабіля, ахова цягнулася сьледам. Што ўела імяніньніка? Можа, усё пабачанае раптам падалося рукавамі ад камізэлькі? Ці абудзілася горкая крыўда на лекараў-шкоднікаў, якія не змаглі забяспечыць бессьмяротнасьць?.. (Рэхам тых думак бюро ЦК КПБ разглядала потым «паведамленне члена КПСС Навасельцава Ф. С. аб тым, што ў Палескай вобласьці існуе падпольная сіянісцкая контррэвалюцыйная арганізацыя лекараў на чале з сакратаром абкаму партыі тав. Лабанком, дзейнасьці якой спрыяў былы начальнік абласное ўправы МГБ Варановіч, а Лабанок зьяўляецца амэрыканскім рэзыдэнтам». Паведамленьне асьмеліліся прызнаць нагаворам толькі 28 сакавіка 1953 году, пасьля сьмерці «бессмяротнага» і рэабілітацыі «лекараў-забойцаў».)
У сярэдзіне 50-х гадоў падарункі пачалі раздаваць. Частка засталася ў маскоўскім музэі рэвалюцыі, многае пайшло ў сталінскі музэй у Горы, тое-сёе вярнулася ў Менск.
З таго часу падарункі ні разу не выстаўляліся. У Дзяржаўным мастацкім музэі думалі неяк паказаць жывапісную сталініяну, але рэстаўрацыя палотнаў запатрабавала сродкаў, якіх не знайшлі. Мастацкая каштоўнасьць абсалютнай большасці падарункаў Сталіну зь Беларусі вызначаецца толькі прозьвішчам імяніньніка. А вядома, чаго каштавала яно Беларусі… Нават падарункі Сталіну дзесяцігодзьдзі даваліся ў знакі — яны займалі дэфіцытныя плошчы перапоўненых сховішчаў, не дапускалі новыя творы мастацтва на захаваньне.
І ўсё ж, пры зьмене экспазыцыяў адзін экспанат варта пакінуць у музэях. Гэта фотакартка, каталёгавы нумар 2942 (музэй рэвалюцыі): «Калённая Заля Дому Саюзаў. І. В. Сталін у труне». На той выпадак, калі прачытаеш што-небудзь «такое» ў нашых газэтах, каб можна было хуценька забегчы ў музей і на свае вочы пабачыць нябожчыка ў труне.
Хоць ён быў майстрам ня толькі ў справе фальсіфікацыі народнай любові…
451° па Галоўліту
Калі амэрыканскі фантаст выдаў кнігу пра спаленьне кніг у будучыні[1], супрацоўнікі цэлага савецкага ведамства маглі па праву сказаць, што гэты твор прысвечаны іх прафэсійнай дзейнасьці, якая раней заставалася па-за ўвагай і прызнаннем шырокай грамадзкасьці. Уклад супрацоўнікаў гэтага ведамства ў нацыянальную культуру цяжка пераацаніць. Вось толькі адзін маленькі фрагмэнт іх творчасьці, якую захоўваюць архівы:
«Зьнішчэньне кніжак рабіць шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спалення».
Шыхтавы статут блякне перад чаканным стылем Галоўнай управы літаратуры і выдавецтваў БССР, якая ўваходхіла ў склад наркамату асветы. Афіцыйны скарот — Галоўлітбел, яшчэ карацей — Галоўліт. «Асветніцкая» ўстанова з такой назвай была створана пастановай СНК БССР ад З студзеня 1923 году. Згодна з задачамі папярэдне, перад друкам, Галоўліт пераглядаў усе рукапісы, здымкі, малюнкі і выдаваў ці не выдаваў дазвол на друк, ажыццяўляў кантроль за друкарнямі, бібліятэкамі, кнігарнямі, слухаў радыёперадачы. Без Галоўліту немагчыма ўявіць разьвіцьцё навукі, нацыянальнага тэатру і кіно, жывапісу, скульптуры, эстрады і журналістыкі.
Апроч Галоўнай управы, для дагляду і своечасовай крытычнай дапамогі ва ўсіх абласных, акружных і раённых цэнтрах дзейнічалі мясцовыя «літы» са сваімі штатамі.
Шматгранная дзейнасць Галоўліту ў Беларусі працягвалася да пачатку вайны, а потым была адноўленая ў 1944-м у Навабеліцы, у першыя дні дзейнасьці ўраду БССР.
Пасьля сьмерці Сталіна, 15 сакавіка 1953-га Савет Міністраў вывеў Галоўліт са складу Міністэрства асьветы і перадаў у Міністэрства ўнутраных справаў, якое тады ўключала і былы НКВД — МГБ. Праз паўгода, у кастрычніку 1953-га, Галоўліт пакінуў сьцены МУС і набыў самастойны статус і новую назву — управа аховы вайсковай і дзяржаўнай тайны ў друку. У 1963 годзе Галоўліт далучылі да навастворанага Дзяржкамітэту па друку і паліграфіі, а з 1966-га да скону БССР цэнзурнае ведамства існавала як Галоўная ўправа па ахове дзяржтайны пры Савеце Міністраў.
Галоўліт, натуральна, лічыў сваю дзейнасьць дзяржаўнай тайнай і не афішаваў уласныя подзьвігі. Тым болей, што самая масавая, непасрэдная прадукцыя Галоўліту — прабел, пустата, не-быцьцё. Трэба прызнаць, што Галоўліт досыць пасьпяхова выконваў сваю функцыю. Паправіць ўжо амаль нічога немагчыма. Нават прачытаныя праз паўстагодзьдзя рукапісы і вернутыя навуковыя і мастацкія творы ў абсалютнай большасці ўжо выконваюць іншую ролю, у новым кантэксьце дзейнічаюць інакш, чым калі б яны пабачылі сьвет своечасова. Далёка ня ўсё, што забараняў Галоўліт, адносілася да катэгорыі шэдэўраў, але тыя творы былі хлебам і вадой культуры, безь якіх немагчыма зьяўленьне вяршыняў. Увогуле, катэгорыя адсутнасьці ці ня самая істотная для тлумачэньня нацыянальнай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Адсутнасьць адных людзей і ідэяў зрабіла магчымым прысутнасць зусім іншых…
Ланцуговая рэакцыя не-быцьця робіцца заўважнай часам праз дзесяцігодзьдзі і праяўляецца ў агульнай дэградацыі грамадзтва, калі большасць дарослых выракаецца роднай мовы і можа пазбавіць дзяцей Радзімы.
Нягледзячы на грыфы «не падлягае агалошаньню», якімі Галоўліт пазначаў усё, што выходзіла зь ягоных сьценаў, выбраныя архіўныя старонкі даволі выразна агалошваюць ня толькі мэтадалёгію, але і псыхалёгію міністэрства праўды, якая існавала ў 30-я гады, ды і пазьней.
Як Калінін зьеў усё мяса, а Сталін скурыў тытунь
30 сакавіка 1938 году ўпаўнаважаны СНК па Сіроцінскім раёне Барсукоў і загадчык аддзелу культуры і прапаганды райкаму Ліўшыц вырвалі з насьценнага календара пяць лісткоў — за 22 красавіка, 5 траўня, 9 ліпеня, 8 і 21 лістапада. На лістках былі зьмешчаныя партрэты Леніна, Сталіна, Калініна, Молатава і Будзёнага.
Сваю акцыю Ліўшыц і Барсукоў ня толькі ня сталі трымаць у тайне, але з вырванымі партрэтамі прыйшлі на заняткі раённага Інстытуту завочнага навучаньня партыйна-камсамольскага актыву і правялі дыскусію, прысвечаную бальшавіцкай пільнасьці. Яе падрабязнасьці пераказваюцца ў лісьце начальніка Сіроцінскага райліту Градоўкіна ў Менск. Аказваецца, Барсукоў і Ліўшыц вырвалі партрэты правадыроў, бо, на іх думку, каляндар быў варожай правакацыяй. У сваім лісьце начальнік райліту падрабязна інфармуе пра хаду думак пільных камуністаў:
1
Рэй Брэдбэры. «451° па Фарэнгейту». Пры такой тэмпэратуры (233° па Цэльсію) пачынае гарэць папера.