Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » За кiпучай чэкiсцкай работай
За кiпучай чэкiсцкай работай - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

За кiпучай чэкiсцкай работай

Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi.
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 39
Перейти на страницу:

— Вось і ўсё, больш нічым ня можам дапамагчы, — паведамілі мне. Мае спробы нешта запярэчыць былі сустрэтыя спакойна і ня выклікалі ніякай рэакцыі. Суразмоўцы самі пачалі задаваць пытаньні: як у рэдакцыі ставяцца да Уладзіміра Бегуна, вядомага барацьбіта зь сіянізмам, усё ж ці ня мае ён рацыі… Я выйшаў на вуліцу як абпляваны, клянучы сябе за наіўнасьць. (Праз пару гадоў, ужо ў якасьці члена парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, мне ўдалося атрымаць доступ да архіву КГБ, дзе хаваецца боль і кроў айчыннай гісторыі. З санкцыі новага кіраўніцтва КГБ супрацоўнікі прыносілі для азнаямленьня асобныя справы ахвяраў, але ніколі не паказвалі каталёгаў ці нейкага апісаньня сховішча. Дагэтуль невядома, колькі справаў, на каго, у якім стане захоўваюцца ў сутарэннях будынка, пабудаванага Цанавам. Зрэшты, як толькі пачаў праходзіць шок ад правалу жнівеньскага путчу, было заяўлена, што КГБ ня хата-чытальня, і архівы зноў сталіся недаступнымі.)

Аднак існавалі іншыя архівы, дзе захоўваліся некаторыя матэрыялы пра сьмерць Мікалая Галадзеда. У 1955 годзе, пад час хрушчоўскай адлігі, справу Галадзеда пераглядалі. У лістападзе 1955 году галоўная ваенная пракуратура на падставе той самай тонкай кардоннай папкі, якую КГБ не хацеў выпускаць з рук, зрабіла даведку, дзе гаварылася:

«У кантрольна-нагляднай справе на Галадзеда ёсьць адносіна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разьбіўся, ня даўшы ніякіх паказанняў».

У 60-я гады гісторык Уладзімір Якутаў пачаў зьбіраць матэрыял для кнігі пра Галадзеда. Ён знайшоў і папрасіў напісаць успаміны былога кансультанта паліклінікі МУС прафэсара М. Шапіру. Прафэсар пісаў:

«Мне вельмі цяжка ўспамінаць аб усіх дэталях майго знаходжання летам 1937 году ў будынку МУС, куды я быў пакліканы на кансультацыю да таварыша Галадзеда. Унізе сказалі, што трэба падняцца на другі паверх, у кабінэт да аднаго з супрацоўнікаў. У кабінэце на кушэтцы ляжаў таварыш Галадзед у надзвычай цяжкім перадсьмяротным стане. Ён толькі слаба дыхаў, ні на што не рэагаваў і нічога не казаў.

Мой агляд даў наступнае: ніякіх сьлядоў вонкавых пашкоджанняў я не знайшоў — ні пераломаў канечнасьцяў, пазваночніка альбо чэрапу. Стан хворага сьведчыў альбо аб інфаркце, інсульце, альбо ўнутрычарапным кровазьліцьці, якія вядуць да хуткай сьмерці.

Намі была зробленая спроба штучным дыханнем вярнуць  т. Галадзеду хоць бы часова сьвядомасьць, але яна нічога ня дала. Праз кароткі час наступіла сьмерць.

Ніякага запісу ніхто ня вёў, але ўзялі слова, што, калі каму-небудзь скажам аб гэтым, не паздаровіцца. Але калі назаўтра па горадзе пайшлі чуткі, што Галадзед выкінуўся з вакна, я ня мог з гэтым пагадзіцца. Бо мною не было вызначана ў яго ніякага пашкоджання, што абсалютна ня ўвязвалася з расказамі аб падзенні».

Так скончыў свае ўспаміны прафэсар Шапіра. Гісторык Якутаў у 60-я гады ў сваёй кнізе пра Галадзеда нічога гэтага апублікаваць ня змог — з тае самае прычыны, зь якой КГБ хавала архіўную справу і праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці арыштаванага. Сумневы ў самазабойстве ўскосна ўмацоўвала дачка Галадзеда Валянціна. Пад час сустрэчы яна ўспамінала:

«Што бацька пакончыў з сабой — ні я, ні маці ніколі ня верылі. Ён быў чалавекам надзвычайнай асабістай храбрасьці. Адзін мог пайсьці на перамовы з цэлай бандай, не пабаяўся выступіць супраць Малянкова, калі той граміў беларускую партарганізацыю. Ён бы ніколі нічога супраць сваёй волі не падпісаў. Таму і забілі…»

Аднак такі вывад пакідаў без адказу пытаньне: чаму? Дачка і жонка выказвалі асабістыя меркаваньні — погляд на самагубства выключна як на слабасць, недастойную сапраўднага чалавека і камуніста, быў даволі распаўсюджаны. Прафэсар Шапіра пісаў свае ўспаміны праз чвэрць стагодзьдзя (у якія ўмясьцілася вайна, барацьба з касмапалітамі і лекарамі-забойцамі). Так, Шапіра не заўважыў ніякіх сьлядоў падзеньня, але ж, як ён сам адзначае, агляд рабіўся ў кабінэце на другім паверсе — значыць, спачатку цела перанесьлі туды, і зьнешнія заўважныя сьляды маглі папросту прыбраць, паправіць. Апроч таго, сымптомы, якія прыводзіць прафэсар, паводле ацэнак спэцыялістаў, цалкам маглі быць вынікам падзеньня.

А галоўнае — каму была выгадная імгненная сьмерць Галадзеда? НКВД, які на загад Сталіна рыхтаваў чарговы адкрыты працэс, быў менш за ўсё зацікаўлены ў страце такога важкага «злачынцы», як былы старшыня СНК. «Кіраўнік антысавецкага падпольля ў Беларусі» — а менавіта такая роля адводзілася Галадзеду ў ордэры, падданым Яжовым — мог даць шмат карысных паказанняў, значна павялічыць маштабы арыштаў, а значыць — ордэнаў і шпалаў энкавэдыстам. Наўрад ці Бермана клапаціла незгаворлівасьць Галадзеда — у НКВД умелі дабівацца згоды ад самых упартых арыштаваных. Такім чынам, і Сталіну, і НКВД было выгадна вывесьці Галадзеда на адкрыты працэс.

(У выніку сьмерці Чарвякова і Галадзеда на адкрыты працэс у лютым-сакавіку 1938-га давялося выводзіць Шаранговіча, які толькі тры месяцы папрацаваў 1-м сакратаром ЦК і, ясна, ня змог пацягнуць за сабой значную сетку змоўнікаў. На працэсе роля Шаранговіча зьвялася да падтрымкі абвінавачання супраць Бухарына, які ніколі зь ім не сустракаўся і грэбліва адмовіўся ад знаёмства. У Беларусі расстрэл Шаранговіча ня выклікаў непасрэдных наступстваў, зьвязаных зь ягоным асабістым атачэньнем, ранейшымі саслужыўцамі і да т. п. Можна меркаваць, што калі б на ягоным месцы былі Чарвякоў і Галадзед, крывавае рэха іх «паказаньняў» было б большае. Хоць куды ўжо болей…)

Тым ня менш, канчатковую яснасьць маглі даць толькі дакумэнтальныя зьвесткі пра канкрэтныя абставіны сьмерці Галадзеда. Прычым зьвесткі не прамыя, якія лёгка сфальсыфікаваць, а ўскосныя — што-небудзь гаспадарчае, зьвязанае з унутранай кухняй органаў. Чаканы дакумэнт сустрэўся ў архіўных завалах недзе празь пяць гадоў пасьля першага знаёмства са справай Галадзеда.

…У 1939 годзе, праз два гады пасьля сьмерці Галадзеда, да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі зьвярнуўся былы член партыі, былы опэрупаўнаважаны НКВД БССР Аляксей Рулёў з просьбай аб рэабілітацыі і матэрыяльнай дапамозе. Ягоны ліст пераслалі новаму наркаму Цанаву, які падрыхтаваў даведку для ЦК. У ёй паведамлялася, што загадам НКВД ад 21 жніўня 1937 году Рулёў быў звольнены са службы як асоба, якая знаходзіцца пад сьледзтвам больш за два месяцы. Але ж Галадзед загінуў якраз два месяцы перад гэтай датай, значыць Рулёў быў заключаны пад варту ў дзень ягонае сьмерці.

Дакумэнт сьведчыў: «21 чэрвеня 1937 году яму (Рулёву) было даручана ахоўваць у ягоным кабінэце кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі — Галадзеда. Рулёў пакінуў пост, самавольна пайшоў, перадаверыўшы ахову маладому нявопытнаму работніку Турбіну, у выніку чаго Галадзед выкінуўся з вакна і разьбіўся насьмерць, ня даўшы паказаньняў аб сваёй контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Рулёў быў арыштаваны. У працэсе сьледзтва абвінавачаны Рулёў прызнаў, што ён, напэўна ведаючы, што яму была даручана ахова сур'ёзнага злачынцы — кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі, самавольна пайшоў з кабінэту, чым даў магчымасць злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам».

Пэўныя дэталі пераконваюць у сапраўднасьці гэтай гісторыі. Рулёва афіцыйна звольнілі з органаў дакладна ў адпаведнасьці са службовай інструкцыяй, якая дазваляла лічыць арыштаванага, але не асуджанага супрацоўніка ў штаце арганізацыі на працягу роўна двух месяцаў. Рулёў быў асуджаны і правёў у зьняволеньні паўтара гады. Калі ён выйшаў, у НКВД да яго паставіліся досыць прыязна. Бухгальтарскія дакумэнты сьведчаць, што опэрупаўнаважанаму выплацілі зарплату за ліпень-жнівень 1937-га, кампэнсацыю за нявыкарыстаны адпачынак і нават выхадную дапамогу, усяго 1999 рублёў 72 капейкі. Аднак як звольненаму з органаў у сувязі з судовай справай, яму адмовілі ў праве на пэнсію за выслугу гадоў.

У адказе Панамарэнку Цанава пісаў, што паводле інструкцыі нельга аднавіць Рулёва на працы ў НКВД і аказаць матэрыяльную дапамогу. І сапраўды, якая яшчэ дапамога, калі опэрупаўнаважаны даў магчымасць сур'ёзнаму злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам і ўнікнуць паказанняў…

Такая вось гісторыя пра былога старшыню ўраду Беларусі і час, калі шчаслівы быў той, хто перад адказам на пытанні таварышаў па партыі паспяваў пусціць кулю ў сэрца альбо выкінуцца з вакна пятага паверху.

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 39
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)