Выбраныя творы ў двух тамах. Том І
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00518-6
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І». Краткое содержание книги:
Ненене ўправілася з бульбай, цяпер можна было падумаць і пра карову. Бульба выратавана, гэта было галоўным, у гэта яна непарушна і свята верыла: ёсць кардопля — жывы будзем, не прападзём. Зараз жа да гэтай кардоплі трэба было і карэчак малака. Карова Ненене хадзіла і рыкала каля могілак, нібыта спрабавала разглядзець, дзе там згубілася сярод крыжоў яе гаспадыня. I Ненене стала крыху лягчэй на душы: не-не-не, яна не пакіне сваю Мілку адну, не пакіне і ў бядзе. Радасная, бегла яна да сваёй Мілкі, вяла яе за сабой, прытыкала да плота каля могілак. Прыткнула і замерла амаль што ў роспачы: што ж далей? Мілка прывыкла да цяпла, холадна ёй, дрыжыць уся, бакі ходырам ходзяць. I Ненене жаночай сваёй істотай, ужо, здавалася, адмерлым, забітым жыццём і гадамі адчула, зразумела: вось яно, надыходзіць. I тут няхай свет перавернецца, хоць прыйдзе канец свету, а працу гэтую рабіць жывому трэба, не, не было і не будзе нікога на свеце, хто мог бы адкласці, спыніць яе ці перанесці на потым. Але ж як гэта ўсё на вачах, на людзях. Ды ты ж сама на вачах, на людзях, папікнула яна сябе за тое, даўняе, паглядзела ў стомленыя і рахманыя вочы каровы і адчула, што несправядлівая да сваёй Мілкі. Ёй, Ненене, што, яна баба, а бабы — яны трывалыя, ды тады сярод жыцця ўсё было, сярод жыта, у разоры, у разоры сярод жыта вясковыя бабы звычныя раджаць. А тут жа няхораша атрымоўваецца, нядобра, непрыстойна жывёле апраставацца сярод пагоста, дзе людзі адпачываюць, разумець жа трэба. Шывы асудзіць, абгаворыць і забудзе, даруе, а нябожчыкі не даруюць. У людзей вока нядобрае бывае, сурочыць могуць людзі, а хто ж гэта ведае, якое вока ў нябожчыка.
I стаяла яна перад могілкамі на вачах жывых і мёртвых са сваёй каровай Мілкай, чортавай Рабой, усёю жаночай сваёй істотай адчувала, што ўжо час, падпірае ўжо Мілцы, і не ведала, куды кінуцца з гэтай сваёй бядой, як схаваць яе. I ў тую толькі хвіліну яна нарэшце зразумела сваю дачку — і даравала ёй, даравала нават тое, што яна сама загубіла сябе. Вось так яна бедавала і яна, адна як вока ў вялікім і чужым горадзе, і не наважылася нікому даверыцца, нікому, акрамя маці, гора не нарабіла.
— Жывёле страха трэба...— Ненене і не прыкмеціла, як падышоў Махахей.— Далікатная яна ў цябе, да цяпла, да печы прывыкла.
— Не-не-не, яна трывушчая,— Ненене спалохалася, што Махахей здагадаецца аб усім. I прагоніць яе разам з Мілкай з могілак. I, нібы спрабуючы ўтаіць, прыкрыць гэты міжвольны грэх сваёй Мілкі, стала каля распёртага бока каровы, крыжам раскінула рукі.
— Што хаваеш? — усміхнуўся Махахей.— Жыццё. Не ў прыполе яе прынесла.— Сказаў гэта і, нібыта згадаўшы штосьці, збянтэжыўся, загаварыў груба: — Жывёла ўсё вытрывае, ды нечага ей глядзець, як людзі на могілках перабіваюцца. Нечага і ім,— паказаў на крыжы,— як жывое на свет з'яўляецца, бянтэжыць іх.
Ненене яшчэ нічога не цяміла, а Махахей, добрая душа, некуды знік і тут жа з'явіўся зноў з коллем над пахай і рулонам рубсройду па плячы. Пачаў забіваць колле ў зямлю, выгароджваць каля могілак месца жывёле. Ненене даверылася Махахею, даручыла яму сваю Мілку і пачала азірацца, каму б гэта дапамагчы і ёй. Старая Махахеіха ўскараскалася на табурэт і з вышываным ручніком у руках цягнулася да крыжа, што быў на ўваходзе па могілкі.
— Баба Хвядора, ці да ручнікоў зараз, не свята ж, не радуніца.
— Ой, доньку, яны нас прымаюць, мы да іх прыйшлі, а ты ім ручніка пашкадавала. Грэх... Тут у вайну немцы ішлі, дык адзін ручнік з крыжа ўхапіў — ногі памуляў, здарожыўся. Пераабуцца не паспеў — знайшла куля. Паважаць мёртвых заўсёды трэба, жывыя дабрэйшымі будуць.